Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прычына самагубства рабочага — ня толькі разьліковы лісток, перакананыя на бабруйскім заводзе


Рэпартаж з заводу ў Бабруйску, на якім з прычыны нізкіх заробкаў рабочы ўчыніў суіцыд.

38-гадовы сьлесар Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Дзьмітры скончыў жыцьцё самагубствам, атрымаўшы разьліковы лісток, зь якога вынікала што замест заробку працаўнік яшчэ застаўся вінен.

Адміністрацыя заводу кажа што такая сытуацыя зь мінусам у разьліковым лістку склалася таму, што больш за палову заробку (300 рублёў з 500) пайшлі на алімэнты дзецям ад першага шлюбу, а астатнія грошы працаўнік патраціў у заводзкіх харчовай краме і сталоўцы. Рабочыя могуць закупляць там тавары ў лік будучага заробку. А перад тым Дзьмітрый вярнуўся з адпачынку, і таму меў у месяцы менш працоўных зьмен.

Сыстэма закупаў у крэдыт, як кажуць супрацоўніцы заводзкай крамы, працуе ўжо 15 год. У кожнага на заводзе ёсьць крэдытная картка, якой можна разьлічвацца ў краме ці сталоўцы. Патрачаная сума потым сьпісваецца з заробку за месяц. І кожнаму, зыходзячы зь ягонага плянаванага заробку, вызначаецца пэўны ліміт, які можна ўзяць у крэдыт. Таму выйсьці ў мінус амаль немагчыма.

«Вядома ж, у пэўных выпадках мы ідзем насустрач і можам дазволіць крыху перавысіць ліміт», — кажуць у краме. — Калі не хапае 3–5 рублёў, ня будзем ужо рэзаць дакладны кавалачак каўбасы, аддадзім цэлую«.

А калі чалавек ужо перавысіў ліміт, нічога яму не прададуць, пакуль не пагасіць завінавачанасьць. Таму Дзьмітры ў верасьні ўжо нічога ў краме не купляў.

Кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага аддзелу БЗТДіА Аляксандар Шункевіч патлумачыў, як здарылася, што заробак працаўніка выйшаў у мінус:

— Крэдытны ліміт вызначалі, зыходзячы з сумы алімэнтаў, якія ён мусіў выплачваць штомесяц аддзелу адукацыі — гэта быў 1 мільён на старыя грошы. А ўжо пасьля гэтага ягоная родная дачка паступіла ў коледж — і прыйшла папера на завод ужо з каледжу, што на ейнае ўтрыманьне й навучаньне трэба вылічваць 3 мільёны. А ён ужо патраціў крэдыт з разьліку выплаты аднаго мільёна — так і выйшаў у мінус 69 рублёў новымі.

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў ня першы раз у скандальных навінах. Некалькі год тут ішла вайна адміністрацыі з суполкай Свабоднага прафсаюзу, былі і звальненьні, і нават прайграныя адміністрацыяй суды.

Старшыня заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў не вінаваціць кіраўніцтва заводу. Асноўнай прычынай самагубства ён называе фінансава-бытавыя праблемы ў сям’і нябожчыка. А ў стварэньні падставаў для фінансавых праблем «вінаватае найвышэйшае кіраўніцтва, якое паступова развальвае эканоміку», кажа спадар Кавалькоў:

— Заробкі падаюць. З выгляду яны быццам застаюцца на месцы — як быў 5 год таму на заводзе звычайны заробак 5 мільёнаў 800 тысяч, так і цяпер тыя ж пяць васямсот. Але ж зразумела, наколькі гэта розныя грошы. А ў многіх падаюць і ў прамым вылічэньні, бо яны працуюць зьдзельна, зарабляюць ад аб’ёму вырабленага — а замовы зьмяншаюцца, зьмяншаюцца аб’ёмы вытворчасьці — адпаведна, працоўныя вымушаныя вырабляць менш, таму й менш зарабляюць.

Але 5 мільёнаў старымі, якія зарабляў Дзьмітры, у Бабруйску лічацца яшчэ неблагім заробкам.

Асноўная прычына фатальнага рашэньня рабочага ляжыць, хутчэй за ўсё, у асабістых праблемах, перакананыя на заводзе.

Дзьмітры быў разьведзены, меў дачку ад першага шлюбу. Тая жыла з маці за горадам, потым яе часова забралі ў прытулак, а ў верасьні яна атрымала інтэрнат ад каледжу.

Як патлумачылі ў камісіі па справах непаўналетніх Бабруйскага райвыканкаму, у іх прэтэнзіі што да якасьці жыцьця дзіця былі найперш да першай жонкі. Дзьмітрыю проста прапаноўвалі забраць дачку ў новую сям’ю, але ён адмовіўся, бо там і так дзяцей шмат.

У ягонай другой жонкі чацьвёра дзяцей, і яна пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

— Пры фінансавых праблемах можна ж папрасіць на заводзе дапамогу, — кажа спадар Шункевіч. — І выдадуць, у лік будучых заробкаў. Таму самаму Дзьмітрыю зьбіралі брыгадай дапамогу на мэблю, каб выканаць прадпісаньні і вярнуць дачку з інтэрнату. Так што прычыны трэба шукаць у сям’і. Зрэшты, я сам пасьля адпачынку атрымаў разьлік 6 рублёў — дык што мне, вешацца?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG