Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Рамана Сушчанкі: новы вязень сумленьня ці супрацоўнік спэцслужбаў


Раман Сушчанка (у цэнтры) затрыманы ФСБ, 3.10.2016

Раман Сушчанка (у цэнтры) затрыманы ФСБ, 3.10.2016

Расейскі суд на 2 месяцы арыштаваў журналіста ўкраінскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Укрінфарм» Рамана Сушчанку, які прыехаў у Маскву з Парыжу 30 верасьня, каб наведаць сваякоў.

Затрымалі яго на вуліцы паводле падазрэньня ў шпіянажы, але пра гэта стала вядома выпадкова, калі расейскія праваабаронцы наведвалі карантынную зону ў сьледчым ізалятары «Лефортава». Як высьветлілася, пры затрыманьні яму не дазволілі затэлефанаваць ні ва ўкраінскую амбасаду, ні родным.

Што адбылося і які інтарэс можа ўяўляць украінскі журналіст для Расеі — пра гэта Радыё Свабода паразмаўляла з калегамі Рамана Сушчанкі, з палітычнымі экспэртамі і вайсковымі.

Ці сапраўдны палкоўнік

Кіраўнік прэсавай службы Цэнтральнай выбарчай камісіі Канстанцін Хіўрэнка доўгі час працаваў у прэсавай службе Міністэрства абароны Ўкраіны і добра ведаў Рамана Сушчанку як журналіста.

«Да сваёй камандзіроўкі ў Францыю ў якасьці ўласнага карэспандэнта „Укрінфарму“ Раман працаваў у гэтым самым агенцтве журналістам, часта пісаў на вайсковую тэматыку, але ніколі не працаваў у складзе Міністэрства абароны ці іншых арганізацыяў, што належаць вайсковым структурам. Не працаваў ён і ў прэсавай службе Мінабароны. Я кажу гэта адказна, бо працаваў у гэтай структуры практычна ад яе стварэньня ў 1993 годзе да 2006 году і ведаю ўсіх, хто калісь там працаваў », — кажа Канстанцін.

Паводле яго, як звычайны журналіст, які меў акрэдытацыю Міністэрства абароны, Раман Сушчанка мог браць удзел у асьвятленьні дзейнасьці ўкраінскіх міратворчых місій за мяжою. «Але ён ніколі не служыў у іх складзе. Шмат украінскіх журналістаў мелі такую магчымасьць, на працягу некалькі дзён паназіраць, як працуюць украінскія жаўнеры ў складзе міратворчых місіяў, але ня больш за гэта. Ня ведаю, навошта разганяць такую інфармацыю, бо яна можа толькі ўскладніць ягонае становішча ў Расеі», — пераконвае Канстанцін Хіўрэнка.

На пытаньне, які інтарэс можа ўяўляць Раман для Расеі, былы супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства абароны адказвае рытарычна: «Ну а які інтарэс Расеі ў тым, каб трымаць на сваёй тэрыторыі больш за сотню ўкраінскіх закладнікаў або пазбаўляць волі сямідзесяцігадовага дзядулю Салашэнку?» (Юры Салашэнка быў арыштаваны ў Расеі ў 2014 годзе паводле падазрэньня ў шпіянажы, а ў 2016 годзе вызвалены ў абмен на двух расейцаў, якія змагаліся за «русский мир» у Адэсе — РС.)

Навошта Расеі ўкраінскі журналіст

Палітычны экспэрт Арцём Стэльмашоў не выключае, што расейцы рыхтавалі нейкі іншы сцэнар адносна Рамана Сушчанкі.

«Магчыма, калі б расейскія праваабаронцы выпадкова не сустрэлі Рамана ў Лефортаве, то быў бы іншы плян, як, напрыклад, са справаю «крымскіх тэрарыстаў». Але пасьля таго, як праваабаронцы зрабілі гэтую інфармацыю публічнаю, яны вымушаны хутка яго мяняць. Цалкам магчыма, што Рамана паспрабуюць абмяняць на некага «свайго», з аднаго боку, а зь іншага — будуць намагацца прымусіць яго падпісаць як мага больш прызнаньняў і зрабіць яго носьбітам сваёй інфармацыі, як гэта зрабілі ў справе з «крымскімі дывэрсантамі», — мяркуе Арцём Стэльмашоў.

Паводле экспэрта, які таксама добра ведае журналіста і ягоную сям’ю, Раман Сушчанка — журналіст зь вялікім досьведам, і наўрад ці расейскім спэцслужбам удасца яго зламаць.

Раман Сушчанка працуе ва «Ўкрінфарме» з 2002 году, а ўласным карэспандэнтам агенцтва ў Францыі — з 2010 году. У яго двое дзяцей. Старэйшая дачка працуе перакладчыцай у гэтым самым агенцтве, малодшы сын знаходзіцца з жонкай у Парыжы.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі Вікторыя Сюмар перакананая, што Расея сьвядома ўзяла журналіста ў закладнікі, каб арганізаваць цынічны гандаль, прадметам якога могуць стаць як затрыманыя ва Ўкраіне расейскія вайскоўцы, гэтак і пытаньні санкцый.

«Масква добра ведае, колькі шуму наробіць затрыманьне журналіста. Гэта значыць, што Рамана Сушчанку кідалі ў „Лефортава“ сьвядома. Крэмль бярэ закладнікаў. Нахабна і цынічна. Каб потым абменьваць і шантажаваць, таму што добра ведае, што Ўкраіна сваіх не здае», — перакананая Вікторыя Сюмар.

#FreeSuchshenko

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Укрінфарм» ужо ўначы пасьля атрыманьня інфармацыі пра затрыманьне свайго журналіста выступіла з заяваю і актывізавала юрыдычную дзейнасьць па яго вызваленьні. Уначы на 3 кастрычніка была падпісаная дамова пра абарону інтарэсаў журналіста вядомым расейскім адвакатам Маркам Фэйгіным, які ў свой час абараняў іншую ўкраінскую закладніцу — народнага дэпутата і Героя Ўкраіны Надзею Саўчанку. Ад сёньняшняга дня галоўная навіна агенцтва #FreeSuchshenko.

«Сытуацыя з Раманам Сушчанкам паводле вэрсіі ФСБ выглядае так: палкоўнік украінскай выведкі працуе пад прыкрыцьцём карэспандэнта „Укрінфарм“ у Парыжы. Але на выходныя, відавочна, трохі падзарабляе, бярэ дадатковую працу — сабраць трохі шпіёнскіх дадзеных „пра дзейнасьць Узброеных сіл і Нацыянальнай гвардыі Расеі“. Для гэтага выяжджае ў Маскву, дзе і пачынае „мэтанакіравана зьбіраць зьвесткі, якія складаюць дзяржаўную таямніцу“. І тут ФСБ бярэ яго „на гарачым“. Як гэта магло выглядаць? Калі Сушчанка закладваў запіску з колькасьцю нацгвардзейцаў на нейкім звышважным абʼекце ў дупле ў некім парку? Вельмі груба, як кажуць нашы маскоўскія „сябры“ — „тапорна“. Але да чаго далей вядуць спэцапэрацыю ў Крамлі — не зусім зразумела. Працуем — адвакат Фэйгін, дыпляматы, калегі-журналісты. На жаль, як і прадказваў Фэйгін, зь якім мы ўначы тэрмінова заключалі пагадненьне і спрабавалі прадухіліць далейшае знаходжаньне Рамана ў СІЗА, раніцай яны хутка „скляпалі“ рашэньне суду пра арышт на два месяцы. З Раманам нам пакуль пагутарыць не атрымалася», — кажа генэральны дырэктар агенцтва «Укрінфарм» Аляксандр Харчанка.

Крок да візавага рэжыму між Украінаю і Расеяю

Украінскія мэдыйныя арганізацыі зьвярнуліся да свайго ўраду і міжнароднай грамадзкасьці з просьбай выказаць свой пратэст супраць арышту ў Маскве Рамана Сушчанкі. А палітыкі зноў загаварылі пра магчымае ўвядзеньне Ўкраінаю візавага рэжыму з Расеяю.

Кіраўнік парлямэнту Андрэй Парубій нагадаў, што яшчэ на пачатку 2016 году прапанаваў Вярхоўнай радзе зьвярнуцца да Кабінэту Міністраў з ініцыятываю спыніць дзеяньне пагадненьня паміж Украінаю і Расеяю пра бязьвізавыя паездкі грамадзян. «Магчыма, ёсьць сэнс сёньня нам падняць пытаньне і вярнуцца да ўвядзеньня візавага рэжыму з Расейскай Фэдэрацыяй. У пятніцу ў Расеі затрыманы ўкраінскі журналіст Раман Сушчанка. Расейскія імпэрыялісты спрабуюць абвінаваціць яго ў шпіянажы. Калі раней у Расеі пуцінскі рэжым зьнішчаў свабоду слова і перасьледаваў уласных журналістаў, то цяпер там небясьпечна працаваць і замежным журналістам», — сказаў Андрэй Парубій сёньня ў парлямэнце.

Заўтра Вярхоўная Рада плянуе ўхваліць адпаведныя звароты да міжнароднай супольнасьці з патрабаваньнем ціснуць на Расею, каб вызваліць ня толькі Рамана Сушчанку, але й Міколу Сэмэна, супраць якога ў Крыме адкрытая крымінальная справа паводле публічных заклікаў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці Расеі. «Іх схапілі і шыюць справу паводле надуманых абвінавачаньняў. Патрэбна рэакцыя Вярхоўнай Рады, апэляцыя да нашых міжнародных партнэраў, у тым ліку па нармандзкім фармаце», — заявіла віцэ-сьпікер парлямэнту Ірына Герашчанка.

Тым часам у Маскве

Цяпер у Расеі працуе няшмат украінскіх журналістаў. Тэлеканалы «Украіна» і «Інтэр» накіроўваюць сваіх карэспандэнтаў паводле часовай акрэдытацыі. Стала працуе, па сутнасьці, толькі адзін журналіст — Раман Цымбалюк, карэспандэнт агенцтва «УНІАН».

«Канешне, калі адбываюцца такія выпадкі, то натуральна, ты іх экстрапалюеш на сябе і думаеш, а ці ня можа з табою такога здарыцца? Аптымізму для далейшай працы гэта не дадае. Разам з кіраўніцтвам агенцтва мы вырашылі, што пакуль тут застаёмся і працягваем працаваць. Нельга ж усё кідаць і ўцякаць пры першай жа небясьпецы», — кажа Раман.

Карэспандэнт агенцтва «УНІАН» мяркуе, што затрыманьне і арышт украінскага журналіста сьведчаць пра наўмыснае абвастрэньне Расеяю сытуацыі з Захадам і Ўкраінаю адначасова. «Я магу таксама пагадзіцца з вэрсіяю адваката Фэйгіна, які кажа, што Расея такім чынам павялічвае гэтак званы „абменны матэрыял“. Бо з Сушчанкам дагэтуль ніхто ня змог сустрэцца. Да яго не пусьцілі ні консула, ні адваката. Верагодней за ўсё, яго апрацоўваюць і патрабуюць прызнаньня, а ў якім фізычным і эмацыйным становішчы наш журналіст знаходзіцца — ніхто ня ведае», — распавёў Раман Цымбалюк.

Пакуль усе чакаюць хаця б якой інфармацыі непасрэдна ад Рамана Сушчанкі, а на бытавым узроўні заклікаюць адзін аднаго адмовіцца ад паездак у Расею як у краіну з патэнцыйнай небясьпекай для любога чалавека з украінскім пашпартам.

XS
SM
MD
LG