Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка насьцярожыўся, баявік не прыйшоў, кітайцы спусьцілі Дзьвіну


Добры вечар! Аказваецца, ёсьць яшчэ сфэры, у якіх існуе поўнае паразуменьня краінаў Эўразьвязу, ЗША і Расеі. Адна з такіх сфэраў – беларуская эканоміка. Усе згаданыя бакі падтрымалі прапановы МВФ адносна неадкладнасьці рэформаў у беларускай эканоміцы. Нагадаем, што МВФ прапануе Беларусі неадкладныя рэформы ўжо гадоў дваццаць, калі ня болей.

ЛУКАШЭНКА ЗНОЎ НАСЬЦЯРОЖЫЎСЯ. Гэтым разам кіраўнік Беларусі насьцярожыўся паслугамі, якія Беларусь аказвае Расейскай Фэдэрацыі на сваёй мяжы. Што канкрэтна маецца на ўвазе, ён не ўдакладніў. Але, хутчэй за ўсё, ён ня меў на ўвазе ні «беларускіх крэвэтак», ні «беларускай папаі», якія трапляюць у Расею дзякуючы такім паслугам. Набліжаецца абагравальны сэзон, і Маскве трэба прадставіць незбалянсаваныя фінансавыя затраты, якія нясе беларуская мытня, абараняючы інтарэсы расейскага спажыўца.

БАЯВІК НЕ ПРЫЙШОЎ. Не пашанцавала нам пагаварыць з Іванам Яравым, які ваяваў на Данбасе за сэпаратыстаў, в потым вярнуўся ў Беларусь. Іван дамовіўся на размову з нашым карэспандэнтам, але на сустрэчу не зьявіўся. «15 жніўня я павесіў аўтамат на цьвік» – паведаміў ён нядаўна карэспандэнту РС. А ў ліпені Іван Яравы сказаў нам з украінскага фронту: «Вярнуся, калі ў Беларусі пачнецца майдан, буду разганяць. Я супраць усіх вось гэтых... хто па-беларуску размаўляе». А вы тут кажаце: пытаньне беларусізацыі гэта ўсяго пытаньне зьмены улады.

СХУДНЕЎ 10 КГ ЗА 5 ТЫДНЯЎ. «Кожны дзень некага білі. Калі нехта спрабаваў ўцячы, то вярталі ды зьбівалі. Проста на трасе лавілі чалавека ды назад прывозілі. Там кругом палі, лясоў няма, няма дзе і схавацца» – гэтак пра сваё працоўнае рабства ў Расеі распавёў нам жыхар Берасьця Міхаіл Трацюк. Усё гэта было не ў богведама якой Сыбіры, а на ўборцы морквы і бульбы пад Варонежам. Дапамог уцячы сябар-дальнабойшчык, які праяжджаў сваёй фурай праз той край.

ЗЬ ДЗЬВІНЫ КАЛЯ СУРАЖУ СЫШЛА ВАДА. Сураж, гарадзкі пасёлак у Віцебскай вобласьці, ляжыць абапал Дзьвіны, але моста ня мае. Калі каму трэба на другі бераг, трэба аб’яжджаць, кілямэтраў пад 70. Бо паром сеў на мелі – людзі кажуць, што кітайцы робяць плаціну і кудысьці спусьцілі ваду зь Дзьвіны. Абяцаюць, што вада падымецца, калі скончаць будаўніцтва. Наш калега Ігар Карней пабываў у Суражы і нават пакатаўся на катэры, якому час ад часу ўдаецца пераплыць мелкаводную рэчку.

Падпісацца праз электронную пошту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG