Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прайшлі першыя прэзыдэнцкія дэбаты Клінтан і Трампа


Дональд Трамп і Гілары Клінтан па заканчэньні тэледэбатаў на тэрыторыі Ўнівэрсытэту Гофстра ў Нью-Ёрку. 26 верасьня 2016 году

Дональд Трамп і Гілары Клінтан па заканчэньні тэледэбатаў на тэрыторыі Ўнівэрсытэту Гофстра ў Нью-Ёрку. 26 верасьня 2016 году

У панядзелак увечары на тэрыторыі Ўнівэрсытэту Гофстра ў Нью-Ёрку адбыліся першыя з трох паўтарагадзінных тэледэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты ЗША ад дзьвюх вядучых партыяў.

На першым месцы ў парадку дня дэбатаў стаялі эканамічныя пытаньні. Кандыдат дэмакратаў Гілары Клінтан заявіла, што ў аснову паставіць дабрабыт сярэдняй клясы, у прыватнасьці студэнцкай моладзі і маладых маці, які яна мае намер павышаць за кошт павелічэньня падаткаў на самых багатых амэрыканцаў. Кандыдат рэспубліканцаў Дональд Трамп таксама заявіў пра сваю заклапочанасьць дабрабытам сярэдняй клясы, але ўвагу засяродзіў на стымуляваньні бізнэс-супольнасьці да стварэньня працоўных месцаў з дапамогай скарачэньня карпаратыўных падаткаў, зьменах падатковага кодэксу (з тым каб заахвоціць амэрыканскія кампаніі рэпатрыяваць свае прыбыткі з-за мяжы, вярнуць свае штаб-кватэры ў ЗША) і на пераглядзе зьнешнегандлёвых дамоваў, ад якіх, на яго думку, пацярпела Амэрыка. Ён раскрытыкаваў дамову аб Паўночнаамэрыканскім свабодным гандлі, заключаную Білам Клінтанам, і дамовы, падпісаныя Баракам Абамам.

Удзельнікі прысьвяцілі нямала часу і абмеркаваньню пытаньняў расавых адносінаў у краіне. Паводле Клінтан, у судова-сьледчай сыстэме назіраюцца прыкметы дыскрымінацыі расавых і нацыянальных меншасьцяў, якія яна, калі стане прэзыдэнтам, зробіць усё, каб ліквідаваць. Клінтан таксама казала, што будзе змагацца за ўзмацненьне кантролю над продажам зброі. Трамп заявіў аб тым, што ён стане прэзыдэнтам «закону і парадку». Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасьці ўмацаваць правапарадак шляхам пашырэньня колькасьці праваахоўных органаў і на посьпеху жорсткіх мер паліцэйскага патруляваньня, якія дэмакраты лічаць празьмернымі і дыскрымінацыйнымі ў дачыненьні да меншасьцяў.

У частцы дэбатаў, што тычыліся замежнай палітыкі, Клінтан выставіла на пярэдні плян хакерскія атакі Расеі на партыйныя і грамадзкія структуры ў Амэрыцы, назваўшы іх умяшаньнем у выбарчы працэс. Кандыдатка дэмакратаў нагадала пра шматлікія пахвальныя водгукі Трампа аб Уладзіміру Пуціну і яго крытыцы НАТО. Трамп парыраваў гэтыя выпады, паказаўшы на адсутнасьць цьвёрдых доказаў датычнасьці Расеі да хакерскіх нападаў. «Гэта магло быць справай рук Кітаю, Ірану ці яшчэ нейкай краіны», сказаў кандыдат рэспубліканцаў. Кажучы пра НАТО, Трамп пацьвердзіў свой намер выконваць усе абавязацельствы ЗША перад Паўночнаатлянтычным абарончым саюзам, калі эўрапейцы будуць выконваць абяцаньні адэкватна фінансаваць бюджэт арганізацыі і падтрымаюць Амэрыку ў яе контратэрарыстычных апэрацыях. Трамп, акрамя таго, з трывогай адзначыў мадэрнізацыю Расеяй свайго ракетна-ядзернага арсэналу, на якую Злучаныя Штаты, паводле яго слоў, належным чынам не адказалі.

XS
SM
MD
LG