Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мае адносіны з чортам


Юлія Шарова, музычны кіраўнік у адным зь дзіцячых садкоў Менску.

Юлія Шарова, музычны кіраўнік у адным зь дзіцячых садкоў Менску.

Гады ў чатыры я часта даймала тату, каб пачытаў мне, «як чорт скраў Месяц». Аднойчы бацькі пазнаёмілі мяне з Гогалевай «Ноччу перад Калядамі» і я стала патрабаваць, каб мне чыталі гэты эпізод.

Чорт быў вясёлым, сьмелым, забаўным і зусім ня злым. Ён уяўляўся мне чымсьці накшталт свавольнага хатняга ката, якога, аднак, можна беспакарана пацягаць за хвост. Гэта быў казачны, фальклорны чорт, а не жыхар інфэрна.

Пазьней мая бабуля спрабавала вучыць мяне праваслаўю. Улетку мяне «здавалі» ў далёкае ўкраінскае сяло і кожны дзень, цягам трох месяцаў баба агітавала мяне далучыцца да царквы. Мне чыталі рэлігійныя тэксты, знаёмілі са сьвятымі з абразоў, сварыліся, калі я ў суботу ўвечары і цягам усёй нядзелі брала ў рукі нітку з іголкай. А яшчэ выкарыстоўвалі ўсе сродкі, каб прывучыць мяне хадзіць у храм — хоць цукеркамі, хоць мульцікамі, хоць цацкамі.

Храм мне падабаўся — ён быў даволі прыгожым, пабудаваным на пачатку ХХ стагодзьдзя нейкім модным на той час архітэктарам. Але заахвоціць мяне па-добраму бабуля так і не змагла, і калі мне было гадоў дзевяць, яна ўключыла мэханізм запалохваньня.

Яны не былі вясёлымі і забаўнымі — злыя, жорсткія, гэтыя чэрці тапілі ў кіпучай смале грэшнікаў. «Вось так будзе і з табой!» — запэўніла бабуля.

Аднойчы, калі ў царкве не было набажэнства, бабуля прывяла мяне туды і зьвярнула маю ўвагу на карціну з выявай Пекла. І я пабачыла там чорта. Шмат чарцей. Яны не былі вясёлымі і забаўнымі — злыя, жорсткія, гэтыя чэрці тапілі ў кіпучай смале грэшнікаў. «Вось так будзе і з табой!» — запэўніла бабуля. Яна была не пазбаўленай літаратурнага дару, таму яе расповеды пра Пекла, куды трапляюць за нявер’е ў Бога, зрабілі на мяне ўражаньне, і я пагадзілася пайсьці на споведзь і прычасьце.

Усё набажэнства я цярпліва адседзела на клірасе — там мая бабуля разам са сваімі каляжанкамі сьпявала ў хоры. Спавядаць і прычашчаць мяне павінны былі «па блаце», то бок, бабуля дамовілася з бацюшкам, каб ён не задаваў мне лішніх пытаньняў і хуценька даў прычасьце, а то раптам скажу нешта не тое, я ж такая. У канцы набажэнства я раптам заўпарцілася і мала таго што не пайшла да бацюшкі прычашчацца, дый нават крыжа не пацалавала.

Гэта быў скандал і ганьба для бабулі, адной з самых адданых верніц у сяле. Пасьля гэтага яна спыніла маё «праваслаўнае выхаваньне» і нават дазваляла шыць у выходныя. Мой унутраны чорт быў задаволены адваяванай свабодай.

Ці магу я выстаўляць сваёй бабулі, жанчыне з чатырма клясамі адукацыі нейкія рахункі за такія спробы далучыць мяне да хрысьціянскай веры? Яна была народжаная ў год Кастрычніцкай рэвалюцыі і яшчэ немаўлём страціла бацькоў, перажыла дзьве вайны, страх перад раскулачваньнем, Галадамор, сьмерць аднаго з дзяцей, сьмерць мужа ад працяглай хваробы; яна амаль нічога не бачыла і мела праблемы з сэрцам.

Матэрыяльным увасабленьнем гэтай ласкі былі «райскія яблыкі» — іх бабуля спадзявалася паесьці пасьля сьмерці.

У яе жыцьці былі нявыдуманыя пакуты, і ёй хацелася верыць, што над людзьмі стаіць нехта моцны і справядлівы, які падорыць сваю ласку праведнікам у іншым сьвеце. Матэрыяльным увасабленьнем гэтай ласкі былі «райскія яблыкі» — іх бабуля спадзявалася паесьці пасьля сьмерці.

Аднак страх перад божай карай у мяне ўсё ж зьявіўся і прымусіў вясёлага пухнатага чорта схавацца. Калі я стала старэйшай, то сумленна прачытала і дзіцячую, і дарослую Біблію. Я наведвала храмы, вучыла словы малітваў, але пры гэтым не адчувала прысутнасьці таго самага, моцнага і справядлівага.

Мне не хацелася прымаць пакуты ў сытуацыях, дзе я маю выбар.

Яшчэ горш у мяне было з пакутамі: я разумела, што Гасподзь узнагароджвае вернікаў менавіта за іх, але маё жыцьцё так складвалася, што пакутаў у ім не было. Былі праблемы, былі часовыя цяжкасьці, было нават гора. Але я ніколі не мела досьведу пакутаў і больш за тое — мне не хацелася іх прымаць у сытуацыях, дзе я маю выбар. Мой унутраны чорт, той самы, далёкі ад хрысьціянскага інфэрна, не прымаў ідэі добраахвотнай (і бессэнсоўнай!) пакуты і вечнага страху перад пакараньнем.

Стаўшы дарослай, я пачала адчуваць Сусьвет і закон прычынна-выніковых сувязяў, але ў Бога як ўладара ці хаця б афіцыйнага прадстаўніка Сусьвету я так і не паверыла. Для сябе я вырашыла не практыкаваць ніводную з рэлігіяў і шанаваць права вернікаў шукаць моц і падрымку там, дзе для мяне яе не было.

Аднак людзі, якія называюць сябе хрысьціянамі, ня хочуць паважаць маё права на ўласную карціну сьвету — так, з мяккім і пухнатым чортам, калі заўгодна. Мяне крыху насьцярожвае праграма супрацоўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы зь Міністэрствам адукацыі. Проста я ведаю, як у нашай афіцыйнай сыстэме любяць выконваць даручэнні начальства на 1000 працэнтаў. Калі афіцыйна загадаюць чытаць проста лекцыі па гісторыі хрысьціянства, у нас увядуць залікі на веданьне Эвангельля, а вучні і студэнты будуць цярпець, як ім завяшчалі дзяды і прадзеды.

Я б не хацела, каб атэісты, агностыкі і людзі з няпэўным стаўленьнем да рэлігіі адбівалі сваіх дзяцей ад заняткаў праваслаўем. А імавернасьць такога змаганьня ў будучыні вельмі высокая, калі далей будзе ісьці так, як цяпер.

Прадбачлівыя шукаюць бацюшку па рэкамэндацыях, каб не натрапіць на неадэквата з маніяй велічы, які прымусіць цяжарную хросную дзьве гадзіны трымаць на руках хрэсьніцу вагой дзесяць кіляграмаў.

Прыгадваю сьцішанае бухценьне некаторых калегаў, якім не спадабалася мая ідэі паставіць з дзецьмі жартаўлівы танец чорцікаў. Калегі, як няцяжка здагадацца, былі ўвацаркоўленыя праваслаўныя. Прыгадваю кабет-пэдагогаў на рознага кшталту сэмінарах і курсах, якія пытаюцца, ці можна не адзначаць у дзіцячым садку нехрысьціянскія Каляды. Прыгадваю расповеды нібыта разумных і адукаваных людзей, якія праходзяць праз абразы і прыніжэньні, абы пахрысьціць дзіця. Прадбачлівыя шукаюць бацюшку па рэкамэндацыях, каб не натрапіць на неадэквата з маніяй велічы, які прымусіць цяжарную хросную дзьве гадзіны трымаць на руках хрэсьніцу вагой дзесяць кіляграмаў. Непрадбачлівыя з жахам распавядаюць пра перажытае, а на пытаньне навошта гэта было рабіць, адказваюць: дык трэба, культурная традыцыя, нават калі не верыш...

Напэўна, я не разумею такой культуры, дзе прыніжаюцца з павагі да традыцыі. Мой унутраны чорт прызнае толькі той боль, які не абмінеш, а значыць, трэба проста мяняць стаўленьне да яго. Боль адкрывае чалавека ня зь лепшага боку і выпускае сапраўдных д’яблаў. Дык навошта адчыняць інфэрна? Каб асабова і духоўна вырасьці праз боль, трэба мець досьвед радасьці і моц, а таксама прызнаваць зьменлівасьць Сусьвету і быць свабодным у сваіх рашэньнях.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG