Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзянку асудзілі за назойлівае каханьне да ксяндза


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд Лідзкага раёну прысудзіў дзяўчыне два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову за распаўсюд у інтэрнэце хлусьлівых зьвестак, якія ганьбяць асобу, піша «Лідская газета».

Жанчына нарадзілася і расла ў Лідзе, але на лета заўжды езьдзіла да бабулі ў вёску, дзе закахалася ў крыху старэйшага за сябе хлопца. Той па завяршэньні вучобы пайшоў служыць у адзін зь касьцёлаў Ліды, парафіянкай якога аказалася дзяўчына.

Яна прызналася ксяндзу ў каханьні, выкарыстоўвала кожную магчымасьць сустрэцца зь ім, а сьвятар адно адказваў, што, паводле канонаў касьцёлу, яму нельга жаніцца і мець дзяцей, ды і такіх жа пачуцьцяў да яе ён ніколі ня меў. Пазьней ксёндз перавёўся ў суседні раён.

Дзяўчына даведалася пра новае месца жыхарства сьвятара і пачала хуліганіць: разьбіла ў парафіяльным доме вакно, зьняла транзытны нумар з машыны, разьмяшчала фота ксяндза ў інтэрнэце. Калі яна выліла на капот яго машыны вадкасьць для зьняцьця ляку, сьвятар зьвярнуўся ў міліцыю. Тады суд даў дзяўчыне 240 гадзінаў грамадзкіх работ.

Пасьля гэтага дзяўчына замяніла на старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» сваё імя на імя і прозьвішча ксяндза, разьмясьціла ягоныя фота, а потым дадала і фота нейкіх дзяцей — нібыта ягоных. Ксёндз хваляваўся за свой імідж як сьвятара, бо такая старонка сьведчыла б пра грахоўныя сувязі, і зноў зьвярнуўся з міліцыю. Паводле новага звароту і быў вынесены цяперашні прысуд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG