Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць абвешчаныя папярэднія вынікі расьсьледаваньня трагедыі Боінга-777


Рэканструяваныя абломкі самалёта MH17

Рэканструяваныя абломкі самалёта MH17

Першы намесьнік генэральнага пракурора Ўкраіны Дзьмітры Старажук паехаў у Нідэрлянды, дзе ў сераду павінны апублікаваць вынікі расьсьледаваньня катастрофы Боінга-777 у Данбасе.

«Першы намесьнік генпракурора Дзьмітры Старажук адбыў у Нідэрлянды, дзе заўтра будуць абвешчаныя папярэднія вынікі расьсьледаваньня трагедыі Боінга МН17», — паведаміла 27 верасьня ў Twitter прэс-сакратар генпракурора Ўкраіны Ларыса Сарган.

28 верасьня міжнародная камісія, якая расьсьледуе катастрофу Боінга-777, павінна апублікаваць справаздачу аб тым, зь якога месца і якой зброяй зьбілі самалёт.

Летась нідэрляндзкая сьледчая група пацьвердзіла: «Боінг» быў зьбіты ва ўкраінскім небе ракетай, выпушчанай з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук». Вынікі сьледзтва сьведчаць пра беспадстаўнасьць вэрсіі, прапанаванай Расеяй, згодна зь якой рэйсавы авіялайнэр зьбілі з украінскага самалёта-штурмавіка. У той жа час у справаздачы няма ўказаньняў на тое, хто выпусьціў ракету з «Бука». Гэта павінна была высьветліць іншая сьледчая група, якой кіруюць Нідэрлянды і ў склад якой уваходзяць Бэльгія, Малайзія, Аўстралія і Ўкраіна.

17 ліпеня 2014 году каля горада Тарэза Данецкай вобласьці з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук» быў зьбіты самалёт «Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Усе 298 чалавек на борце, сярод якіх было 80 дзяцей, загінулі.

Захад і Ўкраіна заяўляюць, што доказы таго, што самалёт зьбілі з комплексу «Бук», перададзенага баевікам Расеяй; пакуль дакладна не даказана, ці датычныя да гэтага кадравыя расейскія вайскоўцы і расейскае ваеннае камандаваньне. Грамадзянскія сьледчыя кажуць, што вызначылі некалькі расейскіх вайскоўцаў, зь якіх некаторыя датычныя да зьбіваньня. Баевікі і Расея сваё дачыненьне адмаўляюць. Канчатковая кропка ў расьсьледаваньні зьбіваньня самалёта дагэтуль не пастаўленая.

Міжнародная сьледчая група, якая вядзе расьсьледаваньне справы зьбітага на ўсходзе Ўкраіны Боінга, прыйшла да высновы, што пасажырскі самалёт быў зьбіты ракетай, выпушчанай з тэрыторыі, падкантрольнай прарасейскім сэпаратыстам, паведамляе The Guardian са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.

Сумесная сьледчая група (Joint Investigation Team, JIT) пад кіраўніцтвам галяндзкіх сьледчых зьбірае доказы для магчымага крымінальнага працэсу ў справе зьбітага Боінга. У групу таксама ўваходзяць прадстаўнікі Аўстраліі, Бэльгіі, Малайзіі і Ўкраіны.

Даклад грунтуецца на высновах, зробленых раней Радай бясьпекі Нідэрляндаў (DSB). Экспэрты DSB прыйшлі да высновы, што самалёт зьбілі ракетай, выпушчанай устаноўкай «Бук» расейскай вытворчасьці. Гэтая сыстэма ёсьць на ўзбраеньні як Расеі, так і Ўкраіны.

Паводле крыніцаў газэты, міжнародныя сьледчыя ў дакладзе назавуць дакладныя каардынаты месца пуску ракеты. Суразмоўцы газэты лічаць, што гэтае месца знаходзілася на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам, непадалёк ад гораду Сьняжное.

Акрамя таго, сьледчыя працавалі над сцэнаром, згодна зь якім устаноўка «Бук» належала расейскай 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе СПА. Раней добраахвотнікі з Bellingcat, працуючы з адкрытымі крыніцамі, сьцьвярджалі, што гэтую ўстаноўку даставілі на тэрыторыю Ўкраіны з Курскай вобласьці.

Сьледзтва JIT апэравала спадарожнікавымі зьвесткамі, якія перадалі ЗША, і шматлікімі сьведчаньнямі перамяшчэньня ўстаноўкі «Бук» па тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі.

Галяндзкі дыпляматычны экспэрт Робэрт ван дэ Рур сказаў The Guardian, што сьледчыя не змаглі вызначыць «чалавека, які націснуў кнопку» на пускавой устаноўцы. Але JIT вядомыя імёны 20 расейскіх вайскоўцаў, якія маглі б скласьці «шырокае кола падазраваных».

За двое сутак да публікацыі дакладу міжнароднай сьледчай групы прадстаўнікі расейскага Міністэрства абароны загадзя паспрабавалі зьняпраўдзіць высновы сьледзтва аб запуску ракеты з раёну гораду Сьняжное.

Вытворца «Бука» — карпарацыя «Алмаз-Антэй», якая займаецца ў тым ліку абслугоўваньнем цывільных радараў, знайшла архіўныя дадзеныя РЛС, якая назірала ў дзень крушэньня Боінга за паветранай прасторай на ўсходзе Ўкраіны. Паводле гэтых файлаў, запускаў ракет у раёнах на ўсход ад месца выбуху не зафіксавана.

Самалёт Боінг 777 быў зьбіты 17 ліпеня над усходам Украіны. Яго абломкі ўпалі ў раёне вёскі Грабава. Усе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Адразу пасьля падзеньня ляйнэра СМІ сэпаратыстаў і расейскія мэдыі паведамлялі пра падзеньне ўкраінскага ваенна-транспартнага самалёта Ан-26.

Пазьней сэпаратысты і Расея адмаўлялі дачыненьне да крушэньня Боінга і вылучалі некалькі вэрсіяў, у тым ліку атаку ўкраінскім штурмавіком Су-25 і запуск ракеты ўкраінскага «Бука» з раёну вёскі Зарошчанскае Данецкай вобласьці.

XS
SM
MD
LG