Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэлевізары навіна: Лукашэнка сустрэўся са Стывэнам Сыгалам. Празь нейкі час наступная навіна: Лукашэнка сустрэнецца з Джэкі Чанам.

Тое, што такія сустрэчы час ад часу адбываюцца, нічога дзіўнага зь сябе не ўяўляе, памятаеце Эміра Кустурыцу, Арнэлу Муці, Жэрара Дэпард’ё?

Кожнаму майстру свой час. Кустурыцу запрашалі, калі трэба было атрымаць маральную падтрымку ў змаганьні з Захадам.

Муці – калі трэба было прадэманстраваць сябе ўнутры краіны.

Дэпард’ё – калі трэба было паказаць, што мы ня горш за расейцаў.

Цяпер пайшла чарада сустрэч з героямі баевікоў, крутымі дзецюкамі, майстрамі адзінаборстваў. Герояў для падобных дзеяў выбірае час. А час зьмяніўся, час стаў неспакойны.

Час інфармацыйных і гібрыдных войнаў.

У нас, вядома, ня так, як ва Ўкраіне. Але й там усё пачыналася не адразу. Спачатку, як і мае быць, было слова. Са слова пачынаецца і ў нас. То бок ўжо пачалося. Даўно.

Калі беларускія дзеці акучваюцца расейскімі нацыстамі, заўважу не нацыяналістамі, менавіта нацыстамі. Калі Расейская праваслаўная царква гэтаму спрыяе. Калі адпаведныя расейскія, а то й зарэгістраваныя ў Беларусі мэдыйныя рэсурсы, кожны факт беларускага боку, скіраваны на ўмацаваньне сувэрэнітэту, інтэрпрэтуюць як факт агрэсіўны ў дачыненьні да Расеі, іначай як вайной інфармацыйнай гэта не назавеш.

Лукашэнка ня хоча так, як ва Ўкраіне. Таму ціхай сапай ствараюцца войскі тэрытарыяльнай абароны, выходзіць указ №433 аб усталяваньні рэжыму памежнай зоны на мяжы з Расіяй. Грамадзтву паказваюць крутых кінагерояў, бо хутка магчыма баявік прыйдзецца глядзець не ў кінатэатры і людзей да гэтага паступова рыхтуюць.

Імідж – складовая частка інфармацыйных войнаў і палітычнае дзейнасьці ўвогуле.

Неабходнае адхіленьне ад тэмы.

Мяне цешаць сустрэчы й фотасэсіі лідэраў беларускіх апазыцыйных партый з Мэркель, Аляндам ці Шульцам. Толькі просіцца пытаньнечка: каго вы хочаце спакусіць гэтымі сустрэчамі й фотасэсіямі, беларускі народ? Калі б, напрыклад, Анатоль Лябедзька сустрэўся з Гаем Рычы, выпіў бы зь ім у бары віскі ды паказаў яму ўчорашняе відэа абрабаваньня лямбарду ў Менску, эпізод нібыта спэцыяльна выпісаны з фільму «Карты, грошы, два ствалы», ды разам бы яны гукнулі – Жыве Беларусь! Плёну было б значна болей, чым ад сустрэчаў з эўразьвязаўскімі чыноўнікамі.

Да таго ж дарожка пракладзеная, варта толькі згадаць дзейнасьць у гэтым пляне «Свабоднага тэатру».

А так, толькі адным сваім адбіраньнем крэсла ў Пуціна пад час менскіх перамоваў па Ўкраіне, Лукашэнка закрэсьліў увесь іміджавы плён ад эўрапейскіх фотасэсій і сустрэч апазыцыі на гады наперад.

Ёсьць вынік ад працы праўладных іміджмэйкераў. Вынік пераканаўчы.

Але вернемся да Чана й Сыгала.

У прынцыпе такі крок беларускай адміністрацыі, як сустрэчы з кінагероямі баевікоў, рэч слушная, карысная й своечасовая.

Толькі выбар пэрсанажаў, як заўважыў нехта ў сваім камэнтары ў фэйсбуку, трошкі недасканалы. Абодва гэтыя акторы: што Чан, што Сыгал, ня здолелі зрабіцца імёнамі назыўнымі, унівэрсальнымі, пераскочыць праз свой час.

Да кагорты гэтай можна дадаць якога Ван Дама, Чака Норыса ці нават Сыльвэстра Сталонэ, сытуацыя мяняцца ня будзе. Гэта, так бы мовіць, хто большы, хто меншы, лякальныя крутыя дзецюкі. Сустрэчамі зь імі можна падагрэць іміджавы градус унутры краіны, але ўразіць грамадзтва ці апанэнтаў у іміджавай вайне зь «вялікім братам» цяжка. Трэба пэрсанаж у гэтым жанры number one, які перасягнуў праз часавыя межы й зрабіўся для ўсіх абсалютным аўтарытэтам, увасобіўшы сабой магутнасьць, несакрушальнасьць і перамогу.

На сёньня такі кінагерой толькі адзін – Шварцэнэгер.

Пагадзіцеся, ніякі Тэхаскі рэйнджэр, Кароль клеткі ці нават Рокі Бальбоа, не параўнаюцца з Тэрмінатарам па ступені сваёй вобразнай магутнасьці й сыстэмнасьці, таму што усе трое герояў проста людзі, а Тэрмінатар – звышчалавек.

Дарэчы, далейшая кар’ера гэта пацьвердзіла, з усіх гэтых актораў-вобразаў адно Шварцэнэгер сягнуў далей за кінематограф, зрабіўшы крок у вялікую палітыку і стаўшы губэрнатарам Каліфорніі.

Калі разглядаць сустрэчы з Чанам ды Сыгалам, як спробу паступовага наладжваньне нармальных стасункаў са Злучанымі Штатамі, то сустрэча са Шварцам будзе азначаць толькі адно – стасункі наладжаныя і гэты факт трэба ўсьвядоміць усім. Бо хто пераможа Тэрмінатара?

Так што, чакаем Шварца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG