Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прыгарадзе Нью-Ёрку цягнік урэзаўся ў плятформу: 1 чалавек загінуў, 75 пацярпелі ВІДЭА


Прыгарадны цягнік сышоў з рэек і ўрэзаўся ў плятформу станцыі Хобакен у штаце Нью-Джэрзі. Відавочцы ў сацыяльных сетках пішуць пра пацярпелых і магчымыя ахвяры аварыі.

Афіцыйныя службы паведамілі NBC News, што пры крушэньні цягніка тры чалавекі загінулі і каля 75 – атрымалі траўмы.

Пазьней губэрнатар штату Крыс Крысьці ўдакладніў, што ад траўмаў сканаў толькі адзін чалавек, перадае Associated Press. Ратавальнікі выцягнулі ўсіх пасажыраў, заблякаваных ўнутры вагонаў, заявіў ён.

Раней служба надзвычайных сытуацый Нью-Джэрзі паведамляла пра больш чым сто пацярпелых. New Jersey Transit, чый цягнік сышоў з рэек, удакладняе што некалькі пасажыраў маглі аказацца заблякаванымі ўнутры вагонаў, перадае ABC News.

Аварыя адбылася каля 9 раніцы па мясцовым часе, у пэрыяд максымальнай загружанасьці прыгараднай чыгункі. Відавочцы ўдакладнялі, што на станцыі чакалася прыбыцьцё цягніка, заплянаванага на 08:38, але ён спазьняўся.

На фотаздымках, разьмешчаных у твітэры, відаць, што пры аварыі цягнік і сама станцыя Хобакен сур'ёзна пацярпелі: апорныя канструкцыі ляжаць на зямлі, ратавальнікі працуюць ў завалах, удакладняе NBC News.

Хобакен разьмешчаны на заходнім беразе ракі Гудзон насупраць Нью-Ёрку. Гэта пятая па загружанасьці станцыя сыстэмы New Jersey Transit. У працоўныя дні ёй карыстаюцца ў сярэднім 15 тысяч чалавек. Станцыя Хобакен – кансовая для многіх маршрутаў, там пасажыры робяць перасадку на цягнікі, якія ідуць праз тунэль пад ракой Гудзон да Мангэтану.

XS
SM
MD
LG