Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША ў прыватнай размове заклікаў сырыйскіх паўстанцаў удзельнічаць у выбарах разам з Асадам


Джон Керы на 71-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Джон Керы на 71-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы дапусьціў удзел цяперашняга кіраўніка Сырыі Башара Асада ў выбарах прэзыдэнта краіны пры ўмове, што яны пройдуць пад кантролем заходніх краін і ААН. Пра гэта паведамляе The New York Times.

Гэтае амэрыканскае выданьне піша, што атрымала аўдыёзапіс сустрэчы, якая, паводле The New York Times, прайшла 22 верасьня ў рамках 71-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. У ходзе гутаркі з прадстаўнікамі сырыйскай апазыцыі Керы заклікаў паўстанцаў ўдзельнічаць у выбарах разам з дзейным прэзыдэнтам і ўвайсьці ў склад пераходнага ўраду. Галасаваць на гэтых выбарах зможа любы сырыец, у тым ліку і ўцекачы, якія знаходзяцца за мяжой.

Дзяржаўны сакратар ЗША заявіў, што яму не ўдалося пераканаць адміністрацыю амэрыканскага прэзыдэнта падмацаваць дыпляматычныя намаганьні ў Сырыі ваеннай сілай. Паводле Керы, умяшаньне ў вайну прывядзе да нэгатыўных наступстваў. Пры гэтым ён адзначыў, што ЗША гатовыя падтрымаць апазыцыю ў барацьбе з ісламісцкімі групоўкамі, але ня будуць уступаць у канфлікт з ляяльнай Дамаску групоўкай «Хезбала». Паводле інфармацыі Reuters, Злучаныя Штаты разглядаюць магчымасьць забясьпечыць паўстанцаў больш сучасным узбраеньнем.

The New York Times адзначае, што прадстаўнікі апазыцыі паставіліся да амэрыканскіх прапаноў скептычна. У Дзяржаўным дэпартамэнце адмовіліся камэнтаваць запіс, заявіўшы, што гэта была прыватная размова.

Перамір’е ў Сырыі, усталяванае пры пасярэдніцтве ЗША і Расеі, было парушана пасьля абстрэлу калёны з гуманітарнай дапамогай. Злучаныя Штаты ўсклалі адказнасьць за абстрэл на расейскіх вайскоўцаў.

XS
SM
MD
LG