Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Філіпінаў паабяцаў змагацца з наркабізнэсам «як Гітлер»


Радрыга Дутэртэ

Радрыга Дутэртэ

Прэзыдэнт Філіпінаў Радрыга Дутэртэ паабяцаў змагацца з нарказалежнымі і наркагандлярамі мэтадамі Адольфа Гітлера. На канфэрэнцыі ў горадзе Давао ён заявіў, што гатовы забіць гэтулькі ж нарказалежных, колькі Гітлер забіў габрэяў.

Дутэртэ раскрытыкаваў пазыцыю ЗША і Эўразьвязу, якія неаднаразова асуджалі мэтады барацьбы з наркабізнэсам на Філіпінах.

У верасьні Дутэртэ публічна абразіў прэзыдэнта ЗША Барака Абаму за намер абмеркаваць парушэньні правоў чалавека на Філіпінах, назваўшы амэрыканскага прэзыдэнта «сынам шлюхі». Пазьней філіпінскі лідэр заявіў, што ніколі не рабіў ніякіх абразьлівых заяваў у адрас Абамы.

Востры на язык папуліст Дутэртэ быў выбраны прэзыдэнтам Філіпінаў у траўні сёлета зь вялікім адрывам ад свайго найбліжэйшага суперніка. Раней Дуэртэ быў мэрам гораду Давао — на гэтай пасадзе ён прабыў 22 гады, і за гэты час, як лічыцца, ягоныя «эскадроны сьмерці» зьнішчылі больш за тысячу чалавек, падазраваных у бандытызьме, наркагандлі, крадзяжах і карупцыі.

Сваю прэзыдэнцкую кампанію Дутэртэ вёў пад лёзунгам бязьлітаснай барацьбы са злачыннасьцю. «Забудзьцеся аб правах чалавека. Калі я траплю ў прэзыдэнцкі палац, я буду рабіць тое, што рабіў як мэр. Наркадылеры, рабаўнікі, лайдакі, лепш валіце адсюль. Інакш я заб’ю вас» — гэта адно зь ягоных выбарчых абяцаньняў.

Філіпіны лічацца вельмі рэлігійнай каталіцкай краінай, але злачыннасьць стала такой вялікай праблемай, што філіпінцаў не зьбянтэжылі нават лібэральныя погляды Дутэртэ на кантрацэпцыю і правы гомасэксуалаў. Насуперак афіцыйнай пазыцыі Ватыкану прэзыдэнт выступае за плянаваньне сям’і і ўзаконеныя гей-шлюбы.

СМІ паведамляюць, што з моманту перамогі Дутэртэ на выбарах у краіне былі забітыя каля 2 тысяч чалавек, падазраваных у гандлі наркотыкамі: 700 зь іх застрэлілі паліцыянты, а больш за 1200 — звычайныя грамадзяне, якіх прэзыдэнт заклікаў браць правасудзьдзе ў свае рукі.

XS
SM
MD
LG