Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яго нарэшце вынесуць з маўзалею. А таксама — лібэралізацыя без тэлевізара


Канфіскацыя маёмасьці ў прадпрымальніка Алеся Макаева. Менск. 29 верасьня 2016 году

Канфіскацыя маёмасьці ў прадпрымальніка Алеся Макаева. Менск. 29 верасьня 2016 году

Добры вечар!

Яго нарэшце вынесуць з маўзалею. Не, не таго, пра каго вы падумалі. Найхутчэй, вы нават і ня ведалі (як і аўтар гэтых радкоў да сёньняшняга дня), што зь ліку палымяных камуністаў на тэрыторыі былога СССР не адзін Ульянаў-Ленін захоўваецца ў маўзалеі — але і парэшткі «героя грамадзянскай вайны» Рыгора Катоўскага — ва ўкраінскім Падольску (раней Катоўск). Дэпутаты гарадзкой рады Падольску вырашылі пахаваць парэшткі ў зямлі, на могілках. (https://goo.gl/TBZChN)

Вэтэраны-пагромшчыкі. У Маскве ў Сахараўскім цэнтры людзі, якія назвалі сябе «вэтэранамі Данбасу», зьнішчылі выставу беларускага фатографа Аляксандра Васюковіча — ім не спадабалася тэматыка сюжэтаў: на здымках вайскоўцаў, якія пазьней былі забітыя, фатограф флямастэрам паставіў крыжы. Невядома, ці сапраўды пагромшчыкі зьяўляюцца вэтэранамі баявых дзеяньняў на усходзе Ўкраіны. Гэтак сама невядома, колькі крыжоў — не флямастарам, а рэальных — пастаўлена на могілках расейскіх вайскоўцаў, якія вярнуліся з Данбасу ў трунах — Крэмль хавае такую статыстыку. (https://goo.gl/aOVuvS)

Расея рухаецца, але — куды? А вось іншая падзея з Масквы ўзрадавала: беларус Саша Філіпенка атрымаў штогадовую ўзнагароду «Зроблена ў Расеі» часопісу «Сноб» за раман «Цкаваньне», у якім распавядаецца пра перасьлед незалежнага журналіста. «Расея рухаецца ў бок Замяціна, Платонава і Стругацкіх», — сказаў Філіпенка ў інтэрвію Радыё Свабода. (https://goo.gl/1Yrr7y)

Лібэралізацыя без тэлевізара. І без пральнай машыны. І без мікрахвалёўкі. У Беларусі, як вядома — чарговая хваля лібэралізацыі. За палітычную актыўнасьць у турму ня садзяць (пакуль), але штрафы выпісваюць. За нявыплату штрафаў, накладзеных за ўдзел у палітычных акцыях, судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць актывіста руху салідарнасьці «Разам» Алеся Макаева. Забралі пральную і пасудамыечную машыну, тэлевізар, мікрахвалёвую печку і вэнтылятар. Жонка Алеся, Юля, кажа, што асабліва шкада тэлевізара — іх маленькая дачка ня толькі глядзела па ім мульцікі, але і разьвівальныя перадачы. І ўсё ж зь лібэралізацыяй лепей, чым безь яе: безь яе ў дзяцей забіралі не тэлевізары, а бацькоў. (https://goo.gl/d9kjTG)

Сэпаратысты пачынаюць з расейскага сьцяга. Алесь Макаеў выходзіў на акцыі пад бел-чырвона-белым сьцягам. А вось цікава, ці пакараюць штрафам тых, хто несьлі па вуліцы Першамайскай ў Магілёве сьцягі Расейскай Фэдэрацыі? Прыцягнуць іх да адказнасьці запатрабаваў ад магілёўскай пракуратуры і ўпраўленьня КДБ па Магілёўскай вобласьці старшыня абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. «Гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы. З гэтага пачынаўся сэпаратысцкі рух ва Ўкраіне. Там таксама былі спачатку бяскрыўдныя шэсьці, а скончылася ўсё вайной», — сказаў Шанцаў у інтэрвію Радыё Свабода. (https://goo.gl/Qd3o7r)

Падпісацца праз электронную пошту.

XS
SM
MD
LG