Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае міністэрства прапанавала мэдычны падатак зь беспрацоўных


Міністэрства аховы здароўя Расеі выступае за ўвядзеньне адмысловага падатку зь беспрацоўных — за іх мэдычнае абслугоўваньне.

Выступаючы на інвэстыцыйным форуме «Сочы-2016», кіраўніца ведамства Вераніка Скварцова заявіла, што выводзіць грамадзян з сыстэмы абавязковага мэдычнага страхаваньня нельга, бо гэта парушае расейскую канстытуцыю. Аднак, калі працаздольныя людзі афіцыйна не працуюць і ня плацяць страхавыя ўзносы, несправядліва дазваляць ім бясплатна карыстацца дзяржаўнай мэдыцынай, сказала міністарка. Яна лічыць, што рэгіёны павінны мець права спаганяць з такіх грамадзян падатак — у мэтах кампэнсацыі выдаткаў на дзяржаўную ахову здароўя.

29 верасьня ўрад абверг паведамленьні аб падрыхтоўцы закону аб платнай мэдычынай дапамозе для непрацуючых грамадзян, якія не плацяць страхавых узносаў. Напярэдадні аб распрацоўцы такога дакумэнту паведаміла віцэ-прэм’ер Расеі Вольга Галадзец. Паводле яе, закон можа закрануць парадку сямі мільёнаў чалавек.

Аднак ідэю раскрытыкаваў намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Алег Фамічоў, які адзначыў, што вельмі складана аддзяліць рэальна беспрацоўных ад тых, хто фармальна працуе, але не плаціць грошы ў страхавыя фонды.

У траўні намесьнік міністра працы Расеі Андрэй Пудаў на міжнароднай канфэрэнцыі «Сацыяльнае страхаваньне» спасылаўся на досьвед Беларусі: «Калегі нашы зь Беларусі, можа, падзеляцца вопытам, у іх вельмі сур’ёзныя інавацыі адбыліся. Яны ўвялі так званы падатак на тых асобаў, якія знаходзяцца ў працаздольным узросьце, але не выплачваюць страхавыя ўнёскі, не занятыя ў працоўнай дзейнасьці. Яны на такі сур’ёзны крок пайшлі. Мы пакуль гэтую тэму абмяркоўваем, у іх такое рашэньне ўжо прынятае».

Пазьней расейскае міністэрства працы прапанавала спаганяць так званы «падатак на дармаедзтва» з усіх грамадзян, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, за выключэньнем афіцыйна працаўладкаваных, зарэгістраваных беспрацоўных, студэнтаў, пэнсіянэраў і іншых ільготных катэгорый.

XS
SM
MD
LG