Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Францыі паабяцаў ліквідаваць лягер уцекачоў у Кале


Франсуа Алянд на сустрэчы з афіцэрамі францускай жандармэрыі ў Кале 26 верасьня 2016 году.

Франсуа Алянд на сустрэчы з афіцэрамі францускай жандармэрыі ў Кале 26 верасьня 2016 году.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд 26 верасьня пабываў на ўзьбярэжжы Ла-Маншу, у Кале. З моманту яго абраньня на пост прэзыдэнта ў траўні 2012 году, гэта першы візыт Алянда ў горад, які ў апошнія гады стаў сымбалем міграцыйнага крызысу на тэрыторыі Эўразьвязу.

Як паведамляе карэспандэнтка Радыё Свабода ў Парыжы Натальля Канеўская, візыт плянаваўся яшчэ ўлетку, але быў перанесены з-за тэрактаў у Ніцы і Сэнт-Эт’ен-дзю-Руўры. У праграму візыту не ўваходзіць наведваньне «джунгляў» Кале — лягеру мігрантаў, аб намеры дэмантаваць які францускія ўлады неаднаразова заяўлялі ў апошнія месяцы.

У лягеры, у чаканьні магчымасьці перабрацца на тэрыторыю Вялікабрытаніі, пражываюць больш за сем тысяч мігрантаў, пераважна з краінаў Афрыкі і Блізкага Ўсходу. Паводле задумы францускага ўраду, усе яны павінны быць расьселеныя ў адмыслова адведзеныя для гэтага дамы.

У Кале Франсуа Алянд афіцыйна пацьвердзіў свой намер ліквідаваць «джунглі». На сустрэчы з супрацоўнікамі сілаў правапарадку Алянд заявіў, што трэба дэмантаваць гэты лягер і што ў дасягненьні гэтай мэты ўрад пойдзе да канца.

Алянд заклікаў сваіх палітычных апанэнтаў устрымлівацца ад выкарыстаньня гэтай праблемы ў перадвыбарнай палеміцы. «Мы знаходзімся на шляху да вырашэньня, і яно ўжо не за гарамі» — адзначыў Алянд у гутарцы з гараджанамі.

Ён зьвярнуўся да Вялікабрытаніі з заклікам прыняць удзел у намаганьнях, якія Францыя робіць для вырашэньня сытуацыі ў Кале. «Рашэньне Вялікабрытаніі адносна свайго сувэрэнітэту не вызваляе яе ад абавязаньняў у дачыненьні да Францыі» — заявіў францускі прэзыдэнт.

XS
SM
MD
LG