Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША аддалі кантроль над інтэрнэтам у прыватныя рукі


Тэрмін пагадненьня між Міністэрствам гандлю ЗША і Карпарацыяй кіраваньня дамэннымі імёнамі і IP-адрасамі (ICANN) завяршыўся 1 кастрычніка.

Цяпер каардынацыя і мэнэджмэнт ідэнтыфікатараў кшталту IP-адрасоў і дамэнаў верхняга ўзроўню перайшлі ў рукі карыстальнікаў, піша ICANN.

«Гэты пераход быў прадбачаны яшчэ 18 год таму, але гэта была нястомная праца глябальнай інтэрнэт-супольнасьці, якая падрыхтавала праект фінальнай прапановы, каб зрабіць пераход рэальнасьцю», — заявіў старшыня праўленьня ICANN Стывэн Крокер.


Цяпер, сьцьвярджае Крокер, мадэль кіраваньня будзе ўлічваць галасы ўсіх: бізнэсу, навукоўцаў, тэхнічных экспэртаў, грамадзянскай супольнасьці і ўрадаў, і гэта «найлепшая гарантыя таго, што заўтра інтэрнэт застанецца вольным, адкрытым і дасяжным, як сёньня».
ICANN была створаная пры ўдзеле ўраду ЗША ў 1998 годзе як некамэрцыйная, але ня як юрыдычна незалежная арганізацыя.

Таму ўрады розных краінаў маглі наракаць, што Злучаныя Штаты кантралююць інтэрнэт і могуць, напрыклад, «недадаць» IP-адрасоў (недахоп IP-адрасоў старога фармату IPv4 у 2013-2014 гадах прывяла да таго, што беларусы часам не маглі атрымаць доступ да сэрвісаў Google) альбо могуць вырашыць, каму і як даваць нацыянальныя дамэны (летась Беларусь атрымала ў дадатак да дамэну .BY кірылічны дамэн .БЕЛ).

Спыненьне кантролю з боку амэрыканскага ўраду над IP-адрасамі і дамэнамі ня значыць скасаваньня кантролю дзяржаваў над іншымі аспэктамі. У тым ліку дзяржавы могуць легальна праслухоўваць інтэрнэт-трафік альбо забараняць дзейнасьць пэўных інтэрнэт-сэрвісаў.

XS
SM
MD
LG