Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрка чакае дапамогі ад дзяржавы, а ёй адказваюць: «Няма даведкі»


Сьцепаніда Бандарук

Сьцепаніда Бандарук

Пажылая жыхарка Горадні зьвярнулася да карэспандэнта Свабоды з просьбай дапамагчы ў афармленьні догляду, бо чыноўнікі, як яна кажа, незаслужана ёй у гэтым адмаўляюць.

Адзінокая 82-гадовая гарадзенка Сьцепаніда Бандарук, якая адпрацавала амаль пяцьдзясят гадоў мэдыцынскай сястрой, дамагаецца, каб дзяржава надала ёй догляд — плаціла пэнсію чалавеку, які пагадзіўся ёй, ужо нямоглай, дапамагаць.

Сьцепаніда Бандарук жыве ў цэнтры горада, на вуліцы Мядовай, у старым даваенным доме. Яе пакойчык — 14 квадратных мэтраў, куханька зробленая ў былым суседзкім ванным пакоі, мэтар на паўтара, там толькі газавы балён і невялікая плітка.

Дом газіфікаваны, але да яе газ чамусьці не падведзены, батарэя ў пакоі ёсьць, але не працуе — даводзіцца паліць у печы. Іншыя выгоды на вуліцы.

— Мне 82 гады, сама я рабіць ужо нічога не магу, мне патрэбна дапамога. Я нават у краму ўжо сама не дайду. У мяне нікога няма з радні — усе паўміралі. Ёсьць, праўда, адзін, але вельмі далёкі, сваяк — мужчына 45 гадоў, ён мяне і даглядае: варыць есьці, ходзіць у краму, паліць у печы. Каб ня ён, то я наогул ня ведаю, што было б.

Кухня такая маленькая, што нават сфатаграфаваць нельга

Кухня такая маленькая, што нават сфатаграфаваць нельга

Спадарыня Сьцепаніда зь цяжкасьцю і павольна гаворыць. Яна зьвярталася ў сацыяльныя службы, каб аформілі гэтага сваяка даглядаць яе і каб ён мог атрымліваць хоць нейкі заробак; каб стаж ішоў, бо ён ужо колькі гадоў ня можа знайсьці працы, жыве з выпадковых заробкаў.

— То суседзям гароды ўскапае, то недзе са знаёмымі выяжджае за горад на будоўлю, альбо яшчэ нешта. А далёка ад мяне паехаць ня можа, бо я сама нічога ўжо ня дам рады зрабіць. А таму даводзіцца сваю пэнсію дзяліць на дваіх. Часам грошай нестае, то хаджу пазычаю. Каб яму хоць нешта плацілі, то, магчыма, і жылося б трохі лягчэй.

Спадарыня Сьцепаніда расказвае, што хадзіла на мэдыцынскую камісію па прызнаньні яе інвалідам, а ёй адказалі, што першай групы даць ня могуць, а догляд яе могуць аплаціць, паводле дзейнага заканадаўства, толькі пры ўмове, што яна інвалід першай групы.

— Добра, што хоць ён ня кідае мяне, неяк жывём удваіх. Вось і сёньня недзе пайшоў, каб падзарабіць. А каб яго не было, я нічога не магла б зрабіць. У мяне нават дроваў няма ў печцы прапаліць, а ён недзе пойдзе назьбірае — і ў хаце цяпло.

Цікаўлюся ў спадарыні Сьцепаніды, як яны жывуць ўдваіх у такім малым пакойчыку? А жанчына кажа, што ў гэтым пакойчыку пражыла большую частку жыцьця. Больш за сорак гадоў таму перасялілі сюды часова, і так і засталася. У 1990-я прапанавалі будаваць кватэру, але калі пабачыла, колькі гэта каштуе, то адмовілася, бо жыцьця не хапіла б, каб расплаціцца.

У нас належыць толькі рабіць, як конь, а калі ўжо нічога ня можаш, то табе і нічога не паложана... Нас ніхто ня памятае...

— Я адпрацавала каля 50 гадоў мэдыцынскай сястрой у дзіцячым шпіталі. І была не апошняй, мяне і ў іншыя шпіталі запрашалі. А цяпер вось, калі 80 гадоў споўнілася, то ніхто ня ўспомніў, нават паштоўкі віншавальнай не прыслалі. У нас належыць толькі рабіць, як конь, а калі ўжо нічога ня можаш, то табе і нічога не паложана... Нас ніхто ня памятае...

Ва ўпраўленьні сацыяльнай абароны насельніцтва Ленінскага раёну Горадні Сьцепаніду Бандарук ведаюць, і спэцыялістка ўпраўленьня Натальля Герасімава патлумачыла, што догляд за ёй не афармляюць, бо няма на гэта падставаў.

Паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1149 ад 06.09.2006 году, пэнсія па доглядзе афармляецца для інвалідаў першай групы або асоб, якія дасягнулі ўзросту 80 гадоў. Але дасягненьне сваяком 80-гадовага ўзросту не зьяўляецца аўтаматычна падставай для атрыманьня дапамогі. Дзяржаўным органам трэба даказаць, што стары чалавек мае патрэбу ў доглядзе, калі яму неабходная дапамога староньніх асоб, каб адзецца, паесьці, схадзіць у туалет, памыцца. Калі ж ён здольны гэта рабіць, то ў прызначэньні дапамогі адмаўляюць і замацоўваюць сацыяльнага работніка, які будзе дапамагаць вырашаць побытавыя пытаньні (схадзіць у краму, прыбраць у кватэры).

— Адзінае, магу ёй параіць зьвярнуцца па заключэньне да лекарскай камісіі. Калі такая даведка адтуль будзе, то ёй нават без інваліднасьці могуць часова прапанаваць догляд. Але для гэтага павінна быць адпаведная даведка, — заўважае Натальля Герасімава.

Кватэра спадарыні Сьцепаніды — 14 кв. м. Яна пражыла ў ёй больш за 40 гадоў

Кватэра спадарыні Сьцепаніды — 14 кв. м. Яна пражыла ў ёй больш за 40 гадоў

Спадарыня Сьцепаніда кажа, што на мінулым тыдні да яе прыходзіла чарговая камісія. Паводле яе, чалавек шэсьць, але ёй не патлумачылі, адкуль. Яна зноў зьвярнулася з просьбай, каб дапамаглі аформіць догляд. Прапанавалі толькі афармляць другую групу інваліднасьці.

— Сказалі, што дапамогі даць ніякай ня могуць, маўляў, у мяне высокая пэнсія — 360 рублёў. Я потым падумала, што, можа, і сапраўды высокая, бо суседзі на працы атрымліваюць па 250 рублёў, але на жыцьцё мне гэтых грошай усё роўна нестае.

Сусед спадарыні Сьцепаніды Раман, які ведае яе ня першы год, кажа, што чыноўнікі цытуюць закон, але гэты закон створаны так, што чалавек застаецца ўрэшце сам-насам са сваімі праблемамі.

Дзяржава штодня запэўнівае нас праз тэлевізар, што кожны чалавек дагледжаны і ні ў чым не абдзелены. А закон, атрымліваецца, ня можа ўлічыць кожны канкрэтны выпадак.

— І самае страшнае, калі гэта адбываецца ў такім веку з чалавекам. Спадарыня Сьцепаніда сама нічога ня можа зрабіць, а закон ніякім чынам гэтага ня ўлічвае, то як так можа быць? А дзяржава штодня запэўнівае нас праз тэлевізар, што кожны чалавек дагледжаны і ні ў чым не абдзелены. А закон, атрымліваецца, ня можа ўлічыць кожны канкрэтны выпадак. Закон, вядома, гэта добра, але як жыць чалавеку...

Куды-небудзь скардзіцца вышэй ці прасіць дапамогі пэнсіянэрка пакуль не спрабавала, не прывыкла гэтага рабіць.

— Ніхто ўжо нічым мне не дапаможа, так ужо ёсьць. Ды і куды мне ісьці, калі кажуць, што пэнсія вялікая? Пражыву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG