Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэрджэс, аголенасьць і дзіцячая моц


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

«Мы губляемся, бо вельмі баімся аказацца з няправільнага боку барыкадаў. Займець рэпутацыю прыхільніцы дзіцячай парнаграфіі ці займець рэпутацыю аматаркі Мізулінай — ня надта прыемны выбар». Наста Захарэвіч пра скандальную выставу амэрыканскага фатографа Джока Стэржэса ў Маскве.

У дзяцінстве я пэрыядычна жыла ў невялікай нудысцкай супольнасьці. Украіна, Луганская вобласьць, Лутугінскі раён, сяло Арэхаўка. Калісьці там нарадзіўся і жыў Парфірый Іваноў — заснавальнік вядомай сыстэмы Іванова — ці то сыстэмы аздараўленьня, ці то рэлігіі.

Пасьлядоўніцы і пасьлядоўнікі Іванова зьяжджаліся туды з розных краін постсавецкай прасторы. Хтосьці завітваў на сьвяты, хтосьці праводзіў там адпачынак, хтосьці перабіраўся назусім. Арэхаўка — клясычнае Богам забытае месца. Добрая частка дамоў там пабудаваная з гліны і пяску, намешаных з саломай, працы не было практычна ніякай, а найбагацейшыя жыхары сяла трымалі пасекі, за кошт чаго і мелі добры прыбытак.

Мы з маці прыяжджалі туды на лета і жылі ў розных дамах з рознымі людзьмі. Нашыя знаёмыя зь Беларусі, Украіны і Расеі ў складчыну набылі там дом. Ён быў адкрыты для ўсіх — іванаўкі і іваноўцы маглі жыць там столькі, колькі спатрэбіцца. Двары гэтага і суседняга дамоў былі невялічкай нудысцкай выспай у і без таго незвычайным украінскім сяле. Часам знаёмыя прыяжджалі да нас у Берасьце, і тады нудысцкай выспай станавілася нашая двухпакаёўка на вуліцы Арлоўскай.

Рэальнае, жывое цела з натуральнымі асаблівасьцямі ўсё яшчэ застаецца пад забаронай. З глянцавых вокладак на нас глядзяць не аголеныя людзі, а падручнікі па рэтушы.

Аголенае цела застаецца вялікім табу ў сучасных грамадзтве. Сэксуальная рэвалюцыя дазволіла агаляцца толькі канкрэтным чынам — яна дыктуе нормы «правільнага» цела, якія зьвязаныя не з паказчыкамі здароўя, а толькі з пэўнымі эстэтычнымі характарыстыкамі. Рэальнае, жывое цела з натуральнымі асаблівасьцямі ўсё яшчэ застаецца пад забаронай. З глянцавых вокладак на нас глядзяць не аголеныя людзі, а падручнікі па рэтушы.

Фотавыстава Джока Стэрджэса, што адкрылася і закрылася некалькі дзён таму ў Маскве, моцна агаліла калектыўнае бесьсьвядомае, прымусіла нас рэзка расстаўляць межы і чарговы раз падзяляць навакольле на сваіх і чужых. З фотаздымкаў Стэрджэса на нас глядзяць голыя дзеці, і мы, здаецца, губляемся перад іх позіркамі.

Займець рэпутацыю прыхільніцы дзіцячай парнаграфіі ці займець рэпутацыю аматаркі Мізулінай — ня надта прыемны выбар.

Стараючыся не ўскладняць, мы імкнемся хутка ацаніць візуальны матэрыял як добры (дэманструе звычайнае жыцьцё нудысцкай супольнасьці, паказвае натуральнае асяродзьдзе дзяцей, якія растуць у незвычайных для большасьці ўмовах), альбо як кепскі (выстаўляе дзяцей як сэксуальныя аб’екты, зьяўляецца фактычна дзіцячай парнаграфіяй). Але ж у Стэрджэса ўсё ня так проста, і мы губляемся, бо вельмі баімся аказацца з няправільнага боку барыкадаў. Займець рэпутацыю прыхільніцы дзіцячай парнаграфіі ці займець рэпутацыю аматаркі Мізулінай — ня надта прыемны выбар.

У шэрагу фотаздымкаў Стэрджэс паказвае ўнутраную свабоду, моц, упэўненасьць, завершанасьць, насычанасьць.

Побыт у нудысцкай супольнасьці і праўда адрозьніваецца ад «стандартнага побыту». І рэч не ў самім факце адсутнасьці адзеньня на целе. Адмаўленьне ад адзежы шмат у чым значыць адмаўленьне ад сораму, і гэта натхняльны вопыт. У шэрагу фотаздымкаў Стэрджэс паказвае менавіта гэта — унутраную свабоду, моц, упэўненасьць, завершанасьць, насычанасьць.

Гэтыя кадры нельга назваць эратычнымі, хоць на дзецях няма аніякай адзежы. Фатограф паказвае дзяцей як самастойных асобаў, з чыім меркаваньнем даводзіцца лічыцца. Яны ўжо ня бачацца як праекты будучых сапраўдных дарослых асобаў, — яны такія і ёсьць.

Яны заклікаюць стварыць уласную гісторыю з іх удзелам, дзе ўласна ім будзе адведзена пасіўная роля.

Але ёсьць у Стэрджэса і іншыя фотаздымкі, на якіх мадэлькі (гэта якраз дзяўчынкі — які сюрпрыз) не выклікаюць ні захапленьня, ні вялікай павагі, ні страху перад іх унутранай сілай. Яны застылі ў тыповых глянцавых позах, якімі перанасычана сучасная масавая культура, і не расказваюць пра сябе аніякіх гісторый. Яны заклікаюць стварыць уласную гісторыю з іх удзелам, дзе ўласна ім будзе адведзена пасіўная роля. Яны не абіраюць, не змагаюцца, не дыктуюць і не заяўляюць. Яны чакаюць. Млява і ціха чакаюць свайго абаронцу (чытай: уладара), які будзе імі насалоджвацца.

Аголенае цела далёка не заўжды паўстае як сэксуальны аб’ект, і гэта выразна выдаць нават у здымках з гэтай канкрэтнай выставы. Але «прасоўваць» сэксуальную аб’ектывацыю ў адным шэрагу з фотазымкамі, якія дэманструюць моц, несправядліва. Гэтак жа несправядліва спасылацца на тое, што ўсе здымкі былі зроблены з дазволу бацькоў гэтых дзяцей. Але несправядліва і тое, што Стэрджэса абвінавачваюць у тым, як на яго працы могуць адрэагаваць хворыя на пэдафілію альбо злачынцы.

Дзеці заслугоўваюць менавіта павагі — асабліва дзеці з такіх супольнасьцяў, дзе жывецца ня надта проста, і дзе моц і свабода даецца ім вялікай цаной.

У Беларусі гэтая выстава наўрад ці магла б адкрыцца, але прычынай, як і ў Расеі, стала б антызаходняя прапаганда, а не павага да дзяцей і дзяцінства. А дзеці заслугоўваюць менавіта павагі — асабліва дзеці з такіх супольнасьцяў, дзе жывецца ня надта проста, і дзе моц і свабода даецца ім вялікай цаной. Дарослыя там, як правіла, сканцэнтраваныя перш за ўсё на ўласных духоўных практыках альбо ідэалягічных маніфэстацыях і ня надта шмат увагі надаюць таму, з чаго складаецца паўсядзённасьць дзяцей. Мяркуецца, што дзеці павінны быць бліжэй да прыроды і вучыцца ўсяму максымальна самастойна.

Гэтыя дзеці не заслугоўваюць таго, каб быць сэксуальнымі аб’ектамі для знаёмых і незнаёмых дарослых. Гэтак жа яны не заслугоўваюць і шкадаваньняў. Яны мацнейшыя за шматлікіх дарослых і вартыя захапленьня. Пашкадаваць хочацца хутчэй Стэрджэса — ён, здаецца, спалохаўся іх моцы і вырашыў зьмякчыць, зрабіць іх слабымі і безабароннымі. Але не атрымалася. Яны мацнейшыя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG