Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка ў Бабіным Яры: Ва Ўкраіне няма месца антысэмітызму


Масавыя забойствы габрэяў у гады Другой сусьветнай вайны Ўкраіна ўспрымае як уласны смутак, заявіў прэзыдэнт Пятро Парашэнка на мерапрыемствах у Кіеве з нагоды 75-й гадавіны трагедыі Бабінага Яра.

«Мэмарыял у Бабіным Яры павінен стаць сымбалем таго, што падобная трагедыя ніколі не паўторыцца, сымбалем яднаньня, гонару і павагі ўсіх украінцаў, незалежна ад нацыянальнасьці», — сказаў Парашэнка і дадаў, што ва Ўкраіне не павінны мець месца праявы антысэмітызму.

Рaней сёньня ў Кіеве пры ўдзеле прэзыдэнта Ўкраіны і іншых прадстаўнікоў улады адбылося падпісаньне дэклярацыі аб стварэньні мэмарыялу «Бабін Яр».

Падчас нямецкай акупацыі Кіева Бабін Яр стаў месцам масавых расстрэлаў нацыстамі габрэяў і цыганоў, савецкіх ваеннапалонных, партызанаў, членаў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Толькі за два дні, 29 і 30 верасьня 1941 года, тут былі расстраляныя амаль 34 тысячы габрэяў. Масавыя расстрэлы працягваліся амаль да вызваленьня Кіевa ў лістападзе 1943 году. За гэты час, паводле розных ацэнак гісторыкаў, у «Яры Сьмерці» было зьнішчана ад 70 тысяч да 200 тысяч чалавек.

Пасьля Другой сусьветнай вайны савецкая ўлада спрабавала схаваць трагедыю Бабінага Яра, але ў 1966 годзе з нагоды 25-й гадавіны трагедыі прайшлі акцыі пратэсту, пасьля чаго было прынята рашэньне ўсталяваць помнік.

XS
SM
MD
LG