Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэформы зрабілі, людзей звальняюць, міліцыю забясьпечваюць


Добры вечар! Пачаўся Нобэлеўскі тыдзень. Сёньня агучылі імя ляўрэата ў галіне мэдыцыны. Заўтра і пасьлязаўтра – агучаць па фізыцы і хіміі. За што даюць прэміі ў гэтых сфэрах – звычайнаму фэйсбучніку не разабраць. А вось у літаратуры – усе докі. Але пакуль яшчэ не назначылі даты агалошаньня літаратурнага ляўрэата. Сёлета не дадуць? Такое здаралася сем разоў: у 1914, 1918, 1935, 1940, 1941, 1942 і 1943 гг.

МВФ НАС НЕ ЗАДУШЫЦЬ. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што выкананьне патрабаваньняў МВФ перакрэсьліла б тое, што Беларусь зрабіла пад ягоным кіраўніцтвам за апошнія 20 гадоў. А што зрабіла? Аказваецца, усе рэформы, якія былі ёй патрэбныя.

ЗВАЛЬНЯЮЦЬ. Практычна ўсе найбуйнейшыя адкрытыя акцыянэрныя кампаніі ў Беларусі за апошні год звальнялі працаўнікоў. Паўзучая лібэралізацыя, усё ж?

ПЕРШЫ РАЗ ПА-РАСЕЙСКУ. У Магілёве ўпершыню адбылася каталіцкая імша на расейскай мове. Гэта, безумоўна, удар па тых, хто яшчэ спадзяецца на дапамогу ў беларусізацыі публічнага жыцьця ў Беларусі з боку рэлігійных структураў. Але заадно – яшчэ адно вяртаньне ў рэальнасьць. А рэальнасьць рэлігійнага жыцьця нашаму карэспандэнту растлумачыў мясцовы магілёўскі ксёндз: «Прыйшлі да біскупа расейскамоўныя вернікі, каб была імша на іхняй мове. Калі б да яго прыйшлі нямецкамоўныя, то біскуп меўся б зрабіць імшу па-нямецку. Трэба быць адкрытым для людзей, каб яны сустрэлі Хрыста». Амінь.

БУДУЦЬ БІЦЬ І ЗДЫМАЦЬ? Менскім міліцыянтам выдаюць відэарэгістратары. «Працэс здымкі сам па сабе працьверажае празь меру разгарачаных правапарушальнікаў. А відэазапіс дазваляе зрабіць адназначную выснову ня толькі пра паводзіны апанэнта, але і аб правамернасьці ўжываньня да яго фізычнай сілы або спэцсродкаў» – тлумачыць выдачу іхны начальнік Аляксандар Барсукоў.

МАЁ ЦЕЛА – МАЁ ПРАВА? Юры Дракахруст у «Праскім акцэнце» высьвятляе, ці ў Беларусі магчыма было б забараніць аборты. Ягонымі суразмоўцамі – Алена Германовіч і Вольга Карач. Моцная бойка на словы.

Падпісацца праз электронную пошту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG