Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўсёй Польшчы жанчыны ў панядзелак страйкуюць супраць новага закону аб абортах


Па ўсёй Польшчы жанчыны ў панядзелак зьбіраюцца страйкаваць супраць новага закону аб абортах. Закон, які ўжо прыняты парлямэнтам у першым чытаньні, крыміналізуе аборты і забараняе іх нават у тым выпадку, калі цяжарнасьць наступіла ў выніку згвалтаваньня. Жанчыне, якая зрабіла аборт, а таксама таму лекару, які выканаў апэрацыю, пагражае да 5 гадоў турмы.

На знак пратэсту супраць закону полькі па ўсёй краіне адмаўляюцца выходзіць на працу, выконваць хатнія абавязкі і займацца сэксам. Многія кіраўнікі кампаній падтрымліваюць гэтую ініцыятыву і далі супрацоўніцам афіцыйны выходны.​

Пратэсты 3 кастрычніка супраць закону аб абортах у Варшаве, фота Gazeta Wyborcza
Пратэсты 3 кастрычніка супраць закону аб абортах у Варшаве, фота Gazeta Wyborcza

У Кракаве акцыі пратэсту пройдуць раніцай на Польскім бульвары і ўвечары на галоўнай плошчы гораду. У Варшаве ўдзельніцы дэманстрацыі заблякавалі некалькі ўрадавых будынкаў і пешаходных пераходаў у цэнтры горадау. У Катавіцэ асноўныя пратэсты намечаны на 4 гадзіны дня мясцовага часу.

Мэр гораду Слупску Робэрт Бедрань абвясьціў, што на знак салідарнасьці з пратэстуючымі жанчынамі ўся мэрыя ў панядзелак ня будзе працаваць.​

Польскія законы аб перапыненьні цяжарнасьці — адны з самых жорсткіх у Эўропе: сёньня аборты ў краіне дазволеныя толькі ў выпадку, калі жыцьцё зародка або маці знаходзіцца ў небясьпецы, і калі цяжарнасьць наступіла ў выніку згвалтаваньня або інцэсту. Аднак новыя законы пагражаюць крымінальным перасьледам таксама жанчынам, у якіх адбыўся спарон: ім прыйдзецца даказваць, што перапыненьне цяжарнасьці не было наўмысным.

Закон быў унесены ў парлямэнт юрыдычнай групай Ordo Iuris і праляйфэрскім рухам Stop Abortion пасьля таго, як адпаведная ініцыятыва сабрала больш за 100 тыс. подпісаў. Пасьля гэтага яго падтрымалі каталіцкая царква і кіруючая партыя Закон і Справядлівасьць (PiS), і 23 верасьня ён быў прыняты ў першым чытаньні.

Аналягічныя жаночыя пратэсты супраць крыміналізацыі абортаў у кастрычніку 1975 году праходзілі ў Ісьляндыі: тады 90% жыхарак краіны адмаўляліся выходзіць на працу, рыхтаваць ежу, глядзець за дзецьмі і выконваць іншыя хатнія абавязкі.

Паводле дадзеных апытаньня Ipsos, праведзенага для Newsweek Polska, 50% палякаў падтрымліваюць жаночы страйк, а 15% апытаных заявілі, што прымуць у ім удзел.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG