Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная сьледчая група па Боінгу-777 не назаве імён злачынцаў, хоць яны вядомыя, — СМІ


Сёньня будуць абвешчаныя першыя афіцыйныя вынікі крымінальнага расьсьледаваньня нападу на Боінг 777 Малайзійскіх авіяліній, зьбіты пад Данецкам у ліпені 2014 году.

Міжнародная сьледчая група (Joint Investigation team, JIT) пад кіраўніцтвам пракуратуры Нідэрляндаў адкажа на пытаньні журналістаў на прэс-канфэрэнцыі ў галяндзкім горадзе Ньювэхайн, прыгарадзе Утрэхта.

Расейская служба Радыё Свабода вядзе будзе весьці прамую твітэр-трансьляцыю з прэс-канфэрэнцыі з 14:00.

Калі верыць прагнозам у нідэрляндзкай прэсе, будзе пацьверджаная вэрсія пра транспартаваньне ЗРК «Бук» праз расейскую мяжу, запуск ракеты з падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі на поўдзень ад Сьнежнага (пасёлак Чырвоны Жоўцень) і пра перапраўку затым ўстаноўкі назад у Расею.

Між тым, у адрозьненьне ад апублікаванага год таму дакладу Рады бясьпекі Нідэрляндаў аб прычынах крушэньня рэйсу МН17, усе высновы міжнароднай сьледчай групы будуць пакладзены ў аснову крымінальнай справы і могуць наўпрост выкарыстоўвацца як доказы з боку абвінавачаньня, таму абвесьцяць толькі тыя зьвесткі, якія ўжо неабвержна даказаныя і пераправераныя некалькі разоў. Паводле інфармацыі нідэрляндзкай тэлекампаніі NOS, імёны падазраваных у сераду называцца ня будуць, хоць раней кіраўнік сьледчай групы Фрэд Вэстэрбеке згадваў у шэрагу інтэрвію, што ён і яго калегі ўжо выйшлі на вельмі канкрэтны сьпіс асобаў, датычных да гібелі «Боінга». Ніякай яснасьці ў пытаньні аб тым, у якім выглядзе будзе праходзіць суд над падазраванымі, пакуль няма, піша NOS. Трыбунал ААН, як вядома, заблякавала Расея. Таксама невядома, калі сьледчая група абвесьціць канчатковыя вынікі крымінальнага расьсьледаваньня.

У сераду раніцай, перад прэс-канфэрэнцыяй, сьледчыя сустрэнуцца са сваякамі пасажыраў, што загінулі. «Да гэтага часу мы чулі адны здагадкі і вэрсіі», — кажа Ганс дэ Борст, які страціў пад Данецкам 17-гадовую дачку. Яго словы цытуе тэлекампанія NOS. Сёньня, больш чым праз два гады, Ханс спадзяецца пачуць нешта канкрэтнае: «Я чакаю яснай справаздачы з сапраўднымі доказамі ад інстанцыі, якую я высока стаўлю». Ханс дадае, што хоць ён і ня можа зьмірыцца з тым, што дзесьці на волі застаюцца людзі, на сумленьні якіх сьмерць яго дачкі, выдачы вінаватых правасудзьдзю чакаць, на яго думку, не даводзіцца: «Мяне задаволіць ужо тое, калі будуць вынесены абвінавачваньні ў адрас пэўнай групы асоб з пэўнага гарнізону пэўнага гораду. Гэтага мне будзе дастаткова». Робі Улерс, у якога ў катастрофе загінулі пляменьніца і яе жаніх, кажа, што самае галоўнае, каб расьсьледаваньне «да чагосьці прывяло»: «Самае жудаснае будзе, калі ўсё так і спусьцяць на тармазах».

XS
SM
MD
LG