Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск мае намер арганізаваць палёты на Марс празь 10 гадоў


Мадэль касьмічнай станцыі для асваеньня Марса паводле праекту Mars One

Амэрыканскі прадпрымальнік Ілан Маск абнародаваў у панядзелак пляны палёту людзей на Марс і стварэньня там пастаяннай калёніі зямлянаў. Паводле яго слоў, такі палёт можа адбыцца ў наступным дзесяцігодзьдзі.

Згодна з праектам Маска, які ёсьць заснавальнікам прыватнай кампаніі SpaceX, што ажыцьцяўляе запуск на арбіту грузавых касьмічных караблёў, для палёту на Марс спатрэбіцца звышмагутная ракета-носьбіт, якая выведзе на калязямную арбіту касьмічны карабель, а потым даставіць туды запасы паліва, неабходнага для запраўкі рухавікоў карабля, што адправіцца з арбіты да Марса, калі той будзе на мінімальнай адлегласьці ад Зямлі.

У плянах Маска — стварэньне касьмічнага карабля, здольнага ўзяць на борт ад 100 да 200 чалавек. У далёкай пэрспэктыве — збудаваньне горада на Марсе, хоць Ілан Маск ня ўзяўся прадказаць, калі гэта можа адбыцца. Паводле яго слоў, новая ракета-носьбіт будзе ўяўляць сабой значна больш магутны варыянт існай ракеты Falcon 9.

Прэзэнтацыяй свайго праекту, якая адбылася на канфэрэнцыі ў Мэксыцы, Ілан Маск кінуў выклік амэрыканскаму касьмічнаму агенцтву NASA, якое плянуе адпраўку людзей на Марс да 2035 году. Яно ацэньвае кошт гэтага прадпрыемства ў некалькі сотняў мільярдаў даляраў. Маск спадзяецца, што яго праект прыцягне ўвагу і прыватных, і дзяржаўных інвэстараў, што дасьць магчымасьць зэканоміць сродкі і пачаць ажыцьцяўленьне палётаў на Марс значна раней.

Крытыкі, паказваючы на адсутнасьць канкрэтных плянаў і дэталёвага тэхнічнага апісаньня праекту, назвалі яго навукова-фантастычнымі летуценьнямі, аднак у Ілана Маска і яго ідэі ёсьць нямала прыхільнікаў сярод прафэсіяналаў касьмічнай індустрыі.

XS
SM
MD
LG