Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны OPEC дамовіліся скараціць здабычу нафты — цэны адразу вырасьлі


Краіны OPEC упершыню за восем гадоў дамовіліся аб невялікім скарачэньні здабычы нафты.

Пра гэта заявілі міністар нафты Нігерыі Эмануэль Качыкву і яго іранскі калега Біджан Зангане, паведамляе BBC.

«OPEC сёньня прыняла выключнае рашэньне. Пасьля двух з паловай гадоў арганізацыя дасягнула кансэнсусу ў тым, як кіраваць рынкамі», — цытуе Reuters іранскага міністра.

Прадстаўнікі Арганізацыі краінаў-экспартэраў нафты заявілі, што здабыча будзе абмежаваная абʼёмамі 32,5-33 млн барэляў за суткі. Цяпер краіны OPEC здабываюць каля 33,24 млн барэляў за суткі.

Апошні раз чальцы OPEC дамаўляліся аб скарачэньні здабычы нафты восем гадоў таму.

Неабходнасьць у падобным рашэньні паўстала ў 2014-м, калі рэзка ўпалі цэны на нафту. У ліпені 2014 году барэль нафты маркі Brent каштаваў звыш 100 даляраў, а цяпер нафта больш чым удвая таньнейшая.

Пасьля паведамленьня пра тое, што краіны OPEC дамовіліся, нафта падаражэла больш як на 5%. У сераду ўвечары барэль Brent таргаваўся на ўзроўні 48,6 даляра.

Экспэрты чакаюць далейшага росту цэнаў на нафту на фоне рашэньня краін OPEC.

XS
SM
MD
LG