Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ зьехалі — апазыцыйнага кандыдата ў дэпутаты будуць судзіць


Уладзімер Няпомняшчых

Уладзімер Няпомняшчых

Гомельскі грамадзкі актывіст Уладзімер Няпомняшчых, які балятаваўся кандыдатам у дэпутаты парлямэнту і быў назіральнікам на выбарах, атрымаў позву ў суд Чыгуначнага раёну.

27 верасьня яго маюць судзіць адразу паводле двух адміністрацыйных артыкулаў — дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі ( 17.1 і 23.4 КаАП).

«12 верасьня, калі ўжо выбары скончыліся, я кіраваўся на менскі цягнік, каб асабіста перадаць скаргу Лідзіі Ярмошынай пра зафіксаваныя мною на ўчастку № 10 Цэнтральнай акругі прыпіскі яўкі выбарцаў (завысілі на 105 чалавек). Меўся таксама паўдзельнічаць у акцыі пратэсту „Патрабуем сапраўдных выбараў“. На прыпынку да мяне прычапіліся тры амапаўцы, што я нібыта падобны да чалавека, які ўчыніў нейкае там злачынства. Звычайная правакацыя, каб сарваць маю паездку ў Менск на акцыю пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў», — кажа Ўладзімер Няпомняшчых.

У Гомелі Ўладзімера ведаюць як чалавека, які часьцяком носіць майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Гэтым разам актывіст надзеў майку з двайным надпісам: наперадзе — «Астравецкая АЭС — твой выбар?», на сьпіне — яшчэ адно пытаньне да грамады: «Дзеці-мутанты таксама?»

Пасьля затрыманьня апазыцыйнага актывіста (дарэчы, былога афіцэра міліцыі, а цяпер пэнсіянэра МУС) адвезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, Гомелю, а потым — у Чыгуначны. Трымалі каля трох гадзінаў. Каб затрыманьне не выглядала заказным і наўмысным, склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

Уладзімер Няпомняшчых на сёлетніх выбарах балятаваўся кандыдатам у дэпутаты парлямэнту ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акрузе № 31, але напярэдадні пачатку датэрміновага галасаваньня склаў зь сябе паўнамоцтвы кандыдата. У заяве ў акруговую камісію напісаў, што гэта «ня выбары, а гульня шарлатанаў з народам у напарсткі пад назвай «выбары». Пасьля гэтага быў назіральнікам на ўчастку № 10 Цэнтральнай выбарчай акругі, дзе й зафіксаваў парушэньне выбарчага заканадаўства. Аднак асабіста адвезьці заяву ў ЦВК яму перашкодзілі амапаўцы.

XS
SM
MD
LG