Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь у сырыйскім Алепа зноў бамбілі 


Шпіталь у Алепа пасьля авіяналёту 28 верасьня 2016 году.

Шпіталь у Алепа пасьля авіяналёту 28 верасьня 2016 году.

Ва ўсходняй частцы сырыйскага гораду Алепа, якую кантралююць паўстанцы, пад авіяўдары зноў трапіў найбуйнейшы ў гэтым раёне шпіталь М-10.

Як паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на няўрадавае Сырыйска-амэрыканскае мэдычнае таварыства, якое дапамагае шпіталю, з гелікоптэраў на комплекс скінулі тры бомбы.

У мінулую сераду бальніцу таксама бамбілі. Цяпер яна можа прыняць толькі невялікую колькасьць пацыентаў.

Паступаюць паведамленьні аб ударах урадавых войскаў пры падтрымцы расейскай авіяцыі па гістарычнай часткі Алепа — Старым горадзе. Ідуць наземныя баі ў раёне Сулейман аль-Халабі.

Паводле ААН, за апошні тыдзень ахвярамі налётаў урадавай і расейскай авіяцыі ў Сірыі сталі як найменей 400 мірных жыхароў.

Бамбаваньні ўсходу Алепа аднавіліся пасьля таго, як 19 верасьня правалілася замірэньне. Крыху пазьней пачалася буйная наступальная апэрацыя сухаземных сілаў рэжыму Башара Асада пры расейскай падтрымцы з паветра.

Кіраўнік брытанскага Міністэрства замежных спраў Борыс Джонсан заявіў, што Расея рызыкуе стаць «краінай-выгнанцам» за жорсткасьць яе бамбаваньня мірнага насельніцтва ў Сірыі. У апублікаваным у пятніцу інтэрвію брытанскай газэце Sun Джонсан сказаў, што лічыць гэта ваенным злачынствам, і падкрэсьліў, што Маскве павінна быць «сорамна» за такія дзеяньні.

ЗША зноў заявілі, што могуць перапыніць усе кантакты з Расеяй у пытаньнях Сырыі і ўвесьці санкцыі супраць Масквы за яе ролю ў абвастрэньні сырыйскага канфлікту.

XS
SM
MD
LG