Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелымі ад гвалтаўніка з Расеі прызнаныя 35 беларусак


Сьледчы камітэт паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня адносна грамадзяніна Расеі 1971 году нараджэньня, які за 20 год, з 1994 па 2014, учыніў сэрыю згвалтаваньняў, ахвярамі якіх прызнаныя 35 чалавек.

Часьцей за ўсё злачынствы чыніліся каля чыгункі ці аўтамабільных дарог. Часам злачынца пагражаў ахвярам нажом. Пасьля згвалтаваньняў у шэрагу выпадкаў ён забіраў у ахвяраў грошы і залатыя вырабы.

У часе расьсьледаваньня шматлікія ахвяры спачатку не хацелі размаўляць пра здарэньні, некаторыя нават спачатку адмаўлялі сам факт згвалтаваньня. 11 з 35 ахвяраў да расьсьледаваньня ніколі не заяўлялі, што зь імі адбылося нешта супрацьзаконнае.

Бальшыня эпізодаў тычыцца падзеяў 1995, 1999, 2000 і 2003 гадоў у Менскім, Дзяржынскім і Стаўпецкім раёнах Менскай вобласьці, Бярозаўскім, Драгічынскім і Івацэвіцкім раёнах Берасьцейскай вобласьці.

Злачынствы ў Беларусі зьдзяйсьняліся зь перапынкамі. У 1997–98 гадах злачынца жыў у Маскве. У 2000 годзе зьехаў у Польшчу, дзе за згвалтаваньні і крадзеж транспартнага сродку быў асуджаны, выйшаў на волю ў 2003 годзе. Вярнуўся ў Беларусь, але хутка зьехаў у Расею, дзе ў 2007 годзе быў затрыманы за сэрыю згвалтаваньняў, у 2008–2011 гадах праходзіў прымусовае лекаваньне ў закрытым псыхіятрычным стацыянары. Затым жыў у Санкт-Пецярбургу, працаваў кіроўцам, прыяжджаў у Беларусь адзін-два разы на год. Пасьля зьдзяйсьненьня злачынстваў у Беларусі хутка зьяжджаў у Расею, таму шукаць яго было нялёгка.

Крымінальную справу супраць гвалтаўніка перадалі пракурору для накіраваньня ў суд. Прад’яўленыя абвінавачаньні ў згвалтаваньні і замаху на згвалтаваньне, гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару, разбоі і рабунку. Экспэртыза прызнала, што абвінавачаны быў у сьвядомасьці. Яму можа пагражаць да 15 год пазбаўленьня волі.

Паралельна зь Беларусьсю дзеяньні той жа асобы расьсьледуюцца ў Расеі — упраўленьнем сьледчага камітэту ў Санкт-Пецярбургу.

Тых, хто мае інфармацыю пра дзеяньні чалавека з фота вышэй, просяць зьвяртацца па нумарах +375173895002 і +375173895294.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG