Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саша Філіпенка: «Наступны раман называецца «Чырвоны крыж»


Беларускі пісьменьнік Саша Філіпенка прысьвяціў забітаму ў Кіеве журналісту Паўлу Шарамету сваю прэмію «Зроблена ў Расеі». Штогадовую ўзнагароду расейскага часопісу «Сноб» Філіпенка атрымаў у намінацыі «Літаратура» за свой апошні раман «Цкаваньне» пра перасьлед незалежнага журналіста ў сучаснай Расеі.

У кароткім камэнтары для Свабоды пасьля атрыманьня прэміі Філіпенка расказаў, як паставіліся да ягонага ўчынку арганізатары прэміі і якой будзе наступная кніга.

Радыё Свабода: Як успрымаецца ваш апошні раман на фоне агрэсіўных стасункаў цяперашняй улады з мастацтвам?

Саша Філіпенка: Улада ў Расеі, на шчасьце, не зьвяртае ўвагі на літаратуру. Кнігі ці не апошняе прыстанішча свабоды. Хоць, напэўна, гэта пытаньне часу.

РС: Чаму вы прысьвяцілі прэмію Шарамету?

СФ: Прачытаўшы ўрывак «Былога сына», Павал патэлефанаваў Барысу Пастэрнаку (галоўны рэдактар выдавецкага дому «Час». — РС) і сказаў, што трэба тэрмінова публікаваць. Шарамет быў першым чалавекам, які зьвярнуў увагу выдаўца на мой раман. Пасьля гэтага мы пазнаёміліся. Я прысьвяціў кнігу Паўлу, таму што ў апошні час, асабліва ў Расеі, я чую, што тэма раману ня важная, а такіх журналістаў, як галоўны герой маёй кнігі, даўно няма. Аднак мы зноў і зноў бачым, як рэпарцёры церпяць за сваю прафэсійную дзейнасьць.

Пра рэакцыю казаць складана, але арганізатары і гледачы ў залі мяне безумоўна падтрымалі. Асабіста мне здаецца, што рэакцыя тут можа быць адна: мы мусім памятаць пра ўсіх журналістаў, якія адышлі: пра Шарамета, Паліткоўскую, Завадзкага і іншых. Мы мусім зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб такія трагедыі ніколі не паўтараліся, а тыя, што адбыліся, былі расьсьледаваныя.

РС: Ці ёсьць супярэчнасьць у тым, што прэмію «Зроблена ў Расеі» атрымалі менавіта вы?

СФ: Я іх ня бачу. Фармальна я не грамадзянін Расеі, але ў «Снобе», на шчасьце, няма фармалістаў. Мяне намінавалі за раман, у якім апісана, як сёньня ўсё «зроблена ў Расеі».

РС: Адчуваеце сябе прарокам? Оруэлам? Пісьменьнік проста бачыць больш за іншых ці гэта рэальны дар прадбачаньня?

СФ: Я нічога не прадбачыў. Я рабіў здымак часу. Паставіў фотаапарат і, націснуўшы на кнопку, зрабіў здымак з доўгай вытрымкай.

РС: У мяне мала сяброў у Расеі, але сумна і страшна назіраць, як ім там усё больш сумна і страшна. Што добрае і што кепскае з таго, што там адбываецца, уплывае на вас?

СФ: Калі казаць з пункту гледжаньня грамадзяніна, абываталя — кожны дзень у Расеі адбываюцца сумныя рэчы. Краіна імкліва рухаецца ў бок Замяціна, Платонава і Стругацкіх. Аднак калі ўспрымаць з пункту гледжаньня пісьменьніка, то ўсё гэта, безумоўна, вельмі цікава.

РС: Пра што вашая наступная кніга? Калі яна выйдзе?

СФ: Наступны раман называецца «Чырвоны крыж». Гэта гісторыя дачыненьняў Савецкага Саюза і Міжнароднага Чырвонага крыжа ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны. Гісторыя адной жанчыны, на якую абрынаецца ўвесь жах дваццатага стагодзьдзя. Калі выйдзе, ня ведаю. Дайце мне крыху часу.

Саша Філіпенка, пісьменьнік і журналіст, ляўрэат «Рускай прэміі» 2014 году, аўтар раманаў «Былы сын», «Задумы», «Цкаваньне».

XS
SM
MD
LG