Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Геніяльнае проста як дранік». У Магілёве ўслаўлялі дранікі і бульбу


Помнік «Маладой бульбе» прэзэнтаваў на магілёўскім фэстывалі «Дранік-фэст» мясцовы скульптар Андрэй Вераб’ёў. Паводле ягонай задумы, скульптура мусіць стаць сымбалем услаўленьня ўлюблёнай гародніны беларусаў.

На самім Дранік-фэсьце ўслаўлялі адну з самых улюблёных беларускіх страваў з бульбы — дранік. Наведнікі фэстывалю выстойвалі ў немалой чарзе, каб паласавацца бульбянымі аладкамі. Праходзіў фэст у этнаграфічным комплексе «Этнахутар».

Эмблема Дранік-фэсту

Эмблема Дранік-фэсту

«Мая мара — паставіць помнік у Магілёве маладой бульбе. Яна мне ўяўляецца дзяўчынай у поўным росквіце сілаў і ўся ў бульбе. Капялюш з бульбяной кветкі. Гэта помнік беларускай прыгажосьці. Заўважу — бульбяной прыгажосьці і ўсялякай іншай», — патлумачыў Свабодзе сваю задуму скульптар Андрэй Вераб’ёў.

Скульптура майстра пакуль была прэзэнтаваная на Дранік-фэсьце ў плястылінавым макеце. У канчатковым сваім выглядзе яна мусіць быць бронзавай пад паўтара мэтры вышынёю.

Андрэй Вераб’ёў са сваёй працай

Андрэй Вераб’ёў са сваёй працай

«Спадзяюся, што ў Магілёве такая скульптура некалі паўстане. У горадзе шмат месцаў для яе, і яму не хапае такіх скульптур», — заключыў Андрэй Вераб’ёў.

Фэстываль, прысьвечаны беларускаму драніку, прыдумала суполка Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў. Першы фэстываль адбыўся ў 2014 годзе.

«Фэстываль задуманы дзеля папулярызацыі беларускай кухні ды беларускай культуры наагул. Такіх сьвятаў, да жалю, бракуе. Сутнасьць фэстывалю ў тым, што мы яго робім талакою. Гэта не імпрэза ўлады», — адзначыў кіраўнік суполкі Юры Стукалаў. Ён кажа, што на фэстываль прыехала нямала замежнікаў, якія хочуць пабачыць беларускія адметнасьці.

Усё дзеля дранікаў

Усё дзеля дранікаў

«У Беларусі ёсьць брэнд, які вядомы ў шмат якіх краінах. Імя яго дранік і мы сваім фэстывалем умацоўваем пазыцыі беларускага драніка ў сьвеце», — сказаў Юры Стукалаў.

За час правядзеньня фэстывалю этнахутар наведала некалькі тысяч магілёўцаў і гасьцей абласнога цэнтру. Дранікі гатавалі навучэнцы навучальных устаноў гораду. Яны і спаборнічалі хто сьпячэ самі смачны дранік.

Гісторык Пушкін: «Дранік дапамагае беларусу выжыць»

Гісторык Пушкін: «Дранік дапамагае беларусу выжыць»

На раздачы дранікаў, згатаваных студэнтамі адной з ВНУ, стаяў кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін. Ён зацята рэклямаваў страву і заклікаў чаргу актыўней аддаваць галасы за дранікі атрыманыя зь ягоных рук.

«Дранік — гэта своеасаблівы сымбаль Беларусі. Цяпер жыцьцё такое няпростае, што дранік дапамагае выжыць беларусу. Ён надае сілы і беларус з ім з пэрспэктывай глядзіць у будучыню», — адказаў гісторык на пытаньне, што для беларуса дранік. Суразмоўца адзначыў, што ведае нямала іншых беларускіх страваў і ў ягоным доме іх гатуюць.

Пераможца бульбянога конкурсу са сваім прызам: «Дранік гатуецца проста!»

Пераможца бульбянога конкурсу са сваім прызам: «Дранік гатуецца проста!»

Дранік — выратавальная страва для любой беларускай сям’і, зазначыла адна зь пераможцаў шматлікіх конкурсаў фэсту, прысьвечаных бульбе. Дзяўчына назвала за імгненьне на конкурсе пятнаццаць бульбяных страваў.

«Дранікам можна сустрэць гасьцей, распачынаць сьвяты. Гэта ўнівэрсальная закуска пад усе напоі, у тым ліку моцныя, — даводзіла яна — Дранік гатуецца лёгка і ў любой гаспадыні ня будзе праблемаў з гатаваньнем гэтай стравы на прыродзе, у інтэрнаце, ці на дасканалай кухні».

Гатоўля дранікаў-наваротаў.

Гатоўля дранікаў-наваротаў.

«Дранік — гэта своеасаблівы беларускі фэтыш», — выказвае сваё разуменьне сутнасьці бульбяной стравы наступны суразмоўнік.

«Ёсьць у некаторых народаў сушы, напрыклад, ці маца, гэтак і для беларуса культавая ежа — дранік, — працягвае ён. — Самыя вядомыя стравы — яны ж прымітыўныя ў гатаваньні. Піца італьянцамі гатавалася з ўсяго, што было пад рукой і ў лядоўні. І гэтая страва стала вядомым у сьвеце італьянскім брэндам. Усё геніяльнае проста — як дранік».

Чарга па дранікі

Чарга па дранікі

Многія з тых хто прыйшлі на Дранік-фэст адзначалі, што наведаліся на яго, каб адпачыць на прыродзе, балазе, надвор’е гэтаму спрыяла. Алькаголь на фэстывалі быў пад забаронай. Міліцыянтаў, надзіва, што для шматлюднай імпрэзы, было на этнахутары няшмат.

На Дранік-фэст — проста адпачыць, як дранік зьесьці

На Дранік-фэст — проста адпачыць, як дранік зьесьці

XS
SM
MD
LG