Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя ўзяла на ўзбраеньне камэры і пляншэты


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

За пяць гадоў, што Аляксандар Барсукоў узначальвае менскую міліцыю, цалкам зьмяніўся аўтапарк патрульных, а радыёсувязь стала лічбавай у фармаце DMR, згадвае ён у інтэрвію «Минскому курьеру». Цяпер пешым патрулям плянамерна выдаюць відэарэгістратары.

«Працэс здымкі сам па сабе працьверажае празь меру разгарачаных правапарушальнікаў, — тлумачыць Барсукоў. — А відэазапіс дазваляе зрабіць адназначную выснову ня толькі пра паводзіны апанэнта, але і аб правамернасьці ўжываньня да яго фізычнай сілы або спэцсродкаў».

Пры гэтым у выпадку адміністрацыйных правапарушэньняў сёньня дастаткова і простых пісьмовых паказаньняў міліцыянта: калі міліцыянт сказаў, што было хуліганства, суды звычайна не шукаюць дадатковых доказаў.

Разам з тым у менскіх патрульных, паводле словаў Барсукова, «пасьпяхова выкарыстоўваюцца» пляншэты, наўпрост падключаныя да базы зьвестак. Яны дазваляюць хутка даведацца неабходную інфармацыю пра чалавека.

Колькі пляншэтаў закуплена і колькі яны каштуюць, невядома. Напрыклад, дэлегатам Усебеларускага сходу дарылі пляншэты за 191 даляр. Невядома таксама, колькі ў Менску патрульных міліцыянтаў: афіцыйныя зьвесткі пра колькасьць праваахоўнікаў сакрэтныя. Але, паводле ранейшай інфармацыі ААН, на 100 тысяч чалавек у Беларусі прыпадаюць 1442 міліцыянты (сусьветны рэкорд, калі не лічыць Ватыкану).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG