Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Лукашэнкі ў Кітай: прарыву не чакаецца


Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін
Аляксандар Лукашэнка і Сі Цзіньпін

Падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай паміж дзьвюма краінамі будуць падпісаныя пэўныя дамовы, але стратэгічнага прарыву ў двухбаковых адносінах чакаць ня варта. Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказалі экспэрты.

28–30 верасьня адбудзецца дзяржаўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, падчас візыту адбудуцца перамовы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і будзе падпісана каля 30 двухбаковых дакумэнтаў аб супрацоўніцтве ў розных сфэрах.

Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч кажа, што парадак дня падчас візыту Лукашэнкі ў Кітай будзе ў асноўным эканамічны — беларускі бок шукае найперш дадатковых фінансавых рэсурсаў.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

«Ад гэтага візыту чакаецца падпісаньне новых дамоваў пра супрацоўніцтва, і, вядома, беларускі бок разьлічвае перш за ўсё на тое, што зможа атрымаць нейкія фінансавыя рэсурсы з боку Кітая, нейкія інвэстыцыйныя праекты для рэалізацыі, і, магчыма, адкрыць нейкія іншыя формы супрацоўніцтва», — кажа ён.

Наколькі спраўдзяцца разьлікі беларускіх уладаў, сказаць цяжка, але нейкія дакумэнты падпісаныя, безумоўна, будуць, мяркуе палітоляг.

«Такія візыты рыхтуюцца доўга, і ўжо калі яны адбываюцца, то пэўныя дамовы ці пагадненьні па рэалізацыі тых ці іншых праектаў падпісаныя будуць. То бок нейкі вынік будзе, хоць не складаецца ўражаньне, што сапраўды нешта прарыўное будзе, што магло б істотна зьмяніць ці двухбаковыя стасункі, ці значэньне Кітая для беларускай эканомікі і палітыкі», — кажа экспэрт.

На думку Андрэя Казакевіча, трэба наагул разумець абмежаванасьць значэньня Кітая ў зьнешняй палітыцы афіцыйнага Менску — стаць для Беларусі ў адзін шэраг з Расеяй і Захадам Кітай з аб’ектыўных прычын ня можа.

«З аднаго боку, ёсьць вельмі моцная рыторыка, што тычыцца разьвіцьця беларуска-кітайскіх стасункаў, дэманструецца шмат праектаў, якія або ўжо рэалізуюцца, або толькі плянуюцца, прымаюцца нарматыўныя акты, якія павінны спрыяць паглыбленаму разьвіцьцю стасункаў паміж дзьвюма краінамі. Хоць, вядома, калі мы глядзім на лічбы і параўноўваем гэтыя лічбы зь іншымі краінамі, суседнімі, то ня бачна значнай інтэнсіўнасьці кантактаў. Ёсьць, вядома, пэўныя сфэры, дзе гэта відавочна (напрыклад, вайскова-прамысловае супрацоўніцтва ці ў пэўныя гады калій), але гэта ўсё роўна не выглядае чымсьці надзвычайным.

Зь іншага боку, беларускія ўлады разглядаюць Кітай як новы пункт апоры ў балянсе сваёй зьнешняй палітыкі, як сілу, якая можа прынамсі крыху збалянсаваць уплыў Расеі і Захаду. Вядома, што рабіць гэта досыць складана, бо Беларусь мае ня так шмат рэчаў, якія маглі б зацікавіць Кітай. Усё ж мы краіна далёкая, краіна маленькая ў маштабах Кітая, і гэта, вядома, накладае сур’ёзныя абмежаваньні, што тычыцца пошуку нейкага балянсу», — лічыць палітоляг.

З гэтым згодзен і кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Нельга казаць пра раўназначнае супрацоўніцтва, бо Кітай у 140 разоў большы за Беларусь. Гэта непараўнальна. Яны, напрыклад, робяць для нас завод аўтамабільны, але па кітайскіх маштабах гэта майстэрня.

Чаканьні ў нас, вядома, завышаныя. У адміністрацыі прэзыдэнта разглядаюць гэтыя візыты нібыта як гістарычныя. Кітай, вядома, праявіць гасьціннасьць, будзе ўсьміхацца, але ж нешта асаблівае ў нас наўрад ці атрымаецца. Для Кітая важнае рынкавае асяродзьдзе, важная магчымасьць пракрасьціся ва ўсе куткі эканомікі і не глядзець на гэтыя жорсткія беларускія кантрольныя рамкі. Для кітайцаў Беларусь ня вельмі цікавая. Хоць тут, у Менску, улады будуць славіць нашы посьпехі — „Вялікі камень“, „Шаўковы шлях“ і г.д. Але ўсё гэта міталёгія маленькай краіны», — кажа эканаміст.

Заіка скептычна ставіцца і да пэрспэктыў праекту кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», пра выключную значнасьць якога шмат разоў казаў Аляксандар Лукашэнка.

«Калі я працаваў у Кітаі, то кітайскія бізнэсоўцы ўзводзілі зборачныя цэхі, будынкі, у тым ліку офісныя, літаральна на вачах. Гэта рабілася за два тыдні, максымум месяц. „Вялікі камень“ на дадзены момант мог бы функцыянаваць ужо адсоткаў на трыццаць, але ён не працуе. Гэта кажа пра тое, што ў нас такія кепскія рынкавыя ўмовы, такія непрывабныя для кітайскага бізнэсу, што яны сюды і не ідуць. За той жа справай Чыжа, думаю, кітайцы ўважліва сачылі. Гледзячы на Юрыя Чыжа, кітайцы робяць высновы», — кажа Заіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG