Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: Праводзіцца праверка па факце сьмерці замежнага студэнта


Як паведаміў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксей Клімовіч, па факце сьмерці ў Менску 23 верасьня замежнага студэнта 1995 года нараджэньня распачатая праверка, па выніках якой будзе дадзеная прававая ацэнка здарэньню.

«Цяпер апытваюцца сябры замежнага студэнта і жыльцы інтэрнату, дзе ён жыў, а таксама відавочцы здарэньня ды іншыя сьведкі, каб высьветліць усе абставіны. Таксама прызначана судова-мэдычная экспэртыза. Па выніках будзе прынятае рашэньне, ці заводзіць крымінальную справу», — сказаў Аляксей Клімовіч.

Увечары 23 верасьня стала вядома, што ў выніку падзеньня зь 9-га паверху інтэрнату ў студэнцкім гарадку загінуў студэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту.

Выявілася, што гэта быў студэнт перакладніцкага факультэту Берке Цюлюлер, які паходзіў з Турэччыны. Нябожчык жыў на 13-м паверсе інтэрнату. Паводле студэнткі, якая жыве ў тым жа інтэрнаце, у турэцкага студэнта ў дзень гібелі «з кімсьці» адбыўся канфлікт. Таксама вядома, што ў дзень здарэньня загінулы студэнт адсутнічаў на занятках.

XS
SM
MD
LG