Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл падтрымаў патрабаваньне поўнай забароны абортаў у Расеі


Патрыярх Кірыл

Патрыярх Кірыл

Як паведамляецца на сайце РПЦ, маскоўскі патрыярх паставіў свой подпіс пад зваротам пасьля сустрэчы з ініцыятарамі пэтыцыі з руху «За жыцьцё» і «Праваслаўныя добраахвотнікі».

Ініцыятары патрабуюць, у прыватнасьці, забараніць хірургічнае і мэдыкамэнтознае перапыненьне цяжарнасьці і супрацьзачаткавыя сродкі з абартыўным дзеяньнем. Пазьней прэс-сакратар патрыярха заявіў журналістам, што гаворка ідзе не пра забарону, а пра вывад абортаў з сыстэмы абавязковага мэдычнага страхаваньня.

Патрыярх расейскай праваслаўнай царквы Кірыл ужо выступаў за адмену бясплатнага перапыненьня цяжарнасьці ў студзені 2015 году.

Як паведамляе «Інтэрфакс», збор подпісаў пад пэтыцыяй супраць абортаў праводзіцца ў многіх расейскіх храмах. На дадзены момант сабрана больш за 300 тысяч подпісаў. Аўтары ініцыятывы плянуюць сабраць мільён подпісаў і накіраваць зварот у Дзярждуму.

Тым часам супрацоўніца навуковага цэнтра акушэрства гінэкалёгіі і пэрынаталёгіі імя Кулакова Міністэрства аховы здароўя РФ Вольга Міхайлава паведаміла агенцтву ITAR-TASS, што, на яе думку, забарона абортаў у Расеі прывядзе да павелічэньня колькасьці нелегальных абортаў і сурʼёзных постапэрацыйных ускладненьняў. «Я думаю, што тады рэзка павялічыцца частата крымінальных абортаў, і, адпаведна, частата ускладненьняў», — сказала Міхайлава. Паводле яе, колькасьць абортаў у Расеі штогод памяншаецца: у 2011 годзе ў Расеі было зроблена 989 тысячы абортаў, а ў 2015 — 747 тысяч. «Мабыць, гэта зьвязана з больш дасканалай кантрацэпцыяй», — дадала Міхайлава.

XS
SM
MD
LG