Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці карэктнае і слушнае ўжываньне такіх мэтафараў? Ці ўласьцівая нецярпімасьць нацыянальна-дэмакратычным сілам Беларусі?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Журналістка Сьвятлана Калінкіна напісала ў сваім Фэйсбуку пра тое, як яна прыбрала з сайту «Белпартизана» перадрукоўку з «Нашай Нівы» пра Вадзіма Гігіна, які браў удзел у сьвяткаваньні дня нараджэньня сайту «Імхоклюб». У разьвіцьцё тэмы Калінкіна заявіла: «Мне не падабаюцца зародкі бел-чырвона-белага талібану, якія раптам спрабуюць прабівацца».

Мне падаецца, што выказваньне Сьвятланы было не зусім удалым як па сутнасьці, так і па форме. Вядома. яно выклікала гарачыя дыскусіі ў сацыяльных сетках, і я разумею, што «ня так» маглі ўбачыць людзі ў допісе Калінкінай. Па-першае, інфармацыйная нагода нейкая слабенькая для такіх абагульненьняў. Усе-такі правілы жанру прадугледжваюць пэўную сувязь. А тут сувязь сумнеўная: НН апублікавала тэкст пра застольле — таму я пачала рабіць высновы пра Талібан.

Па-другое, тут ёсьць такая «апрыёрная вінаватасьць». Яны яшчэ нічога не зрабілі, а я ўжо баюся, ужо абвінавачваю. Гэта часта гучыць на адрас апазыцыі, што вось калі яны прыйдуць да ўлады, то пачнуць рэпрэсіі. Усе гэта нічым не даказана і не абгрунтавана. Бел-чырвона-белыя сілы адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасьці, з павагай ставяцца да самых розных поглядаў.

Часта гучыць на адрас апазыцыі, што вось калі яны прыйдуць да ўлады, то пачнуць рэпрэсіі. Усе гэта нічым не абгрунтавана. Бел-чырвона-белыя сілы адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасьці, з павагай ставяцца да самых розных поглядаў.

Але тым ня менш, пэўная абарона тых жа нацыянальных сымбаляў прысутнічае ў большасьці краінаў, у тым ліку і адміністратыўнымі мэтадамі і сродкамі. У многіх дэмакратычных краінах ёсьць пакараньне за непавагу на нацыянальных сымбаляў. У ЗША, дзе чалавек вольны спальваць нацыянальны сьцяг, тым ня менш, існуе вельмі моцная культура павагі да сьцягу і гімну.

Зараз вельмі горача абмяркоўваецца ўчынак аднаго амэрыканскага футбаліста, які адмовіўся ўставаць пры выкананьні нацыянальнага гімну — паводле яго, на знак пратэсту супраць расавай і сацыяльнай няроўнасьці. Усе кажуць, што ён мае на гэта права, але, паводле апытаньня, праведзенага сярод заўзятараў, яго назвалі самым ненавідзімым спартоўцам у NFL.

Ну, і па-трэцяе, сам выраз. «Бел-чырвона-белы талібан» мае такое ж права на існаваньне, як, напрыклад, «лібэральны талібан», ці «сіянісцкі талібан», «зорна-паласаты талібан» і гэтак далей.

Дракахруст: У мяне іншы пункт гледжаньня — і па форме, і па сутнасьці. З такіх абаротаў не вынікае, што ўсе прыхільнікі бел-чырвона-белага сьцягу — людзі нецярпімыя, што яны — новыя талібы. Сама Сьвятлана прыхільнік гэтага сьцягу.

У Расеі адносна ўльтракансэрватыўных рэлігійных групаў, якія там ладзяць пагромы на выставах, даволі часта ўжываецца выраз «праваслаўны талібан». Часам яго ўжываюць людзі, якія самі праваслаўныя. Гэта не азначае, што ўсё праваслаўе такое, а тое, што існуе такая плынь у гэтым дыскурсе, у гэтым накірунку грамадзкай думкі.

Як аўтэнтычныя аўганскія талібы сваю нецярпімасьць праяўлялі пераважна да мусульманаў жа, гэтак і «Народная перамога» робіць аб’ектам сваіх праклёнаў іншую арганізацыю Беларускага Народнага Фронту.

Ну, а наконт наяўнасьці адпаведнай нецярпімай плыні ў Беларусі, то, я думаю, мы з вамі з асалодай чытаем інтэрнэт-выданьне «Народная перамога». І там нецярпімасьць квітнее пышным кветам. Прычым, як аўтэнтычныя аўганскія талібы сваю нецярпімасьць праяўлялі пераважна да мусульманаў жа, гэтак і адпаведнае выданьне робіць аб’ектам сваіх праклёнаў іншую арганізацыю Беларускага Народнага Фронту, Міколу Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча і многіх іншых «бел-чырвона-белых» людзей. Так што казаць, што ўжо ніякіх такіх зьяваў у Беларусі няма, нельга.

У таго, што ў Сьвятланы такая фармулёўка прарвалася, прычына большая, чым нагода. Таму што нагода якая? Нейкая іншая газэта надрукавала нейкі рэпартаж. Яна можа нейкім тэндэнцыйным чынам інтэрпрэтавала палітычны накірунак гэтага самага «Імхоклюбу». Ну, а Сьвятлане што? Магла паставіць гэты матэрыял у сваім выданьні — магла не паставіць.

Але там, відаць, сышлося шмат усялякіх сытуацыяў, сутыкненьняў зь людзьмі, якія дэманстравалі такую нецярпімасьць да іншага меркаваньня, у тым ліку і да меркаваньня Сьвятланы. Што і выклікала вось такую рэакцыю.

Гэта палітычная палеміка. А паколькі ў Беларусі палітычная палеміка яшчэ ня зьнікла, хай і толькі ў газэтах ды ў Фэйсбуку, то і выразы ўжываюцца адпаведныя. Гледзячы па апошніх тэледэбатах кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША, там таксама выразаў не выбіраюць.

Цыганкоў: Я не чытаю гэты рэсурс, ня ўбачыў там нічога цікавага. Вашы развагі я папярэдне прадугледзеў, калі казаў, што натуральна, у кожным руху ў цэлым ёсьць частка людзей, настроеная больш агрэсіўна, але яны не вызначаюць асноўны накірунак руху. Яны нічога не вырашаюць, не задаюць моду, робяцца маргінальнымі, прынамсі ў бел-чырвона-белым руху. Таму спасылацца на іх... гэта ёсьць, але гэта не вызначае нічога.

Глод: Калегі, я хацеў бы паспрабаваць зьвесьці вашу палеміку да больш мяккага варыянту. Ня трэба нам быць занадта агрэсіўнымі. Пачну з таго, што я таксама, як і Сьвятлана Калінкіна, супраць выкладаньня здымкаў, якія зробленыя на нейкіх банкетах.

Памятаю, як па многіх дэмакратычных выданьнях «гуляў» здымак ужо нябожчыка Віктара Чыкіна, калі той ачольваў Дзяржтэлерадыё. Фотакамэра падпільнавала яго ня ў самы лепшы момант, калі той нападпітку трымаў у роце кавалак недаедзенай вяндліны. Зразумела, гэта не фотагенічны здымак. Але ж такое можа здарыцца зь любым — і дэмакратам, і кансэрватарам. І тут можна толькі пагадзіцца зь Сьвятланай Калінкінай — за банкетным сталом мы ўсе аднолькава «прыгожыя».

Аднак, тут галоўнае, на мой погляд, нават ня ў гэтым. Погляды Вадзіма Гігіна, я думаю, добра вядомыя. Ён іх, дарэчы, і не хавае. Зразумела, зь імі можна пагаджацца, можна іх не ўспрымаць. Але што ад гэтага зьменіцца ва ўспрыманьні рэчаіснасьці спадаром Гігіным? Анічога. Бо ён так бачыць сьвет. Куды горшыя за Гігіна людзі, якія ня меней за яго дапушчаныя па часе на той жа дзяржаўны экран, але якія паводзяць сябе гэтак жа не таму, што падзяляюць тую ж ідэалёгію, а толькі таму, што ім так сёньня выгадней.

Адзін замежны дыплямат мне кажа: я ўжо год працую ў Беларусі, а не магу зразумець, чаму вашая апазыцыя ня можа аб’яднацца? А вось якраз нецярпімасьць і перашкаджае.

Барацьба ідэяў — гэта першаснае. А барацьба людзей — другаснае. Хоць зразумела: хто праводзіць ідэі ў жыцьцё? Людзі. Вось нядаўна дэмакратычная супольнасьць згадвала чарговыя ўгодкі зьнікненьня беларускіх апазыцыянэраў — Ганчара, Захаранкі, Красоўскага. Асабіста мне зразумела, чаму зьніклі менавіта яны, а не, напрыклад, Багданкевіч, Чыгір ці Шлындзікаў. Бо менавіта Захаранка і Ганчар гатовыя былі дзеля атрыманьня ўлады дзейнічаць рознымі спосабамі. А той жа Багданкевіч здольны толькі пераконваць аўдыторыю прафэсарскім словам.

Нецярпімасьць, пра што тут ужо казаў Юры Дракахруст — гэта жахлівая рэч. Ізноў жа, зьвяртаючыся да канкрэтных падзеяў: я днямі размаўляў з адным замежным дыпляматам. І ён мне кажа: я ўжо год працую ў Беларусі, а не магу зразумець, чаму вашая апазыцыя ня можа аб’яднацца? А вось якраз нецярпімасьць і перашкаджае.

Безумоўна, Сьвятлана Калінкіна мае права выказацца пра тое, што яна лічыць неабходным. Як і мае права выправіць, на яе погляд, памылку на сайце «Беларускага партызана». Але ж які «бел-чырвона-белы талібан» цяпер? Да ўлады яшчэ так доўга ісьці. Ды вазьміце вы яе спачатку ў рукі!

А палохаць сёньня талібанам... Канечне, гэта незвычайныя ацэнкі. Таму і такую рэакцыю яны выклікалі ў сацыяльных сетках. Але ж як выбухнула гэтая гісторыя, так яна і згасьне. І ня гэта стаіць сёньня першым на парадку дня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG