Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У канцы студзеня мы дазналіся пра затрыманьне ў Расеі стваральніка сайту «1863х» «Джона Сільвэра». У красавіку мы ўведалі сапраўднае імя – Эдуард Пальчыс.

Уведалі з расейскага шавіністычнага рэсурсу, а не ад сваякоў, сяброў ці праваабаронцаў. Відаць таму, што яны ня мелі дазволу ад самога Пальчыса, альбо таму, што лічылі – ня варта (на той момант) разьдзімаць справу. Тым больш, пакуль Пальчыс быў на тэрыторыі Расеі ў падвешаным стане: экстрадуюць – не экстрадуюць. Магчыма.

Па вяртаньні Эдуарда ў Беларусь – у СІЗА – у інфармацыйнай прасторы былі чутныя галасы, маўляў, навошта Лукашэнку чарговы палітзьняволены, калі ён павыпускаў папярэдніх? Апанэнты парыравалі, маўляў, а хто сказаў, што «Джон Сільвэр» зацікавіць грамадзкасьць і будзе прызнаны палітычным? «Распальваньне міжэтнічнай варажэчы», «парнаграфія», нікому невядомы чалавек, якога жыўцом на публіцы ніхто ня бачыў.

Так, цяпер відавочна, што таямнічасьць спрацавала не на карысьць Эдуарда. Якія б ні былі рэзоны стваральніка сайту «1863х», нават калі ён выехаў ва Ўкраіну і быў у адноснай бясьпецы, аб'ектыўныя ці суб'ектыўныя, – цяпер усё зьмянілася.

Эдуард Пальчыс працягнуў руку дапамогі фактам публікацыі свайго ліста: «Я не магу прызнаць віну, бо праўда на маім баку. Праўда вялізнага маштабу, пра якую трэба знаць як мага большай колькасьці (людзей)».

Прыведзены па спасылцы ліст – адказ уладам на прапанову прызнаць сваю віну.

Выразны сыгнал грамадзтву: «Я не пэрсанаж “Джон Сільвэр”, я грамадзянін, чалавек Эдуард Пальчыс». Знак на тое, каб сытуацыі пачалі даваць ацэнку арганізацыі і лідэры меркаваньняў.

Не абстрактны «Джон Сільвэр», у існаваньні якога як асобы многія сумняваліся, а канкрэтны чалавек, якога перасьледуюць па надуманых зьвінавачаньнях. І які рабіў важную для нас усіх справу. А менавіта.

Пакуль многія ў Беларусі баяцца дражніць «рускі мір», «каб ён нас не прыдушыў», Эдуард Пальчыс выкрываў у папулярным стылі пагрозу, якая навісла над Беларусьсю з боку Расеі. Пагрозу ў той ці іншай форме паглынаньня. І ўласным прыкладам дэманстраваў, як можна супрацьстаяць пагрозе ў інфармацыйным полі.

Пакуль Эдуард Пальчыс за кратамі, Джон Сільвэр вярнуўся ў інфармацыйнае жыцьцё. Гэта новы Джон Сільвэр. Цяпер мы ўсе – Джон Сільвэр. Усе, хто разумее, што, хто і як можа і мусіць працаваць на інфармацыйную абарону Рэспублікі Беларусь.

Сёньня перад намі ў абароне Беларусі ёсьць канкрэтная задача – дапамагчы Эдуарду Пальчысу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG