Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель заклікала Пуціна стабілізаваць замірэньне на ўсходзе Ўкраіны і выканаць «Менск»


Ангела Мэркель
Ангела Мэркель

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заклікала яго стабілізаваць няўстойлівае замірэньне на ўсходзе Ўкраіны, паведаміў прадстаўнік нямецкага ўраду.

Паводле яго, канцлер таксама заклікала расейскага кіраўніка працягнуць выкананьне менскіх дамоўленасьцяў аб урэгуляваньні на частцы Данбасу.

У Крамлі, у сваю чаргу, у паведамленьні пра гэтую ж размову заявілі, што падчас яе Пуцін «выказаў надзею, што ўкраінскі бок... устрымаецца ад узброеных правакацыяў у зоне канфлікту і пойдзе нарэшце на рэальныя крокі дзеля выкананьня сваіх палітычных абавязаньняў».

Акрамя таго, у ходзе размовы быў «узгоднены графік далейшых кантактаў у „нармандзкім фармаце“ на розных роўнях», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Крамля.

Ва Ўкраіне і на Захадзе зьвяртаюць увагу, што ў той час як Кіеў ідзе шляхам выкананьня менскіх дамоўленасьцяў, Расея і сэпаратысты, якіх яна падтрымлівае на частцы Данбасу, практычна не выконваюць сваіх абавязаньняў. У першую чаргу захадаў у галіне бясьпекі: вываду з тэрыторыі Ўкраіны расейскіх войскаў і наймітаў ды вайсковай тэхнікі, раззбраеньня мясцовых незаконных узброеных фармаваньняў, стварэньня на непадкантрольным Кіеву ўчастку расейска-ўкраінскай мяжы зоны бясьпекі пад маніторынгам і вэрыфікацыяй АБСЭ і інш. Таксама нявыкананым абавязаньнем застаецца вызваленьне закладнікаў і незаконна трыманых асобаў.

Расея ж заяўляе, што да «ўнутрыўкраінскага», паводле яе, канфлікту на частцы Данбасу яна ня мае дачыненьня; ніякіх яе войскаў, наймітаў і ўзбраеньняў там няма, хіба што асобныя «добраахвотнікі», на якіх яна ніяк ня можа паўплываць; і ніякіх абавязаньняў у менскіх дамоўленасьцях яна на сябе ня брала, таму што падпісвала іх, маўляў, не як удзельніца, а як «гарант». Затое Масква пастаянна патрабуе ад Кіева «палітычных крокаў», такіх, як мясцовыя выбары ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі сэпаратыстаў, каб легітымізаваць іх; амністыя для ўсіх баевікоў, у тым ліку тых, што ўчынілі цяжкія злачынствы; увядзеньне «асаблівага статусу Данбасу» і да т.п., неадкладна, без выкананьня захадаў бясьпекі, на якіх настойваюць Кіеў і Захад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG