Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве на месцы масавага зьнішчэньня нацыстамі габрэяў, цыганоў і ўкраінцаў будзе створаны мэмарыяльны цэнтар Галакосту


Сёньня ва Ўкраіне ўшаноўваюць памяць ахвяр Бабінага Яру. У часе нямецкай акупацыі з 1941 да 1943 году на тэрыторыі аднайменнага ўрочышча нацысты расстралялі, паводле розных ацэнак, ад 70 да 200 тысяч грамадзян, пераважна — габрэйскай нацыянальнасьці.

Гэтая дата адзначаецца хвілінамі маўчаньня, урокамі памяці ў школах, дэманстрацыяй тэматычных фільмаў і выстаў, у якіх задзейнічаныя моладзь, палітыкі, грамадзкія дзеячы розных нацыянальнасьцяў і з розных краін.

«Калі пасьля нашых мерапрыемстваў людзі пачнуць думаць: „Што здарылася ў Бабіным Яры? Я вырас у савецкай Украіне і нават ня чуў пра гэтае месца, а цяпер разумею, што фактычна на маім парозе адбылася жудасная трагедыя“, я буду лічыць гэта посьпехам. Вядома, гэтыя захады важныя для ўшанаваньня памяці загінулых, але яны таксама вельмі важныя для жывых, каб мы маглі зразумець гэтыя рэчы», — кажа выканаўчы дырэктар Усясьветнага габрэйскага кангрэсу Лоўрэнс Вайнбаўм.

На тэрыторыі Бабінага Яру гучаць творы Леанарда Бэрнстайна і музыка зь фільму «Сьпіс Шындлера». Кампазытар Сьвятаслаў Лунёў адмыслова да 75-х угодкаў трагедыі напісаў твор «Сьведка», які будзе прадстаўлены сёньня ў Бабіным Яры ў выкананьні дзяцей.

«Ніколі зноў. Never again. Трагедыя не павінна паўтарыцца», — кажа прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Разам з грамадзкімі дзеячамі і філянтропамі ён ініцыяваў стварэньне ў Бабіным Яры першага Мэмарыяльнага цэнтру ахвяраў Галакосту, які плянуецца пабудаваць на працягу бліжэйшых пяці гадоў.

У шэрагах ініцыятараў гэтай ідэі — галоўны рабін Кіева і Ўкраіны Якаў Доў Блайх, музыка Сьвятаслаў Вакарчук, экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі, спартовец Уладзімер Клічко, былы сэнатар ад штату Канэктыкут (ЗША) Джо Лібэрман, украінскі бізнэсовец Віктар Пінчук, экс-міністар замежных спраў і віцэ-канцлер Нямеччыны Ёшка Фішэр, заснавальнікі Габрэйскага кангрэсу Расеі Міхаіл Фрыдман і Герман Хан, старшыня фонду мэмарыяльнага цэнтру «Бабін Яр» Павел Фукс і старшыня выканаўчай рады Габрэйскага агенцтва для Ізраілю Натан Шчаранскі.

«Мы, украінцы, разумеем смутак габрэяў як свой уласны. У гады Другой сусьветнай вайны ўкраінцы таксама панесьлі шматмільённыя страты, і мы добра ведаем, як гадамі і дзесяцігодзьдзямі баляць сэрцы і душы па нашых загінулых родных і блізкіх», — адзначыў Пятро Парашэнка.

Паводле яго, зьнішчэньне габрэяў адбывалася ня з волі ўкраінцаў — прадстаўнікі абедзьвюх нацыянальнасьцяў заўсёды жылі разам на тэрыторыі краіны, а цяпер разам ствараюць адзіную сучасную палітычную нацыю. «Мы разам будуем краіну, дзе няма месца антысэмітызму, і наша адзінства зьяўляецца падмуркам нашых перамог», — перакананы ўкраінскі прэзыдэнт.

За час Другой сусьветнай вайны Ўкраіна страціла да 60% свайго даваеннага габрэйскага насельніцтва: паўтара мільёна ўкраінскіх габрэяў сталі ахвярамі Галакосту. «Гэта трагедыя не нацыянальнага, а плянэтарнага маштабу. Галакост — злачынства ня толькі супраць асобнага народу, а супраць усяго чалавецтва», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка.

Чакаецца, што ў жалобных захадах, якія адбудуцца сёньня ўвечары ў Бабіным Яры, разам з кіраўніцтвам Украіны таксама возьмуць удзел прэзыдэнты Нямеччыны Ёахім Гаўк, Вугоршчыны Янаш Адэр, Эўрапейскай рады Дональд Туск.

XS
SM
MD
LG