Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі прапаноўвае саджаць за ўдзел у фальсыфікацыях выбараў на 5-10 гадоў


Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі выступіў з прапановай зрабіць больш жорсткай адказнасьць сябраў выбарчых камісій, якія ўдзельнічаюць у фальсыфікацыях вынікаў галасаваньня.

Пра гэта ён заявіў на круглым стале па зьмене выбарчага заканадаўства, які праводзіцца старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, сябрам АГП Ганнай Канапацкай.

Віталь Рымашэўскі выказаў думку, што мяняць трэба ня толькі выбарчае заканадаўства, але і Крымінальны кодэкс. Ён лічыць, трэба зрабіць больш жорсткім пакараньне за ўдзел у фальсыфікацыях, што дазволіць паўплываць на правапрымяняльную практыку.

«Мы маем справу з масавым ўдзелам у крымінальным злачынстве сябраў выбарчых камісій. За фальсыфікацыю выбараў у нас крымінальнае заканадаўства прадугледжвае пакараньне ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі (артыкул 192 КК РБ. — РС). Гэта настолькі размыта, што людзі, якія ўдзельнічаюць у фальсыфікацыях, думаюць, што пагражае хіба толькі штраф. Мая прапанова ўнесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс, каб зрабіць больш жорсткай адказнасьць. Каб пакараньне за фальсыфікацыю выбараў было не да 5 гадоў, а ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі», — заявіў ён.

На думку Рымашэўскага, гэтых паправак у Крымінальны кодэкс Ганна Канапацкая таксама павінна дамагацца ў Палаце прадстаўнікоў.

На пачатку мерапрыемства старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька канстатаваў, што круглыя сталы па зьмене выбарчага заканадаўства праводзіліся ўжо неаднаразова.

(Зьлева направа) Аляксандар Дабравольскі, Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька

(Зьлева направа) Аляксандар Дабравольскі, Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька

«Але цяпер ёсьць магчымасьць не ставіць кропку пасьля круглага стала, а ставіць коску. У нас ёсьць некалькі мандатаў дэмакратычных дэпутатаў і ёсьць магчымасьць выкарыстаць іх. Вядома, я б не перабольшваў значнасьць 2 мандатаў, якія ёсьць. Мы ня ў большасьці. Але гэта шанец, і яго трэба выкарыстаць», — кажа ён.

Паводле ягоных слоў, па заканчэньні сёньняшняга мерапрыемства трэба сфармаваць рабочую групу, якая б да пачатку сэсіі Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня падрыхтавала закон аб папраўках у Выбарчы кодэкс. Адначасова павінен быў распрацаваны плян дзеяньняў па прасоўваньні гэтага законапраекту.

«Мы тут сабраліся, каб вярнуць права выбару людзям, каб на наступных выбарах не было сумневаў у перамозе дэмакратыі і дэмакратычных кандыдатаў», — адзначыла ў сваю чаргу Ганна Канапацкая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG