Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выканаўцам абавязкаў рэктара ЭГУ прызначаны Ёрген Ёргенсэн


Ёрген Ёргенсэн

Ёрген Ёргенсэн

Усеагульны сход сузаснавальнікаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) прызначыў былога дырэктара адміністрацыі Ўнівэрсытэту Орхуса, другога па велічыні ўнівэрсытэту Даніі, Ёргена Ёргенсэна выканаўцам абавязаў рэктара, гаворыцца на сайце ўнівэрсытэту. На новай пасадзе Ёргенсэн пачне працаваць ад 3 кастрычніка.

«Па-першае, ён прынясе выбітны досьвед у галіне адукацыйнага адміністраваньня і глыбокія веды ў сфэры міжнароднай супрацы — якасьці, неабходныя на гэтым этапе разьвіцьця ЭГУ, — заяўляе прэзыдэнт фонду „Эўразія“ Хортан Бібі-Сэнтэр. — Па-другое, прызначэньне спадара Ёргенсэна стала магчымым дзякуючы працы і падтрымцы ўраду Швэцыі, аднаго з асноўных партнэраў ЭГУ».

Ёргенсэн скончыў Унівэрсытэт Капэнгагена са ступеньню магістра эканомікі, затым Эўрапейскую лідэрскую праграму ў галіне здароўя. Да прыходу ў ЭГУ ён займаў пасаду дырэктара адміністрацыі Ўнівэрсытэта Орхуса, да таго — працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і Міністэрстве ўнутраных справаў і здароўя Даніі, муніцыпалітэце Капэнгагену, а таксама больш за 20 гадоў узначальваў найбуйнейшыя лякарні Даніі.

Ёргенсэн заявіў, што лічыць за гонар служыць мостам паміж мінулым і будучым рэктарамі, падкрэсьліў неабходнасьць пасьлядоўнасьці, стабільнасьці і празрыстасьці ў пэрыяд пераходу ЭГУ да ўстойлівай фінансавай дзейнасьці і плянаваньня. Унівэрсытэт ён назваў «унікальным праектам, як ніколі запатрабаваным беларускім грамадзтвам».

У траўні Сэнат ЭГУ палічыў неабходным адклікаць кіраўнікоў ВНУ, у тым ліку рэктара Дэйвіда Поліка, і ўвесьці антыкрызіснае кіраваньне, бо ЭГУ «стаў мішэньню для крытыкі, выкліканай неэфэктыўнасьцю мадэлі кіраваньня, якая склалася за апошнія гады, і дзеяньнямі асобных кіраўнікоў».

Гэта адбылося пасьля публікацыі ў СМІ вынікаў аўдыту ўнівэрсытэту кампаніяй Deloitte, якая ў тым ліку крытыкавала непразрыстасьць выбараў кіраўніцтва і вялізныя заробныя платы кіраўніцтва. ЭГУ ў сваю чаргу крытыкавала аўдыт Deloitte.

XS
SM
MD
LG