Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рашэньне OPEC аб скарачэньні здабычы нафты паўплывае на беларускую эканоміку?


Карбалевіч: Краіны-сябры Арганізацыі краін-экспартэраў нафты на нефармальнай сустрэчы ў Альжыры ў рамках XV Міжнароднага энэргетычнага форуму дамовіліся пра абмежаваньне здабычы нафты. Гэта адбылося ўпершыню за восем гадоў.

Цяпер краіны OPEC здабываюць каля 33,24 млн барэляў за суткі. Дамовіліся здабываць на ўзроўні 32,5–33 млн барэляў за суткі.

Неабходнасьць у такім рашэньні паўстала ў 2014-м, калі рэзка ўпалі цэны на нафту. У ліпені 2014 году барэль нафты маркі Brent каштаваў звыш 100 даляраў, а цяпер нафта таньнейшая больш як удвая.

Пасьля паведамленьня пра тое, што краіны OPEC дамовіліся, нафта падаражэла больш як на 5%. У сераду ўвечары барэль Brent таргаваўся на ўзроўні 48,6 даляра.

Экспэрты чакаюць далейшага росту цэнаў на нафту на фоне рашэньня краін OPEC.

Калі сусьветныя цэны на нафту пачнуць расьці, адбудзецца рост усіх эканамічных паказчыкаў Беларусі.

Гэтае рашэньне мае самае непасрэднае дачыненьне да Беларусі. Хоць аб’ём уласнай здабычы тут невялікі, але дзякуючы таму, што краіна даўно ператварылася ў афшор расейскіх нафтавых кампаніяў, Беларусь — важны экспартэр нафтапрадуктаў. Доля нафтапрадуктаў у даходах Беларусі ад экспарту складае ў залежнасьці ад сусьветных цэнаў на нафту ад 30 да 40%. І калі сусьветныя цэны на нафту ўпалі, то грашовы аб’ём экспарту адразу абрынуўся. Гэта адмоўна адбілася на ўсіх эканамічных паказьніках.

І вось цяпер, калі сусьветныя цэны на нафту пачнуць расьці, то адбудзецца рост усіх эканамічных паказьнікаў Беларусі. Што дасьць магчымасьць беларускім уладам казаць, што мы выходзім з крызісу. Волі да эканамічных рэформаў ва ўладаў і так не было. А цяпер яе будзе яшчэ менш.

Але тут зьяўляецца яшчэ адзін аспэкт. Справа ў тым, што сёлета, паводле міжурадавых пагадненьняў, Расея павінна была паставіць Беларусі 23–24 млн тон нафты. Аднак пасьля таго, як Менск адмовіўся плаціць за газ паводле кантрактнай цаны, Масква скараціла пастаўкі нафты. РФ паабяцала паставіць толькі 18 млн т. Але калі вырашыцца газавы канфлікт, то Расея абяцала аднавіць ранейшыя аб’ёмы пастаўкі.

Расея не ўваходзіць у арганізацыю OPEC. Аднак яна абавязалася таксама далучыцца да пагадненьня і скараціць здабычу. І ўзьнікае пытаньне: калі здабыча скароціцца, то пастаўкі нафты Беларусі таксама скароцяцца? Або не? Пакуль незразумела.

У любым выпадку, гэтае рашэньне OPEC паўплывае на эканоміку Беларусі.

Глод: Менавіта грошы ад перапрацоўкі і продажу расейскай нафты дапамагалі і дапамагаюць падтрымліваць тую састарэлую эканамічную мадэль, якой прытрымліваецца Аляксандар Лукашэнка. Гэта — мільярды даляраў. Тут спадар Карбалевіч называў некаторыя лічбы. Аналітыкі адзначаюць: у розныя пэрыяды расейскія субсыдыі былі большыя ці меншыя. Але ў сярэднім яны вагаюцца на лічбе каля 15% валавога ўнутранага прадукту Беларусі. Гэта велізарныя грошы.

Беларусь атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюзу два вялікія нафтаперапрацоўчыя заводы — у Наваполацку і Мазыры. І дагэтуль карыстаецца гэтым савецкім падарункам. Тут перарабляюць сырую расейскую нафту, а яе прадукты (бэнзін, мазут ды іншае) прадаюць, пераважна на Захад. Калі цэны на нафту зьмяншаюцца, то, адпаведна, зьмяншаюцца і кошты прадукцыі зь яе. А гэта азначае, што беларускі бюджэт атрымлівае меней грошай, чым на гэта спадзяваліся.

Упершыню ўрадавыя эканамісты бязь лішняга аптымізму ацанілі пэрспэктывы нафтавай будучыні.

Калі прымаецца праект нацыянальнага бюджэту, то ёсьць два парамэтры, якія найперш цікавяць экспэртаў, а апошнім часам, як мне падаецца, нават і простых людзей. Першы — колькі будзе каштаваць барэль нафты. Другі — які будзе курс расейскага рубля да даляра. Прычым, пры ўсёй значнасьці для беларускага экспарту расейскага рынку, сытуацыя на нафтавым рынку выглядае нават больш важнай.

Рашэньне OPEC скараціць здабычу нафты тэарэтычна павінна станоўча паўплываць на беларускую эканоміку. Нафты будзе меней, прадукты зь яе падаражэюць, грошай у бюджэце будзе болей. Але я не аптыміст у гэтым пытаньні. Хачу нагадаць, што праект бюджэту 2017 году зьвярстаны з разьліку, што адзін барэль сырой нафты цягам наступнага году будзе каштаваць у сярэднім 35 даляраў. Думаю, што гэта ўпершыню, калі ўрадавыя эканамісты бязь лішняга аптымізму ацанілі пэрспэктывы нафтавай будучыні.

Каліноўскі: Колькі Расея паставіць нафты? Я б сказаў, гэта не эканамічнае рашэньне, а палітычнае. На колькі вырашыць Масква датаваць беларускую эканоміку, так яна і будзе рэгуляваць гэтае пытаньне і выкарыстоўваць яго як спосаб ціску на беларускае кіраўніцтва.

Што тычыцца цэнаў, дык тут я б не сьпяшаўся з высновамі. Па-першае, чаму не маглі два гады дамовіцца пра зьніжэньне цэнаў ОРЕС і іншыя вытворцы нафты? Таму што баяліся, што хтосьці зь іхных канкурэнтаў зойме тыя рынкі, якія яны страцяць. Як будуць яны сябе паводзіць, ці пойдуць яны на выкананьне гэтай дамоўленасьці, хоць і на нязначнае, але скарачэньне здабычы нафты, заплянаванае ОРЕС? Трэнд нейкі намеціўся, але ці ён рэалізуецца — гэта яшчэ не абавязкова.

Эканоміку трэба адвязваць ад расейскай нафтавай іголкі.

Сапраўды, пры скарачэньні здабычы нафты ў сьвеце можа ўзьняцца яе цана, што для Беларусі будзе выгадна — падаражэюць нафтапрадукты, якія экспартуе Беларусь. Але такое здарыцца не абавязкова. Усё будзе залежаць ад наяўнасьці запасаў сырой нафты ў такіх краінах, як ЗША і Кітай, ад таго, цёплай ці халоднай будзе зіма. Як будзе паводзіць сябе на рынку Іран, які нядаўна пазбавіўся міжнародных санкцыяў і згаладнеў па нафтадалярах? Да таго ж у сьвеце пастаянна расьце колькасьць альтэрнатыўных крыніц энэргіі, разьвіваецца атамная энэргетыка, краіны спрабуюць сысьці з-пад уплыву манапалістаў. Так што эканоміка краін ЭЗ, якія таксама буйныя спажыўцы энэрганосьбітаў, усё больш адвязваецца ад нафты. Гэты трэнд быў зададзены менавіта тады, калі нафта была празьмерна дарагая.

Для Беларусі камфортная цана — 60–70 даляраў за барэль, наўрад ці цана на нафту скокне да 75 даляраў. Сусьветны банк прагназуе цану на нафту ў раёне 50 даляраў за барэль. Так што моцнага падаражэньня, якое б уратавала беларускую эканоміку, беларускі бюджэт, дазволіла ўраду разьлічыцца з даўгамі, не набіраючы новых даўгоў, чакаць не выпадае. Эканоміку трэба адвязваць ад расейскай нафтавай іголкі, бо, як бачыце, нафта становіцца прадметам шантажу з боку Масквы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG