Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўхваліў законапраект, які выдаткоўвае 19,5 мільярдаў даляраў на пілятаваны палёт на Марс. Палёт павінен адбыцца цягам бліжэйшых 25 гадоў.

Кангрэс ЗША прагаласаваў за законапраект, які выдаткоўвае амэрыканскаму касьмічнаму агенцтву NASA 19,5 мільярда даляраў (больш чым удвая болей за гадавы бюджэт Беларусі) на пілятаваны палёт на Марс, маючы на ўвазе менавіта высадку чалавека на паверхню гэтай плянэты. У законе прадугледжаны і тэрмін — не пазьней чым у бліжэйшыя 25 гадоў. Закон, акрамя іншага, выключае магчымасьць скасаваньня праграмы кімсьці з будучых прэзыдэнтаў (у гісторыі амэрыканскіх касьмічных дасьледаваньняў здаралася, што новаабраны прэзыдэнт ставіў крыж на праектах, якія зацьвярджаў ягоны папярэднік).

Адметна, што закон атрымаў станоўчую ацэнку як у рэспубліканцаў, гэтак і ў дэмакратаў.

У пачатку засваеньня чалавекам касьмічнай прасторы СССР, як вядома, апярэджвалі ЗША, і калі пасьля палёту Гагарына амэрыканскі прэзыдэнт Кенэдзі заявіў, што амэрыканцы цягам дзесяцігодзьдзя ступяць на Месяц, шмат кім гэта ўспрымалася як прапагандысцкі лёзунг. Аднак у ліпені 1969-га Ніл Армстранг і Баз Олдрын высадзіліся ў Моры Спакою, потым яшчэ былі некалькі экспэдыцыяў Apollo на Месяц — савецкая ж праграма пілятаваных палётаў да спадарожнікa Зямлі так і не ажыцьцявілася.

«Праз пяцьдзясят пяць гадоў пасьля таго, як прэзыдэнт Кенэдзі кінуў выклік нацыі прапановай высадзіць чалавека на Месяц, Сэнат вызначае складаную мэту для NASA — адправіць чалавека на Марс», — цытуе брытанская Daily Mail сэнатара з Флёрыды Біла Нэльсана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG