Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патэнцыйныя, магчымыя і рэальныя». Руды апавёў пра кітайскія кантракты на 11 млрд даляраў


Кірыл Руды

Кірыл Руды

Беларускі амбасадар у КНР Кірыл Руды заявіў, што паводле вынікаў візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай былі дасягнутыя дамоўленасьці і пагадненьні на агульную суму каля 11 мільярдаў даляраў.

«Агульная сума кантрактаў — патэнцыйных, магчымых і рэальных, якія нам цяпер трэба будзе рэалізаваць і забясьпечыць, — гэта каля 11 млрд даляраў, — цытуе амбасадара БЕЛТА. — Важна іх усё рэалізаваць, каб гэта было ўзаемавыгадна, — так, як дамовіліся нашы лідэры. Вядома, гэта вялікая сума, але тут трэба дэталёва падыходзіць да кожнага кантракту, уважліва і прафэсійна працаваць».

Кірыл Руды апавёў, што ўсе падпісаныя дакумэнты можна падзяліць на чатыры напрамкі: палітычны, інвэстыцыйны, гандлёвы і гуманітарны.

Што тычыцца інвэстыцыйнага напрамку, то, як адзначыў дыплямат, у гэты раз гаворка практычна не ішла пра заключэньне новых крэдытных пагадненьняў. Гэта, паводле Рудага, азначае пераход ад крэдытнага супрацоўніцтва да інвэстыцыйнага. «Мы дамовіліся на ўзроўні дзяржорганаў пра абʼяднаньне вытворчых патэнцыялаў. Гэта значыць, што нашы кампаніі будуць ствараць сумесныя прадпрыемствы, і былі падпісаны канкрэтныя пагадненьні, дарожныя карты», — сказаў пасол.

Аднак усе гэтыя пагадненьні яшчэ трэба здолець у поўнай меры рэалізаваць. «Калі мы рэалізуем дасягнутыя зараз дамоўленасьці, то нашы і кітайскія кампаніі стануць партнэрамі. Калі не рэалізуем, то Кітай дамовіцца зь іншымі краінамі, і мы проста станем зь імі канкурэнтамі», — адзначыў амбасадар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG