Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Guardian даведалася высновы міжнароднай сьледчай групы ў справе зьбітага Боінга


Афіцыйная справаздача будзе апублікаваная заўтра; паводле зьвестак газэты, сьледчыя назавуць пункт запуску ракеты, якая зьнішчыла самалёт.

Міжнародная сьледчая група, якая вядзе расьсьледаваньне справы зьбітага на ўсходзе Ўкраіны Боінгу, прыйшла да высновы, што пасажырскі самалёт быў зьбіты ракетай, выпушчанай з тэрыторыі, падкантрольнай прарасейскім сэпаратыстам, паведамляе The Guardian са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы.

Сумесная сьледчая група (Joint Investigation Team, JIT) пад кіраўніцтвам галяндзкіх сьледчых зьбірае доказы для магчымага крымінальнага працэсу ў справе зьбітага Боінга. У групу таксама ўваходзяць прадстаўнікі Аўстраліі, Бэльгіі, Малайзіі і Ўкраіны.

Даклад грунтуецца на высновах, зробленых раней Радай бясьпекі Нідэрляндаў (DSB). Экспэрты DSB прыйшлі да высновы, што самалёт зьбілі ракетай, выпушчанай устаноўкай «Бук» расейскай вытворчасьці. Гэтая сыстэма ёсьць на ўзбраеньні як Расеі, так і Ўкраіны.

Паводле крыніцаў газэты, міжнародныя сьледчыя ў дакладзе назавуць дакладныя каардынаты месца пуску ракеты. Суразмоўцы газэты лічаць, што гэтае месца знаходзілася на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам, непадалёк ад гораду Сьняжное.

Акрамя таго, сьледчыя працавалі над сцэнаром, згодна зь якім устаноўка «Бук» належала расейскай 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе СПА. Раней добраахвотнікі з Bellingcat, працуючы з адкрытымі крыніцамі, сьцьвярджалі, што гэтую ўстаноўку даставілі на тэрыторыю Ўкраіны з Курскай вобласьці.

Сьледзтва JIT апэравала спадарожнікавымі зьвесткамі, якія перадалі ЗША, і шматлікімі сьведчаньнямі перамяшчэньня ўстаноўкі «Бук» па тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі.

Галяндзкі дыпляматычны экспэрт Робэрт ван дэ Рур сказаў The Guardian, што сьледчыя не змаглі вызначыць «чалавека, які націснуў кнопку» на пускавой устаноўцы. Але JIT вядомыя імёны 20 расейскіх вайскоўцаў, якія маглі б скласьці «шырокае кола падазраваных».

За двое сутак да публікацыі дакладу міжнароднай сьледчай групы прадстаўнікі расейскага Міністэрства абароны загадзя паспрабавалі зьняпраўдзіць высновы сьледзтва аб запуску ракеты з раёну гораду Сьняжное.

Вытворца «Бука» — карпарацыя «Алмаз-Антэй», якая займаецца ў тым ліку абслугоўваньнем цывільных радараў, знайшла архіўныя дадзеныя РЛС, якая назірала ў дзень крушэньня Боінга за паветранай прасторай на ўсходзе Ўкраіны. Паводле гэтых файлаў, запускаў ракет у раёнах на ўсход ад месца выбуху не зафіксавана.

Самалёт Боінг 777 быў зьбіты 17 ліпеня над усходам Украіны. Яго абломкі ўпалі ў раёне вёскі Грабава. Усе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Адразу пасьля падзеньня ляйнэра СМІ сэпаратыстаў і расейскія мэдыі паведамлялі пра падзеньне ўкраінскага ваенна-транспартнага самалёта Ан-26.

Пазьней сэпаратысты і Расея адмаўлялі дачыненьне да крушэньня Боінга і вылучалі некалькі вэрсіяў, у тым ліку атаку ўкраінскім штурмавіком Су-25 і запуск ракеты ўкраінскага «Бука» з раёну вёскі Зарошчанскае Данецкай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG