Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ахвяры жанчын і бесьпілётнікаў


Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч

Мяркуючы па тым, як «дарожная тэма» асьвятляецца ў беларускіх СМІ, галоўныя прычыны дарожна-транспартных здарэньняў у Беларусі — жанчыны і бесьпілётныя аўтамабілі.

«На МКАД Renault насьмерць зьбіў пешахода», «У Лагойскім раёне сутыкнуліся два грузавікі: адзін з кіроўцаў загінуў», у Жлобінскім раёне аўтакран не прапусьціў VW: кіроўца легкавіка загінуў«, «Трапіў у мёртвую зону: на МКАД дзяўчына на фуры ўчыніла ДТЗ», «На менскай кальцавой бляндынка праехала тры кілямэтры па сустрэчнай», «Бляндынка за стырном! Незвычайнае дарожна-транспартнае здарэньне ў сталіцы».

Калі з загалоўку артыкулу вынікае, што аўтамабіль сам зьбіў пешахода, урэзаўся ў іншую машыну, пратараніў плот, выехаў на сустрэчную, праехаў на чырвонае сьвятло, спрабаваў зьехаць ад супрацоўнікаў ДАІ, гэта значыць, што за стырном машыны быў мужчына. Вы можаце сказаць, што пол кіроўцы — нязначная акалічнасьць, і што на дарозе няма мужчын і жанчын, а ёсьць толькі кіроўцы. Можаце сказаць, што безасабовая форма ў загалоўку — распаўсюджаная практыка, і што аніякай праблемы ўвогуле няма.

Нават п’яны кіроўца-мужчына, які выехаў на сустрэчную і ўчыніў там сутыкненьне «лоб у лоб», выклікае менш грамадзкага абурэньня, чым цьвярозая кіроўца-жанчына, якая не заўважыла легкавы аўтамабіль, бо ён трапіў у так званую мёртвую зону.

Але я ў такім выпадку папрашу вас не крывіць душой, бо нават п’яны кіроўца-мужчына, які выехаў на сустрэчную і ўчыніў там сутыкненьне «лоб у лоб», выклікае менш грамадзкага абурэньня, чым цьвярозая кіроўца-жанчына, якая не заўважыла легкавы аўтамабіль, бо ён трапіў у так званую мёртвую зону.

У чым прынцыповая розьніца паміж гэтымі кіроўцамі? З пункту гледжаньня «шырокай грамадзкасьці», асноўнае адрозьненьне паміж імі ня ў колькасьці праміле ў крыві, — мужчына выехаў на сустрэчную, бо быў п’яны, а жанчына не заўважыла іншую машыну, бо яна жанчына.

Апісваць асобы вінаватых у ДТЗ дарэчна толькі тады, калі рысы, якія згадваюцца, маюць дачыненьне да аварыі альбо характарызуюць кіроўцу як больш небясьпечнага. Таму нармальна пісаць «п’яны кіроўца», «непаўналетняя кіроўца». Бо нельга сядаць за стырно п’яным і нельга кіраваць аўтамабілем, калі ня скончыла аўташколу, а толькі «балавалася» ў вёсцы на машыне сваякоў. Ні храмасомны набор, ні форма геніталіяў, ні даўжыня валасоў, ні нацыянальнасьць, ні колер скуры не ўплываюць на здольнасьць кіраваць акуратна і ў адпаведнасьці з правіламі дарожнага руху.

Беларусы нават ганарацца сваімі развагамі пра «малпу з гранатай».

Здавалася б, у эўрапейскай краіне ў 2016 годзе павінна лічыцца дурным тонам жартаваць пра бляндынак за стырном, маленькі жаночы мозг і прыродную няздольнасьць жанчын кіраваць аўтамабілем. Але беларусам ня тое каб не сорамна, яны нават ганарацца сваімі развагамі пра «малпу з гранатай» і абмеркаваньнямі таго, адкуль у маладой жанчыны можа быць машына коштам 50 тысяч даляраў. Звычайна, дарэчы, прыходзяць да высновы, што ў гэтай жанчыны вялікія здольнасьці ў сэксуальным задавольваньні багатага мужчыны. І гэта таксама, на думку шматлікіх камэнтатарак і камэнтатараў зьвязана зь няздольнасьцю быць добрай кіроўцай. Нават калі гэта першае і дробнае ДТЗ за 10 гадоў стажу.

Адначасова з упэўненасьцю, нібыта жанчына ня можа добра кіраваць аўто, існуе і супрацьлеглая па сутнасьці ідэя аб тым, што жанчыны больш акуратна абыходзяцца з уласнымі машынамі. То бок мы ўвесь час «тармозім» на дарогах, ня ўмеем паркавацца, заўжды кудысьці ўразаемся, але у аб’яве аб продажы машыны трэба абавязкова ўказаць «езьдзіла жанчына» як паказчык таго, што аўтамабіль знаходзіцца ў добрым стане.

У барацьбе статыстыкі са стэрэатыпамі ў грамадзкай сьвядомасьці ўпарта перамагаюць стэрэатыпы.

У барацьбе статыстыкі са стэрэатыпамі ў грамадзкай сьвядомасьці ўпарта перамагаюць стэрэатыпы. Насамрэч у Беларусі жанчыны становяцца вінаватымі прыблізна ў 1 з 10 ДТЗ. У маёй групе ў аўташколе з 30 чалавек толькі 5 былі мужчынамі.

Але факты не спыняюць ні аматараў жартаў пра бляндынак за стырном, ні аматараў легенды аб тым, што жанчына-кіроўца — гэта рэдкая зьява. Яны выбудавалі свой утульны сьвет, які мае мала агульнага з рэальнасьцю, і насалоджваюцца ілюзіяй. А карыстацца рамянямі бяспекі — не каралеўская справа. І пешаходаў прапускаць таксама.

Высокамаральнай высновы не будзе. Давайце проста перастанем ігнараваць статыстыку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG