Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дамовіліся пра адвод войскаў і зброі на Данбасе. Ці вернецца мір ва Ўкраіну?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Валер Каліноўскі: На гэтым тыдні ў Менску на складаных перамовах па ўрэгуляваньні ў Данбасе ўпершыню за доўгі час дасягнулі прагрэсу — пасьля трох месяцаў дыскусіяў дамовіліся адвесьці зброю і вайскоўцаў, сілы і сродкі паражэньня ўглыб ад лініі разьмежаваньня па 1 кілямэтру з кожнага боку. Але толькі на трох участках — Залатое, Пятроўскае і Станіца Луганская, агулам 6 кілямэтраў лініі фронту з 426. 420 кілямэтраў застаецца. На адвод войскаў даецца месяц. Прытым на гэтых участках і так было досыць спакойна, а вось пра найбольш гарачыя пункты бакі не дамовіліся. Тым ня меней, гэта прэцэдэнт — упершыню за два зь лішкам гады расейска-ўкраінскай вайны на Данбасе бакі дамовіліся адвесьці войскі. Пры гэтым раней дамаўляліся адвесьці ўглыб ад фронту цяжкую зброю, а з 1 верасьня зноў дамовіліся захоўваць рэжым цішыні. Цалкам гэты рэжым цішыні не захоўваецца, але ўсё ж страляць сталі меней.

Чарговае замірэньне на Данбасе спараджае надзею на спыненьне агню і ўсталяваньне хоць кволага, але міру ў рэгіёне. І не таму, што зьявілася нейкая надзея на тое, што расейскае кіраўніцтва і асабіста Пуцін нарэшце ўцямілі, у якую авантуру ўцягнулі сваю краіну, і шукаюць шляхі да замірэньня.

Найлепшая амэрыканская зброя, а зь ёй, натуральна, амэрыканскія вайскоўцы, якія прыбудуць ва Ўкраіну яе абслугоўваць, — добры сыгнал для Пуціна, што настаў час вызваляць акупаваныя тэрыторыі

На гэтым тыдні Кангрэс ЗША прагаласаваў за перадачу Ўкраіне летальнай зброі. Вайсковае супрацьстаяньне пагражае перарасьці ў новую якасьць, і перавага тут ужо будзе не на баку расейцаў. Найлепшая амэрыканская зброя, а зь ёй, натуральна, амэрыканскія вайскоўцы, якія прыбудуць ва Ўкраіну яе абслугоўваць, — добры сыгнал для Пуціна, што настаў час вызваляць акупаваныя тэрыторыі. Можна спадзявацца, што першыя кілямэтры, вольныя ад расейскіх вайскоўцаў і зброі, пашырацца хутка і на ўсе акупаваныя тэрыторыі. Аднак якая ваша думка, калегі, — ці наблізяць мір ва Ўкраіне апошнія менскія дамовы?

Глод: Я асьцярожна скажу, што, здаецца, на даляглядзе замаячыла пэрспэктыва заканчэньня вайны, баявых дзеяньняў. Але нават гэта, як мне падаецца, не прынясе міру ва Ўкраіну. Так, выбухі і стрэлы можна спыніць. Але гэта не азначае, што Расея адмовіцца ад сваіх намераў уплываць на Ўкраіну. Камандзе Пуціна выгадна, каб ва Ўкраіне працягваўся фінансавы крызіс, хаос і нестабільная палітычная сытуацыя.

настрой людзей на акупаваных тэрыторыях, як сьведчаць журналісты розных мэдыяў, пачынае зьмяняцца

І ўсё ж гэты варыянт значна лепшы за тое, што мела месца ў Дэбальцаве або ў данецкім аэрапорце. Дый настрой людзей на акупаваных тэрыторыях, як сьведчаць журналісты розных мэдыяў, пачынае зьмяняцца. Нельга сказаць, што жыхары самаабвешчаных ДНР і ЛНР раптам моцна палюбілі Ўкраіну. Але ўсё больш і больш людзей на гэтых тэрыторыях разумеюць і ўжо ўголас кажуць, што адчуваюць сябе падманутымі Расеяй, якая паабяцала ім шмат чаго, а пасьля кінула.

Таму замірэньне на Данбасе спараджае надзею на кволы мір у рэгіёне. І тут я згодны з Валерам Каліноўскім, што рашэньне Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі астудзіць некаторыя гарачыя галовы ў Маскве, Данецку, Луганску. Падчас дыскусіі ў амэрыканскім Кангрэсе нездарма ж прагучалі словы пра тое, што Злучаныя Штаты ніколі не прызнаюць гэтыя прэтэнзіі Расеі — гэтаксама як ніколі не прызнавалі савецкага кантролю над краінамі Балтыі на працягу пяцідзесяці гадоў іх акупацыі.

Да таго ж законапраект сыстэматызуе захады з боку Злучаных Штатаў у адказ на агрэсію Расеі супраць Украіны.У ім зафіксавана, што наяўнасьць прагрэсу ў выкананьні Менскіх пагадненьняў — умова зьмякчэньня санкцыяў супраць Расеі. Мяркуецца прыняцьце новых захадаў супраць спробаў абыйсьці санкцыі, а таксама крокаў супраць расейскіх банкаў, якія кантралююць украінскія актывы, у тым ліку — у Крыме.

А для Ўкраіны гэта пэўная надзея. Бо першая вольная ад расейскіх наймітаў і расейскай зброі тэрыторыя — гэта пэўны шанец для ўсёй Украіны. Гэта спадзяваньне на тое, што гэтая прастора будзе пашырацца.

І ўсё ж адчуваньні небясьпекі для міру ва Ўкраіне асабіста ў мяне захоўваюцца. Баюся, што Крэмль можа ў любы момант зрабіць нешта нечаканае. І тады праблемы для Ўкраіны могуць пачацца зноў — у любы час і ў любым выглядзе.

Карбалевіч: "Найперш варта адзначыць вельмі абмежаваную тэрыторыю, адносна якой бакі дамовіліся адвесьці войскі.

Па-другое — ці будзе выконвацца гэтае пагадненьне?

Па-трэцяе, бакі ўжо па-рознаму камэнтуюць, пра што ж яны дамовіліся ў пытаньні абмену палоннымі.

Наконт паставак ЗША лятальнай зброі Ўкраіне ўсё няпэўна. Па-першае, рашэньне пакуль прынятае толькі ніжняй палатай Кангрэсу — Палатай прадстаўнікоў. Яшчэ трэба рашэньне верхняй палаты — Сэнату

Наконт паставак ЗША лятальнай зброі Ўкраіне ўсё няпэўна. Па-першае, рашэньне пакуль прынятае толькі ніжняй палатай Кангрэсу — Палатай прадстаўнікоў. Яшчэ трэба рашэньне верхняй палаты — Сэнату.

Па-другое, патрэбны подпіс прэзыдэнта пад законапраектам. Вядома, што Барак Абама супраць такога рашэньня. Шмат што будзе залежаць ад вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. Канчатковае рашэньне будзе прымаць новы амэрыканскі прэзыдэнт.

Зь іншага боку, заявы віцэ-прэзыдэнта ЗША Байдэна, што пяць краін ЭЗ выступаюць за скасаваньне санкцыяў супраць Расеі, экспэрты расцанілі як ціск ЗША на Ўкраіну. Ціск ня толькі ў кірунку рэфармаваньня эканамічнай і палітычнай сыстэмы Ўкраіны, але і ў пытаньні выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў. Захад лічыць, што гэтыя пагадненьні не выконвае ня толькі Расея, але і Ўкраіна. Патрэбныя зьмены ва ўкраінскім заканадаўстве што да новага статусу двух сэпаратысцкіх рэгіёнаў.

XS
SM
MD
LG