Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН расьсьледуе напад на гуманітарную калёну ў Сырыі


Арганізацыя Аб’яднаных Нацый створыць адмысловую ўнутраную камісію ў справе расьсьледаваньня нападу на гуманітарную аўтакалёну ў Сырыі 19 верасьня.

Тады ў выніку авіяўдару загінулі 20 чалавек, былі зьнішчаныя 18 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай. Міжнародныя гуманітарныя пастаўкі ў правінцыю Алепа былі прыпыненыя.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў да супрацоўніцтва ўсе бакі сырыйскага канфлікту. ЗША абвінавацілі ў нападзе сырыйскае войска, якое дзейнічае пры падтрымцы расейскай авіяцыі. Масква адмаўляе сваю датычнасьць да авіяўдару.

Раней у пятніцу сырыйскія праваабаронцы прывялі дадзеныя пра тое, што за год ваеннай апэрацыі Расеі ў Сырыі ахвярамі расейскіх авіяўдараў сталі каля 9 400 чалавек, больш за 3 800 зь іх — мірныя жыхары. Паводле сабраных праваабаронцамі матэрыялаў, расейскія самалёты скідаюць на жылыя кварталы запальныя і касэтныя бомбы. 20 расейцаў прызнаныя загінулымі ў ваеннай апэрацыі ў Сырыі, зьбітыя адзін ваенны самалёт і 4 ваенныя верталёты. Паводле афіцыйных дадзеных на сакавік 2016 году, на апэрацыю ў Сырыі, было выдаткавана 33 мільярды рублёў, паведамляе сайт «Медуза», удакладняючы, што больш позьніх дадзеных пакуль няма.

У выніку апошніх расейскіх бамбаваньняў у Сырыі сур’ёзна ўскладніліся адносіны паміж Масквой і заходнімі краінамі. ЗША і іх саюзьнікі неаднаразова абвінавачвалі Мінабароны Расеі ў тым, што войскі атакуюць ня толькі аб’екты экстрэмістаў, але і пазыцыі сырыйскіх паўстанцаў, якія супрацьстаяць рэжыму Башара Асада, пры гэтым гінуць і атрымліваюць раненьні мірныя жыхары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG