Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія Human Constanta раздала гуманітарную дапамогу чачэнскім уцекачам у Берасьці


Мiсiя праваабаронцаў у Берасьцi

Мiсiя праваабаронцаў у Берасьцi

Валянтэры праваабарончай ініцыятывы Human Constantа даставілі цёплыя рэчы і лекі зь Менску ў Берасьце, дзе жывуць некалькі тысяч уцекачоў з Чачні.

Збор рэчаў праходзіў на мінулым тыдні ў прасторы «Цэх». Неабыякавыя жыхары Менску прыносілі туды вопратку, дзіцячыя цацкі, коўдры. 23 верасьня актывісты адвезьлі дзясяткі пакункаў з гуманітарнай дапамогай у Берасьце. Журналістка Ганна Бадзяка, якая далучылася да місіі ў якасьці валянтэркі, распавядае:

«Увесь салён машыны быў завалены торбамі, яны ледзь зьмяшчаліся. Частку рэчаў мы наладавалі ў прычэп. Хочацца выказаць падзяку кампаніі «А-100» за тое, што абсалютна бясплатна далі пакарыстацца нам гэтым прычэпам. Чачэнцы былі вельмі ўдзячныя, нават дапамагалі ў сартаваньні рэчаў. Усё дзіцячае разабралі імгненна, засталося трошкі мужчынскай вопраткі. Яе мы занесьлі ў офіс Цэнтру рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч».

Паводле актывістаў, асноўная частка дапамогі была сабраная ў Менску, але берасьцейцы сабралі 130 рублёў, на якія валянтэры набылі неабходныя лекі для ўцекачоў. Справаздача зьмешчаная на старонцы Human Constanta у Фэйсбуку.

«Мы плянуем працягваць працаваць з уцекачамі і надалей, але цяпер дапамога будзе больш адраснай, а не хаатычнай. Будзем развозіць па кватэрах, каму што трэба», — кажа Ганна.

На гэты момант у Берасьці знаходзяцца ад 2 да 3 тысяч чачэнцаў. Прыкладна 30 сем’яў начуюць на вакзале. Штодзень яны спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы. Некаторыя называюць сябе «эканамічнымі ўцекачамі», а некаторыя паведамляюць праваабаронцам пра катаваньні і перасьлед у Чачні за свае палітычныя погляды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG