Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Yugo Rock: песьня пра таемную повязь


Гурт «Bijelo Dugme» у 1970-х гадах.
Гурт «Bijelo Dugme» у 1970-х гадах.

Пад канец мінулага стагодзьдзя сэрбскі музычны часопіс «Rock Express» правёў апытаньне і апублікаваў сьпіс «100 найлепшых песьняў югаслаўскай рок-музыкі ўсіх часоў». У сьпісе апынуліся пераважна песьні выканаўцаў з колішняй Сацыялістычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі Югаславія, але трапіў туды таксама і дзясятак запісаў, зробленых ужо пасьля распаду гэтай краіны ў пачатку 1990-х.

У гэтым сьпісе – 8 песень легендарнага югаслаўскага рок-гурта «Bijelo Dugme» (Белы Гузік) з Сацыялістычнай Рэспублікі Босьніі і Герцагавіны. Гурт існаваў у 1974-1989 гг. Яго найбольш вядомы склад: Горан Брэгавіч (гітара), Жэлька Бэбэк (сьпеў), Зоран Рэджыч (бас-гітара), Горан Івандзіч (бубны), Улада Праўдзіч (клявішныя).

У сярэдзіне 1970-х, калі «Bijelo Dugme» выдалі свае два знакамітыя альбомы – «Kad bi bio bijelo dugme» (Каб быў я белым гузікам, 1974 ) і «Šta bi dao da si na mom mjestu» (Што б ты даў, каб быць на маім месцы, 1975) – іхныя песьні часта круцілі ў трэцяй праграме Польскага радыё, і якраз тады яны заселі ў маёй галаве на ўсё жыцьцё. Але песьню «Ima neka tajna veza» (Ёсьць нейкая таемная повязь), якую хачу прыгадаць сёньня, я пачуў значна пазьней, хоць упершыню яна зьявілася ў 1975 годзе на сынгле, на вокладцы якога выканаўцы былі пазначаныя наступным чынам: Горан Брэгавіч, «Белы Гузік» і Заграбскі струнны квартэт.

Вось аўдыё таго запісу з 1975 году:

Тэкст песьні напісаў басьнійскі сэрбскі паэт Душка Трыфунавіч (1933-2006), які быў «штатным» тэкставіком «Bijelo Dugme». Тэкст настолькі харошы і ляпідарны, што сходу яго не перакладзеш на беларускую, не нарабіўшы кучы літаратурнай шкоды. Таму я прывяду тут арыгінал і падрадкоўнік, які зрабіў мой рэдакцыйны калега Сяргей Шупа:

Ima neka tajna veza
Za sve ljude zakon krut
Njome čovjek sebe veže
Kada bira sebi put

Sidro koje lađu čuva
Da ne bude buri plijen
Tone skupa sa tom lađom
Jer je ono dio nje

Ima neka tajna veza
Tajna veza za sve nas
Ima neka tajna veza
Tajna veza za sve nas

Ёсьць нейкая таемная повязь
Для ўсіх людзей закон суворы
Ім чалавек сябе вяжа
Калі выбірае сабе дарогу

Якар які лодку беражэ
каб яна ня стала здабычай буры
Тоне разам з той лодкай
Бо ён частка яе

Ёсьць нейкая таемная повязь
Таемная повязь для ўсіх нас
Ёсьць нейкая таемная повязь
Таемная повязь для ўсіх нас

Кожны з фанатаў «Bijelo Dugme», відаць, разумеў песьню па-свойму, але гэтыя словы набылі дадатковы, надзвычай шчымлівы сэнс трыццаць гадоў пазьней, калі гурт сышоўся ў 2005 годзе, каб даць канцэрты ў Бялградзе, Заграбе і Сараеве – трох гарадах, якія ў 1970-х і 1980-х былі ў адной дзяржаве, а ў 1990-х апынуліся ў трох розных. Паглядзіце, як рэагавала на гэтую песьню публіка на адным з тых настальгічных канцэртаў:

На жаль, у Югаславіі не аказалася «таемнай повязі» паміж людзьмі, якая б не дазволіла ім акунуцца у кашмар міжусобнай вайны і праліць мора крыві ў 1990-х...

Я дзесьці чытаў інтэрвію з Горанам Брэгавічам, у якім музыка (нарадзіўся ён у Босьніі, але ягоная маці была сэрбкай, а бацька харватам) зрабіў поўнае горкай самаіроніі прызнаньне: я, відаць, адзіная добрая справа, якую сэрбы і харваты зрабілі разам...

Ну, ад сябе дадам, што «Bijelo Dugme» – як мінімум яшчэ адна добрая справа, якую сэрбы зрабілі супольна з харватамі і басьнійцамі.

«Я багатварыў Юга-рок, бо для мяне ён стаў сапраўды дзейсным ладам жыцьця, які збліжаў мяне з тымі людзьмі, што маглі адчуваць радасьць і сум, і ім не былі патрэбныя для гэтага лішнія словы. (...) Калі нашы заходнія аднагодкі вучыліся музыцы па стандартных ‘Yellow Submarine’ і ‘Rock’n’Roll Music’, гітарысты-пачаткоўцы ўсёй Югаславіі спрабавалі імітаваць арыгінальныя рытмы басьнійскага блюзу, які зрабіў несьмяротным галавакружна папулярны сараеўскі гурт ‘Белы Гузік’» – напісаў у сваім вядомым эсэ «Сутоньне ідалаў» славенскі пісьменьнік і крытык Алеш Дэбэляк (1961-2016). Для Дэбэляка цітаўская Югаславія была узорам сапраўднай, а не рэклямаванай цяперашнімі мас-мэдыямі і палітыкамі культурнай разнастайнасьці.

«Калі ты не ўсьведамляеш таго, што ты згубіў, ты не згубіў нічога» – адзначае Дэбэляк у іншым месцы свайго эсэ.

Па-мойму, тыя людзі з 2005 году, якія пад гітару Брэгавіча сьпявалі «Ima neka tajna veza», усьведамілі сваю згубу...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG