Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зрыў замірэньня ў Сырыі: прычыны і наступствы


Алепа, 25 верасьня 2016

Алепа, 25 верасьня 2016

Чаму абвастрыліся супярэчнасьці паміж вялікімі дзяржавамі праз вайну ў Сырыі? Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Чарговае пагадненьне паміж Расеяй і ЗША аб замірэньні ў Сырыі чарговым разам правалілася. Спачатку авіяцыя ЗША нанесла авіяўдар па Сырыйскіх урадавых войсках. Як высьветлілася, памылкова. А потым 19 верасьня ў раёне гораду Алепа былі нанесеныя авіяўдары па супольным гуманітарным канвоі ААН і Чырвонага паўмесяца. Больш за 20 чалавек загінулі. ЗША абвінавачвалі ў тым, што адбылося, Расею, аднак Крэмль адхрышчваўся ад абвінавачаньняў.

Краіны ЭЗ і ЗША выступілі з супольнай заявай, якая асуджае дзеяньні Расеі. Скліканае адмысловае паседжаньне Рады бясьпекі ААН.

Малазразумела, навошта Расеі зноў уступаць у канфлікт з усім сьветам. Прычым, па пытаньні вельмі далёкім ад нацыянальных інтарэсаў Расеі. Але вялікадзяржаўныя амбіцыі, здаецца, засьцяць вочы.

Малазразумела, навошта Расеі зноў уступаць у канфлікт з усім сьветам.

Усе адхрышчваньні Расеі ад абвінавачаньняў, што яна нанесла ўдар па гуманітарным канвоі, не успрымаюцца ўсур’ёз. Бо кіраўніцтва Расеі апошнім часам так шмат маніла, што Крамлю ніхто ня верыць. Бо вельмі дрэнны імідж, і ён працуе сам на сябе.

Калі казаць пра ўласна канфлікт у Сырыі, то там усё заблыталася яшчэ больш. Калі вельмі шмат суб’ектаў, унутраных і міжнародных, якія ўдзельнічаюць у вайне, то такія канфлікты вельмі цяжка завяршыць. Тым больш, што існуе раўнавага сілаў.

Сытуацыю дэстабілізавалі тры фактары. Першае, гэты сыход ЗША з рэгіёну як актыўнага гульца. Маю на ўвазе вывад амэрыканскіх войск з Іраку і Аўганістану. Другое, гэта «арабская вясна», якая нанесла ўдар па дыктатарскіх, але сьвецкіх рэжымах і адкрыла дарогу для ісламістаў. І трэці фактар — умяшаньне Расеі, якое яшчэ больш дэстабілізавала сытуацыю, бо Масква дзейнічае, як слон у краме з посудам.

Замірэньне сарванае. Расея і рэжым Асада ўвогуле, здаецца, бяруць курс на ваеннае вырашэньне праблемы.

Думаю, ізноў, як па шмат якіх іншых пытаньнях, трэба чакаць новага прэзыдэнта ЗША, які павінен прапанаваць новую амэрыканскую палітыку ў рэгіёне Блізкага Ўсходу.

Дракахруст: Апошняе, што вы сказалі — гэта вельмі важна. Гэта ня значыць, што гэта галоўны матыў зрыву замірэньня, але, безумоўна, усе гэта маюць на ўвазе. Праз кароткі час у Злучаных Штатах прэзыдэнцкія выбары, і ўжо не Барак Абама і ня Джон Керы будуць вызначаць амэрыканскую палітыку.

Што да гэтага інцыдэнту, які і ўзарваў гэтае замірэньне, ён у нечым нагадвае інцыдэнт са зьбіцьцём малайзійскага авіялайнэра над Данбасам, які таксама цалкам зьмяніў карціну ў рэгіёне і падштурхнуў санкцыі.

Я ня думаю, што расейцы сьвядома расстралялі гуманітарны канвой. Некалькі тыдняў Лаўроў біўся з Керы за ўмовы гэтага замірэньня, і пасьля гэтага сьвядома пайсьці фактычна на ваеннае злачынства, разбамбіць гуманітарны канвой — неяк адно з другім не стасуецца.

Яшчэ Кляўзэвіц пісаў пра такую рэч, як «туман вайны». Гэта нам, прачытаўшы ўсе навіны, вядома, што гэта быў гуманітарны канвой, а на вайне такой яснасьці няма і блізка. Там жа замірэньне было паміж Асадам і апазыцыяй. А замірэньня з «Ісламскай дзяржавай» там не было ніякага. А вайна там манэўраная: сёньня нейкі рэгіён займаюць урадавыя войскі ці апазыцыя, заўтра — сілы «Ісламскай дзяржавы», пасьлязаўтра наадварот. І дзе гуманітарны канвой, а дзе ўзброеныя сілы праціўніка — там ня так проста разабрацца. Так што магчыма гэтае бамбаваньне было вынікам таго самага «туману вайны».

Але ёсьць і іншыя варыянты. Расея ў гэтым ня надта зацікаўленая, а вось якая пазыцыя Асада — мы насамрэч ня ведаем. Ну так, ён падпісаў адпаведнае пагадненьне, а ці так ён быў рады гэтаму пагадненьню? А ці не хацеў ён сарваць яго? Як казаў таварыш Сухаў, Усход — справа тонкая.

І справа можа быць нават ня толькі ў самім Асадзе. У гэтым сэнсе і сілы кааліцыі, і расейскія войскі, у Сырыі, прынамсі, знаходзяцца пад кантролем сваіх вярхоўных галоўнакамандуючых. А вось ці можна так сказаць пра сырыйскія войскі? Тым больш, што адпаведныя сырыйскія вайсковыя начальнікі маглі быць злыя за гэтую бамбёжку сырыйскіх урадавых войскаў кааліцыяй, ну і дзейнічалі паводле лёгікі: вы ўрэзалі па нашых — а мы вось урэжам па вашых.

Ня памятаю, калі Расея апошні раз увогуле каму-небудзь за што-небудзь прыносіла прабачэньні.

А якія «вашы», чалавек нават з генэральскімі пагонамі, магчыма, ня надта ўдаецца ў гэтыя дэталі, ня надта разважае пра міжнародны рэзананс. А цяпер усе спрабуюць захаваць твар.

Амэрыканцы часам такое робяць, і ня толькі ў Сырыі. Бывалі такія інцыдэнты ў Аўганістане, ў Іраку. Скажам, трапляе бомба ў шпіталь — амэрыканцы прыносяць прабачэньні, плацяць кампэнсацыю ахвярам. Ня памятаю, калі Расея апошні раз увогуле каму-небудзь за што-небудзь прыносіла прабачэньні. Не — і ўсё. Мы ня маем ніякага дачыненьня. Гэта ня мы — можа, само выбухнула.

І такое сутыкненьне цывілізацыяў, палітычных культураў яшчэ больш абвастрае гэтую сытуацыю.

Але ўрэшце, магчыма, сапраўды пры новым прэзыдэнце Злучаных Штатаў да таго або іншага замірэньня ўсё роўна прыйдуць. Таму што пры ўсіх посьпехах, нават з дапамогай Расеі, ваенная перамога Асада не выглядае імавернай. Тым больш, што ёсьць іншыя палітычныя інтарэсы, і калі апазыцыя будзе цалкам прайграваць, знойдзецца каму ёй дапамагчы, каб выраўняць балянс.

Цыганкоў: Днямі, пераключаючы каналы, я спыніўся на адной перадачы расейскага тэлебачаньня. Гэта «Двубой» Сяргея Салаўёва, дзе змагаліся паміж сабой лібэрал Сяргей Станкевіч і адзін з кансэрватыўных расейскіх палітолягаў. Тэмай дыскусіі быў заняпад расейскага лібэралізму, і ў пэўны момант размова выйшла на Сырыю. Калі лібэрал гаварыў пра тое, што цяпер у Расеі малыя пэнсіі, узровень даходаў насельніцтва падае, а расейская ўлада траціць сілы і сродкі на вайну, якой невядома каму і што можна даказаць, то вядучы перадачы Сяргей Салаўёў папікнуў яго, што, маўляў, вы не разумееце рускі народ, што для яго Сырыя ня менш важная, чым пэнсія.

Вы не разумееце рускі народ, што для яго Сырыя ня менш важная, чым пэнсія.

Расейская масавая сьвядомасьць на сёньня дасягнула такога ўзроўню, калі тэлевізар перамагае лядоўню. Гэта прымушае пэсымістычна глядзець на тое, што адбываецца ў Сырыі, таму што гэтая краіна стала нейкім палігонам у разборцы вялікіх дзяржаваў. Я гляджу скептычна на дасягненьне міру ў Сырыі ў кароткай пэрспэктыве, любы такі абстрактны мір удзельнікамі гэтага канфлікту будзе ўспрымацца калі не як параза, то як недастатковая перамога.

Мір можа быць дасягнуты пасьля поўнай паразы аднаго з бакоў, альбо калі ўсё ж зрынуць Асада ці, што менш верагодна, будзе разгромленая антыасадаўская апазыцыя, бо яе падтрымліваюць ЗША і Захад. Такім чынам пэрспэктывы дастаткова туманныя, мір яшчэ не наступіць год, а можа і больш. Не ўяўляецца такое мірнае вырашэньне сырыйскага крызісу, якое б задаволіла ўсіх і пасьля якога зноў не пачаліся б новыя сутыкненьні незадаволеных сілаў.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG