Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індзейцы і рыцары на Дажынках. Мсьціслаў сустрэў фэст працаўнікоў сяла


Адзін з удзельнікаў Дажынак. Не ўсьміхнецца

Адзін з удзельнікаў Дажынак. Не ўсьміхнецца

Рыцарскімі баямі, наданьнем цэнтральнай плошчы імя Пятра Мсьціслаўца, вяртаньнем гістарычных назваў дзьвюм вуліцам, падрамантаванымі старымі будынкамі — адзначыліся сёлетнія абласныя Дажынкі ў Мсьціславе. Фэст працаўнікоў сяла распачаўся 24 верасьня.

Дажынкі добра, а каб яшчэ заробак да іх быў

«Сьвята было б сьвятам, як далі б заробак большы», — гэтак пра «Дажынкі» казалі жыхары Мсьціслава, зь якімі ўдалося пагутарыць на прыхарошаных яго вуліцах. Многія згадвалі, што з заробкаў вылічвалі грошы на падрыхтоўку райцэнтру да фэсту. Людзям гэта не падабалася, але падзецца, як яны казалі, ім не было куды.

Пётар Мсьціславец — нямы сьведка сёлетніх Дажынак

Пётар Мсьціславец — нямы сьведка сёлетніх Дажынак

«Горад стаў значна сымпатычнейшы, бо ў яго ўвалілі дужа шмат грошай», — казаў адзін зь мінакоў.

«Ёсьць, аднак, сярод гараджан нямала праціўнікаў падыходу, які выкарыстоўвалі ўлады, як рыхтавалі Мсьціслаў да фэсту. Людзі лічаць, што не туды пайшлі грошы, куды трэба было іх укладаць, — гаварыў суразмоўца, — Можна было якія прадпрыемствы паспрабаваць аднавіць, а ня зносіць дамы ў навакольлі і потым упарадкоўваць тыя мясьціны. Дужа шмат грошы пайшло на гэтую прыгажосьць».

Індзейцы на Дажынках

Індзейцы на Дажынках

Дэлегацыі, якія ехалі на фэст, віталіся вучні вясковых школ. Дзятва стаяла ў палях ля саламяных фігур.

«Жніво адбылося ў сьціслыя тэрміны зь мінімальнымі затратамі»

Прыежджаму ў Мсьціслаў кідалася ў вочы гарадзкая ўпарадкаванасьць. Цэнтральная плошча, якой далі імя Пятра Мсьціслаўца, зьмянілася непазнавальна. Падчас яе рамонту будаўнікі натыкнуліся на старыя скляпеньні і іх хутка засыпалі. Цяпер на месцы гандлёвых радоў стаянка.

Ня ўсім хапіла запрашэньняў на фэстывальную пляцоўку

Ня ўсім хапіла запрашэньняў на фэстывальную пляцоўку

На плошчы Пятра Мсьціслаўца адкрывалі рыцарскі фэст і самі «Дажынкі». Ад фэстывальнай пляцоўкі постаць друкара на помніку была павернутая сьпіною.

«Дзякуючы ўсім галінам народнай гаспадаркі сабраны добры ўраджай зерневых і зернебабовых культур. Іх намалот склаў 1 мільён 703 тысячы тон. Уборка хлеба адбылася ў сьціслыя тэрміны зь мінімальнымі стратамі», — рапартаваў адзін зь пераможцаў сёлетняга жніва старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімеру Даманеўскаму.

Выступае Даманеўскі

Выступае Даманеўскі

Чыноўнік у сваёй прамове падзякаваў сялянам і гараджанам, якія дапамагалі са жнівом. Ён адзначыў, што яно сёлета было «сапраўды народным».

«Сымбалічна, што ў год культуры мы праводзім фэстываль менавіта ў Мсьціславе. У горадзе з найбагацейшым гістарычным мінулым, — прамаўляў кіраўнік вобласьці. — У горадзе, які нездарма называюць адным з найважнейшых цэнтраў беларускай сьвятасьці духоўнай культуры і дзяржаўнасьці. Варта згадаць, што заснавальнік гораду, князь Расьціслаў Мсьціслававіч, далучаны праваслаўнай царквой да сьвятых...».

Каталіцкія сьвятыні ў заняпадзе. Праваслаўныя зіхацяць

Пірагоўская — адна з вуліц, якой вярнулі гістарычную назву. Яе зрабілі пешаходнай. Вярнулі мсьціслаўскай тапаніміцы і вуліцу Кармэлітаўскую. Вядзе яна ад гарадзкога цэнтру да касьцёлу Кармелітаў, які глядзіць на Замкавую гару.

Фэстывальная пляцоўка

Фэстывальная пляцоўка

Пірагоўская выводзіць да будынка былога езуіцкага касьцёлу. Яго выгляд гаротны. Непадалёк ад каталіцкай сьвятыні царква Аляксандра Неўскага зіхаціць сваімі купаламі.

Наагул у Мсьціславе кантраст між станам мясцовых каталіцкіх і праваслаўных сьвятыняў заўважны.

Сьвята-Траецкая царква

Сьвята-Траецкая царква

Будынак езуіцкага касьцёлу

Будынак езуіцкага касьцёлу

Кармэліцкі касьцёл, да прыкладу, толькі звонку пабялілі, а заняпалы будынак Сьвята-Траецкай царквы аднавілі і асьвяцілі.

Аўральныя Дажынкі з рамонтам, але без рэстаўрацыі

«Зроблены рамонт (пра рэстаўрацыю пакуль складана гаварыць у поўным аб’ёме), безумоўна, плюс Мсьціславу», — выказаў сваё бачаньне пэрспэктываў для ўсходнебеларускага гораду гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

Гэты стары будынак не пасьпелі адрамантаваць

Гэты стары будынак не пасьпелі адрамантаваць

«Цяпер трэба дамагацца для Мсьціслава статусу нацыянальнага запаведніка, каб быў для горада радок бюджэту і нармальнае фінансаваньне. Каб былі стаўкі рэстаўратарам. Гэта магчыма, але для гэтага трэба паўпарціцца», даводзіў гісторык.

Жыхар Мьсціслава рэстаўратар Юры Маліноўскі згаджаецца, што горад пахарашэў. Ён адзначае добры рамонт ходнікаў, праезнай часткі, а таксама ўстаноўку паркавых скульптур.

Плошча імя Пятра Мсьціслаўца

Плошча імя Пятра Мсьціслаўца

"Вы ж паглядзіце, патынкованыя фасады старых дамоў, якія дзесяцігодзьдзямі стаялі нават непафарбаванымі. Можа гэтыя будынкі і ўвядуць у гаспадарчы абарот. Будзем спадзявацца на гэта. Раней жа яны стаялі проста з забітымі вокнамі ды яшчэ ў цэнтры гораду«— казаў суразмоўца.

«Вядома ж хацелася б лепшага мэнэджмэнту. Каб горад не рыхтаваўся ў аўральным рэжыме, а каб загадзя былі падрыхтаваныя праекты, — дадаў ён. — Гэты хіб у адрамантаваных дамах выявіцца. Вядома ж будуць праблемы».

У Мсьціславе Аляксандар Лукашэнка быў, але на магніціках

У Мсьціславе Аляксандар Лукашэнка быў, але на магніціках

Згадалі суразмоўцы і глябальную для Беларусі праблему: зьнішчаную прафэсійную рэстаўрацыю.

Шыльду з новай назвай цэнтральнай плошчы Мсьціслава адкрылі ўрачыста. Таблічак жа на якіх было б напісана Пірагоўская і Кармелітаўская адшукаць не ўдалося

Рыцары на Дажынках. Вуліца Кармэліцкая

Рыцары на Дажынках. Вуліца Кармэліцкая

Юры Маліноўскі спадзяецца, што ў будучым у Мсьціславе вуліц, якім вернуць гістарычныя назвы паболее. «Ня варта чакаць, каб адразу пераназвалі ўсе вуліцы, — кажа ён. — Галоўнае было зрушыць гэты працэс. Яго зрушылі. Цяпер галоўнае не спыняцца».

«Мсьціслаў непаўторны, як расейскі Суздаль»

Тым часам з дынамікаў неслася, што Мсьціслаў непаўторны ды гасьцінны. На Дажынкі прыехалі дэлегацыі з Магілёўшчыны і суседніх абласьцей Расеі.

Студня беларускасьці

Студня беларускасьці

Гасьцям і жыхарам гораду нагадвалі, што ў ім у розныя часы нарадзіліся друкар Пётар Мсьціславец, фальклярыст Іван Насовіч ды кампазытар Мікалай Чуркін.

Старшыня абласнога савету дэпутатаў Анатоль Ісачанка параўнаў Мсьціслаў з расейскім Суздалем. Мсьціслаў, даводзіў ён, адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, якому ўдалося захаваць сваё аблічча і спрадвечны воблік.

Прадстаўнікі ўлады

Прадстаўнікі ўлады

«Пра гісторыю і помнікі Мсьціслава ня трэба шмат казаць. Сюды трэба прыехаць, каб адчуць непаўторную аўру», — казаў Анатоль Ісачанка на ўрачыстасьці ўскладаньня кветак у Алеі славы і высадкі дрэваў у раённым парку, побач зь якім узвышаецца не адрамантаваны будынак Езуіцкага касьцёлу.

Рыцарскі фэст і Дажынкі — няслушнае спалучэньне

Сёлета штогадовы «Рыцарскі фэст» зрабілі часткай Дажынак. Многія заўсёднікі фэсту адзначалі, што спалучэньне двух імпрэзаў ня слушны крок, бо, паводле іх, афіцыйным патасам размываецца дух рыцарства. «Можа гэтак эканомілі сродкі», — выказвалі здагадку рыцары.

На Замкавай гары

На Замкавай гары

Пакуль адкрывалі Дажынкі рыцары на Замкавай гары разьміналіся перад рысталішчам. Замкавая гара зьмянілася. Тут вырас «сярэднявечны дзяцінец» зь вежаю і абарончымі ўмацаваньнямі.

Рыцарскі турнір, як ажылая гісторыя

«Нам падабаецца тое, што зрабілі сёлета на Замкавай гары. Раней яна была нейкай пустой, не забудаванай. Цяпер жа выглядае як у кніжцы па гісторыі», — выказваліся аматары старажытнай рэканструкцыі.

Беларускія рыцары

Беларускія рыцары

На Замкавую гару пабачыць сучасных рыцараў і іх баю наведаліся дэлегацыі школьнікаў.

«Ёсьць школьныя прадметы „Гісторыя Беларусі“, „Беларуская літаратура“ па ім мы праходзім тэмы, зьвязаныя з рыцарствам. Сярэднявечча мы бачым толькі на малюнках, а тут мы бачым людзей, якія жывуць рыцарствам», — казала журналісту настаўніца з Бабруйска.

Фрагмэнт рыцарскіх турніраў

Фрагмэнт рыцарскіх турніраў

«Я прывезла сюды сваіх вучняў, каб яны пабачылі, як выглядаюць рыцары. Дзецям гэта падабаецца, — дадала яна. — Гісторыю краю трэба вывучаць ня толькі па падручнікам, але і па такім турнірам. Дзеці дакранаюцца на гісторыі і яе яны павінны ведаць».

Міліцыя, турнікету і мэталашукальнікі — будзённасьць беларускіх сьвятаў

Паводле беларускай завядзёнкі, праход на імпрэзы Дажынак адбываўся праз мэталашукальнікі. Было шмат міліцыі. Пляцоўка, на якой праходзіла адкрыцьцё Дажынак, была агароджаная турнікетамі. Прыходзілі на яе толькі тыя, у каго былі запрашэньні. Многія хто хацеў пабачыць імпрэзу пабачыўшы турнікеты сыходзілі з плошчы імя Пятра Мсьціслаўца.

Да вобшуку трэба рыхтаваць з дзяцінства

Да вобшуку трэба рыхтаваць з дзяцінства

На фэстывальным кірмашы прадавалі сувэніры. Сярод іх былі і магніцікі з Аляксандрам Лукашэнкам. Выступалі музычныя калектывы раённых дамоў культуры. Завітаў у Мсьціслаў і гурт, які выконваў індзейскія песьні. Сваёй экзатычнасьцю вакол сябе ён сабраў немалую грамаду гледачоў. Тым часам выступы беларускіх музыкаў асаблівай папулярнасьцю не вылучаліся.

ляцоўка зь беларускімі вырабамі ткацтва была ня дужа папулярная на Дажынках

ляцоўка зь беларускімі вырабамі ткацтва была ня дужа папулярная на Дажынках

XS
SM
MD
LG