Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пачалося слуханьне справы аб забойстве Барыса Нямцова


У Маскоўскім акруговым вайсковым судзе сёньня пачаліся слуханьні па сутнасьці справы аб забойстве Барыса Нямцова. Абвінавачаныя ўжо дастаўленыя ў суд.

Падсудных пяцёра. Заур Дадаеў, браты Анзор і Шадзід Губашавы, Хамзат Бахаеў і Тэмірлан Эскерханаў абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні забойства па найму ў складзе арганізаванай групы і незаконным набыцьці, нашэньні, перавозцы і захоўваньні агнястрэльнай зброі. Усе яны заяўляюць аб сваёй недатычнасьці да забойства палітыка.

Пытаньне аб вінаватасьці падсудных разгледзяць прысяжныя. Гэтага дамагаліся падсудныя.

Непасрэдным забойцам Нямцова сьледзтва лічыць Заўра Дадаева. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, 27 лютага 2015 году ён разам з Бэсланам Шаванавым і Анзорам Губашавым сачыў за перамяшчэньнем Нямцова па Маскве. Каля 23:31 у гэты ж дзень Дадаеў на Вялікім Маскварэцкім мосьце зрабіў у палітыка ня менш за шэсьць стрэлаў, мяркуе сьледзтва.

Пасьля забойства Нямцова Дадаеў і яго саўдзельнікі схаваліся зь месца злачынства. На думку сьледзтва, астатнія абвінавачаныя на розных этапах дапамагалі ў арганізацыі забойства.

Крымінальная справа ў дачыненьні да Шаванава было спыненая, бо ён падарваў сябе пры спробе яго затрыманьня ў Грозным.

Усе абвінавачаныя па справе адмаўляюць сваю віну. Дадаеў, а таксама браты Губашавы давалі прызнальныя паказаньні, але пасьля заявілі, што зрабілі гэта пад ціскам.

Афіцыйная вэрсія абвінавачваньня выклікае шмат пытаньняў у пацярпелага боку, незадаволенага тым, што сьледзтва адмовілася прызнаваць сувязь паміж забойствам Барыса Нямцова і яго палітычнай і грамадзкай дзейнасьцю. На лаве падсудных няма падазраваных заказчыкаў і арганізатараў злачынства.

Ля будынку суду актывісты апазыцыі праводзяць адзіночныя пікеты з патрабаваньнем адправіць справу на дасьледаваньне, а таксама дапытаць кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Частка абвінавачаных былі супрацоўнікамі сілавых структур у Чачэнскай рэспубліцы.

Апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў быў забіты на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў Маскве ў ноч на 28 лютага 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG